Вучымся быць уладарамі слоў

Слова — гэта сродак зносін, абмену інфармацыяй, інструмент уздзеяння на свядомасць, пачуцці, волю і ўчынкі іншых людзей. Уменне валодаць словам, доказна выказваць свае думкі заўсёды вельмі высока цанілася. 

Маўленчыя навыкі і прыёмы — гэта ўменне публічна выступаць, весці гутарку на розныя тэмы (спецыяльныя і бытавыя), удзельнічаць у дыскусіях, дыспутах і спрэчках, правільна і ка­рэктна задаваць пытанні і ўпэўнена ўключацца ў размову, правільна і дакладна перадаваць думкі ў вуснай і пісьмовай форме. Няма такой прафесіі, дзе не спатрэбілася б майстэрскае валоданне словам. А ў некаторых сферах чалавечай дзейнасці яно становіцца проста неабходным, з’яўляецца абавязковай умовай эфектыўнай працы. 

Развіццё сучаснага грамад­ства патрабуе ад моладзі навыкаў публічнага выступлення як складніку паспяховасці ў жыцці. Як дасяг­нуць мэты, пастаўленай аратарам? Як заваяваць аўдыторыю, прыцягнуць яе на свой бок? У чым сакрэты пераканаўчага вуснага публічнага выступлення? Якія спосабы пераканання найбольш эфектыўныя? Адказаць на гэтыя пытанні дапамагае аратарскае майстэрства.

Аўтарытэт гэтай навукі прыйшоў да нас са старажытнасці, калі яе ўплыў на жыццё грамадства быў настолькі вялікі, што прамоўніцтва называлі майстэрствам кіраваць розумамі (Платон) і ставілі ў адзін рад з майстэрствам палкаводца, эпасам і музыкай. Тады ж нара­дзілася і іншая назва гэтай навукі — “рыторыка”.

Яе практычнае значэнне ў тым, што яна забяспечвае валоданне комплексам ведаў, навыкаў, уменняў, звычак і асабістага вопыту па падрыхтоўцы і вядзенні прамовы з мэтай найбольш эфектыўнага выказвання думак, пачуццяў, волі і аказання жаданага ўздзеяння на аўдыторыю. Над гэтым павінен працаваць настаўнік на ўроках мовы і літаратуры.

Вядомы спецыяліст па аратарскім майстэрстве Д.Карнегі вы­значыў 4 ключавыя правілы рыторыкі. Першае: трэба пачынаць гаворку з моцным імкненнем дасягнуць сваёй мэты. Другое: заўсёды рыхтавацца да выступлення. Трэцяе: трэба быць упэўненым, нават калі адчуваеш сябе няўпэўнена. Чацвёртае: больш практыкавацца. Гэтыя правілы — аснова любога добрага выступлення.

Найважнейшым пыта­ннем рыторыкі з часоў антычнасці з’яўляецца вывучэнне структуры рытарычнай дзейнасці, этапаў падрыхтоўкі да публічнага выступлення. Класічная рыторыка лічыла, што прамова складаецца з 3 элементаў: аратара, прадмета, пра які ідзе размова, і асобы, да якой звяртаюцца. Да гэтага можна дадаць прыёмы аратарскага майстэрства, якія структурна арганізуюць мову, надаюць ёй цэласнасць і натуральнасць, служаць для дакладнага сэнсавага і эмацыянальнага паказу.

Эфектыўным выступленне будзе толькі тады, калі думкі ў ім выкладаюцца паслядоўна, лагічна і сістэмна. Прамова, як і іншы від звязнага маўлення, мае кампазіцыю, матываванае зместам і маўленчым намерам размяшчэнне ўсіх частак выступлення і іх мэта­згодныя суадносіны. “Кампазіцыя — гэта логіка развіцця тэмы”, — пісаў савецкі пісьменнік К.Федзін.

У антычнай рыторыцы вылучаліся 6 найважнейшых частак прамовы, якія вызначалі яе лінейную структуру: уводзіны (пахвала аўтарытэту); экспазіцыя (прапанова або тэарэма, тлумачэнне тэмы); аповед (выкладанне, прычыны для доказу); пацвярджэнне (пазітыўны доказ); абвяржэнне (крытыка пункту гледжання апанента); заключэнне (рэзюмэ). Пазней была выпрацавана больш універсальная кампазіцыйная схема, у аснове якой — трохчасткавы падзел маўленчага цэлага на ўводзіны, асноўную частку і заключэнне. Гэтая структура можа быць разгорнутай, калі ў выступленні вылучаюць 5 частак: зачын, уступ, галоўную частку, заключэнне і канцоўку. Пры размяшчэнні частак прамовы ў строгім парадку рыторыка раіла памятаць пра яе асноўныя функцыі: пераканаць, усхваляваць, схіліць на свой бок.

