Вучымся чытаць са складовай табліцай

- 14:16Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Ідэя ўкаранення новых падыходаў да навучання з’явілася ў мяне пасля двухтыднёвых курсаў па развіццёвай тэхналогіі М.А.Зайцава. Мэта развіццёвага навучання — даць дзецям шырокую карціну свету, навучыць самастойна здабываць веды, выкарыстоўваць іх на практыцы, не баяцца памыліцца, знаходзіць шляхі вырашэння праблем. Важна цалкам адысці ад стэрэатыпаў традыцыйнай сістэмы, што даволі складана. Настаўнік у гэтым працэсе выступае ў ролі каардынатара, дарадцы.

Вывучыўшы тэорыю, я вырашыла рэалізаваць яе на практыцы. Падрыхтоўка да кожнага ўрока патрабавала нестандартнага падыходу, ломкі стэрэатыпаў, смеласці. Я зразумела, што галоўным стымулам навучання становіцца не адзнака, не заахвочванне і пакаранне, не канкурэнцыя, а сам працэс пазнання новага. Атмасфера цёплых, сяброўскіх, даверлівых узаемаадносін станоўча ўплывае на здароўе дзяцей, настаўніка і бацькоў. Дарослыя павінны накіраваць увагу дзіцяці на тое, што яно само пакуль не можа ўбачыць; павінны імкнуцца, каб гэтыя адкрыцці дзіця рабіла разам з імі, а не проста атрымлівала веды ў гатовым выглядзе. Усе гэтыя працэсы маюць пацверджанне ў маім вопыце.
Першага верасня настаўнікам праводзіцца адкрыты ўрок-азнаямленне з дапаможнікамі Зайцава. На ім прысутнічаюць бацькі. Гэта дапамагае ўвайсці ў методыку, зацікаўлівае дзяцей: кубікі можна памацаць, пачуць гучанне, параўнаць па колеры і памеры. Дзеці задаюць пытанні, разумовая дзейнасць актывізуецца. У сваю чаргу і бацькі разнявольваюцца, разбіраюцца самі і дапамагаюць дзецям выконваць гульнявыя практыкаванні. Настаўнік — вядучы, бацькі — памочнікі, вучні — гледачы і ўдзельнікі. Усе разам з настаўнікам спяваюць вертыкальныя слупкі складовай табліцы.
Наступны этап — друкаванне і прагаворванне ўслых: “Добры дзень! Мяне завуць Іна Восіпаўна”. Кожны вучань па чарзе з дапамогай настаўніка друкуе сваё імя, потым піша яго на лістку з дапамогай бацькоў. Вучні на ўроку актыўныя, чакаюць наступных заданняў, каб паказаць сябе. Добразычлівасць і спакойны тон умацоўваюць веру ў свае сілы.
Праблемай сучаснай школы з’яўляецца страта цікавасці да вучобы. Задача педагога ў тым, каб не дапускаць гэтага, знаходзіць шляхі і метады падтрымання ў вучняў імкнення вучыцца. У гэтым вялікую ролю адыгрывае методыка М.А.Зайцава. Псіхолагамі даказана, што ўласнае імя чалавека — гэта знак персоны, магчымасць зносін у грамадстве. Таму для кожнага дзіцяці імя — вельмі важнае паняцце. Для ўстанаўлення эмацыянальнай сувязі паміж настаўнікам і вучнем, паміж аднакласнікамі прапануюцца наступныя віды работы: складанне імёнаў на кубіках; напісанне імёнаў дзяцей і членаў сям’і, імёнаў сяброў па табліцы; друкаванне імёнаў на лістах паперы. На першым уроку ў пачатку года кожнае дзіця з дапамогай настаўніка прадрукавала сваё імя ўказкай па складовай табліцы. На наступных уроках праводзіцца гульня з кубікамі “Як цябе завуць?”. Напрыклад, Каця. Усяго два кубікі: КА-ЦЯ. Затым кубікі пераварочваюцца-перастаўляюцца, зноў выстаўляюцца (КА-ЦЯ). Зноў кубікі пераварочваюцца-перастаўляюцца. Прапануецца дзяўчынцы самой паставіць кубікі правільна. Запомніць, які кубік узяць спачатку, які — потым, дзе верх, дзе ніз літар, запомніць свае кубікі, а на іх — свае склады. Вучыцца складаць і прачытваць слова злева направа не вельмі проста, але з аднаго-двух-трох вясёлых, непрацяглых заняткаў Каця навучыцца складаць сваё імя, потым знаходзіць свае квадрацікі ў табліцы, вышукваць свае кубікі сярод іншых. Аналагічная работа праводзіцца з усімі дзецьмі класа. Дзеці адчуваюць увагу настаўніка да кожнага, разумеюць важнасць сваёй асобы, жаданне апраўдаць давер дапамагае ў засваенні навыку чытання.
Важным аспектам у выхаванні дзіцяці як асобы з’яўляецца выхаванне паважлівага стаўлення да старэйшых. Дзеці павінны ведаць сваіх сваякоў, іх імёны — у гэтым дапамагае гульня “Цягнік”. Паставілі паравозік, за ім — вагончыкі з кубікаў. Запытацца, хто ў гэтым вагончыку паедзе? (ВА-НЯ). А маму возьмем? (МА-МА). У наступным — ТА-ТА, потым СА-БА-КА, сябар ТО-ЛЯ, ДЗЯ-ДУ-ЛЯ і г.д. І вось цягнік адпраўляецца. На прыпынку ўсе ідуць гуляць. У гэты час вагончыкі перастаўляюцца. Як цяпер даведацца, хто дзе едзе? І зноў заданне: “Дзе едзе мама? Хто ў гэтым вагоне?” Калі дзеці толькі прыходзяць у школу і не ўмеюць яшчэ чытаць, то настаўнік як мага часцей “друкуе” па табліцы, адначасова паказваючы і прачытваючы словы. Дапамагчы могуць і дзеці, якія чытаюць. Паступова здзяйсняецца пераход да такога віду работы, як дыктант з указкай. Галоўнае ў гэтым відзе работы вось у чым: зрабіць напісанне — ператварэнне гукаў у знакі — зразумелым і лёгкім яшчэ задоўга да таго, як памацнее рука дзіцяці. Настаўнік хоча, каб пры напісанні ў сшытку дзіця сустракалася толькі з маторна-мускульнымі цяжкасцямі. Тэкст, які чытае настаўнік, навучэнцы пішуць указкай па табліцы, абавязкова называючы склады і знакі прыпынку. Памыліўся — аддай указку, жадаючых шмат. Адзін піша, іншыя ўважліва назіраюць. Галава паднятая, вочы ўважліва сочаць за перамяшчэннем указкі, ніхто не горбіцца, кожны гатовы прыйсці сябру на дапамогу. Дыктант з выкарыстаннем знакаў прыпынку хутчэй выводзіць дзяцей у асэнсаванае, правільна інтанаванае чытанне, бо знаёміць, прывучае да ўсяго, з чым трэба будзе змагацца ў агучванні тэксту. Але гэта яшчэ і практыкаванне на ўтрыманне ўвагі, а таксама падрыхтоўка мышцаў вачэй да рухаў, неабходных для будучага чытання.
Навучэнцы падыходзяць да табліцы і слухаюць вершы, у якіх часта паўтараюцца некаторыя склады з табліцы:
ЛЫ-ЛЫ-ЛЫ-ЛЫ-ЛЫ
Забиваем мы голы
ЛУ-ЛУ-ЛУ-ЛУ-ЛУ
Возле окон на полу.
ЛА-ЛА-ЛА-ЛА-ЛА
Не заметили стекла.
ЛУ-ЛУ-ЛУ-ЛУ-ЛУ
Мы не били по стеклу.
ЛА-ЛА-ЛА-ЛА-ЛА
Только нет в окне стекла.