На сваіх уроках настаўнік павінен вучыць культуры аратарскага выступлення — уменню мысліць уголас публічна, гаварыць, растлумачваць, уплываць на слухача. Правільнасць публічнага выступлення — гэта адпаведнасць яго структуры дзеючым моўным нормам. Літаратурная норма замацавана ў нарматыўных граматычных энцыклапедыях, слоўніках і даведніках. Правілы выкарыстання моўных сродкаў устанаўліваюцца ў галіне граматыкі, словаўжывання, вымаўлення і правапісу, адлюстроўваюць заканамерныя працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў мове, і падтрымліваюцца маўленчай практыкай. Захаванне гэтых норм і правіл дапамагае выконваць асноўную функцыю гаворкі — быць сродкам зносін. Гаварыць проста, зразумела, даходліва — гэта майстэрства. 

У публічным выступленні аратар не павінен выкарыстоўваць занадта складаныя сказы і доўгія словы (гэта можа збіць самога аратара і заблытаць слухачоў), ужы­ваць безасабовыя сказы (яны могуць выклікаць недавер, таму варта як мага больш ужываць асобасныя займеннікі), праяўляць нерашучасць (трэба рабіць больш сцвярджэнняў і трымацца самадастаткова), выкарыстоўваць слэнгавыя выразы, якія могуць не зразумець слухачы (трэба прадумваць кожную прапанову, тэзіс, жарт, знахо­дзіць баланс паміж сцвярджальнымі і пытальнымі сказамі, разбаўляць прамову мяккімі ўстаўкамі кшталту “таксама” і “акрамя іншага”). Рэкамендуецца пазбягаць маўленчых штампаў, канцылярызмаў, памылак у націску і вымаўленні, жарганізмаў, слоў-паразітаў, шматлікіх замежных слоў і састарэлых выразаў.  

Поспех публічнага выступлення залежыць ад культуры мовы, яе багацця, яснасці, дакладнасці, інфармацыйнай насычанасці. Шматслоўе, дэмагогія, таўталогія, фразеалагічныя паўторы, інтанацыйная аднастайнасць — далёка не поўны пералік памылак, якія даволі часта сустракаюцца ў публічных выступленнях сучасных прамоўцаў.

Асобную ўвагу варта звяр­таць на патрабаванні да тэксту. Ён павінен быць правільна структураваным (10—15% часу — уступ, 60—65% — асноўная частка, 20—30% — заключная, выніковая частка; аптымальны тэмп прамовы — 100—120 слоў у мінуту), лагічным (падзеі павінны натуральна выцякаць з прычын, а высновы быць пераканаўчымі), зразумелы слухачам (без шматлікіх спецыфічных тэрмінаў), пісьменным (стылістычная неахайнасць, няправільны націск і іншыя моўныя памылкі могуць моцна сапсаваць уражанне ад выступлення), з мінімумам штампаў і канцылярызмаў, укладвацца ў рэгламент і быць добра ілюстраваным. 

Практыка лепшых аратараў паказвае, што сухое дзелавое выступленне, якое зводзіцца да перадачы адной інфармацыі, як правіла, застаецца без увагі і нярэдка выклікае нуду і нават раздражненне. Таму прамоўцы неабходна авалодаць прыёмамі стылістычнага сінтаксісу, якія дапамогуць дасягнуць экспрэсіўнасці і эмацыянальнасці.

Гаворчы пра культуру прамоўніцкага майстэрства і яе разнастайнасць, нельга не звярнуць увагу на крылатыя словы, прыказкі і прымаўкі. Важна, каб яны былі нечакана, але да месца сказаны. 

Паколькі ў напісанні публічных выступленняў, водгукаў і вусных выказванняў узнікаюць цяжкасці, вучні пад маім кіраўніцтвам склалі электронны дапаможнік у выглядзе табліц з паметкамі больш эфектыўных прыёмаў ужывання. Дапаможнік знаёміць чытачоў з навуковымі паняццямі “рыторыка”, “красамоўства”, “аратар”, “аратарскае майстэрства”, прапануе старшакласнікам тэарэтычны і практычны матэрыял па тэме “Прыёмы аратарскага майстэрства пры падрыхтоўцы да публічнага выступлення”, які дапаможа самастойна і дасканала падрыхтавацца да публічных выступленняў, алімпіяд, вусных і пісьмовых выказванняў па прадметах гуманітарнага цыкла. 

Электронны дапаможнік даз­валяе развiваць аратарскія здольнасці, удасканальваць рытарычныя прыёмы публічнага выступлення, адсочваць памылкі, дапушчаныя ў маўленні, і паўторна адпрацоўваць іх з дапамогай матэрыялу, размешчанага ў табліцах. 

Святлана МАХАХЕЙ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Баранавіч.