Далей праводзіцца гутарка па змесце: “У якую гульню гулялі дзеці? Дзе яны гулялі? Ці можна гуляць у футбол у пакоі?” Адказаўшы на пытанні, дзеці паўтараюць верш хорам і калектыўна чытаюць яго на табліцы. Тэкст чытаецца на дошцы спачатку павольна, потым з паскарэннем тэмпу. Настаўнік прапануе дзецям знайсці і прачытаць пэўныя радкі. Затым вучні адказваюць на пытанне: “Якімі кубікамі трэба выкладваць склады “лы-лы-лы” — вялікімі ці маленькімі?” Дзеці падбягаюць да табліцы, знаходзяць патрэбныя склады, падбіраюць кубікі, выкладваюць на стале. Звяртаецца ўвага на склад “лі”. Аналагічная работа праводзіцца з астатнімі складамі, якія паўтараюцца ў вершы. У канцы заняткаў настаўнік раздае дзецям карткі, дзе запісаны тэкст верша, каб яны прачыталі яго разам з бацькамі.
Вучні ў працэсе навучання чытанню павінны зрокава ўспрымаць слова не толькі на кубіках, табліцах, але і напісаныя на дошцы або ў кнізе. На асобных картках, прымацаваных да дошкі, напісаны імёны ўсіх вучняў класа. Прапануецца выбраць названае настаўнікам імя, напрыклад, Мікіта. Сам хлопчык ці хто-небудзь з аднакласнікаў падыходзіць да патрэбнай карткі і прачытвае слова. Далейшая работа праводзіцца аналагічна. Пры ўзнікненні цяжкасцей настаўнік не падганяе дзяцей, звяртаецца па дапамогу да складовай табліцы, да кубікаў. Калі ўсе імёны прачытаныя, вучням трэба выбраць імя свайго сябра-аднакласніка, аддзяліць яго ад астатніх. Так афармляюцца мікрагрупы. Наступным этапам з’яўляецца работа па буквары. Вучні прачытваюць імёны з адкрытым складам з літарай “а”.
З кубікаў можна выкладваць сказы для адпрацоўкі ўмення канструяваць сказы па схемах. Дзеці бачаць кожнае слова і суадносяць яго з прамавугольнікам у схеме. Кубікі “!”, “?”, “.” дазваляюць адпрацоўваць інтанацыйнае прачытанне, рабіць лагічныя націскі на пэўным слове.
Акрамя складовой табліцы і кубікаў, неацэннай дапамогай у рабоце з’яўляюцца і складовыя малюнкі “Хто вакол жыве?”, “Што вакол расце?”. Малюнкі з надпісамі слоў, разбітых на склады з верхняга боку і без карцінкі з адваротнага. Націскны склад вылучаны іншым колерам. Вопыт паказаў, што дзеці хутчэй прывыкаюць ахопліваць вачыма слова цалкам, праводзіць яго аналіз і ажыццяўляць па суме прымет сінтэз, які выражаецца ў агучванні слова без звычайных для пачатковага чытання запінанняў. Такі падыход не адпавядае дзяленню слоў на склады. Складовыя карцінкі выкарыстоўваюцца для чытання слоў. Пры тлумачэнні тэмы “Дзяленне слоў на склады” выкарыстоўваецца прыём “рука пад падбародкам”. Другі эфектыўны спосаб вызначэння колькасці складоў — колькі галосных, столькі і складоў. Паколькі кожны ўрок навучання пісьменнасці пачынаецца са спявання табліцы, вучні дакладна ведаюць галосныя літары. Зыходзячы з вопыту работы, настаўнік уключае ва ўрок складовыя карцінкі Зайцава. Ён па чарзе паказвае карцінкі з надпісамі ЛІПА, ХВОЯ, ЕЛКА, ЗАЯЦ, АЛЕНЬ, ЛІСА. Дзеці прачытваюць спачатку верхні бок, а потым бок без карцінкі. Работа з падручнікам. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка называюць словы па карцінках, суадносяць іх з напісаннем на дошцы лі-па, хво-я, ел-ка, за-яц, а-лень, лі-са. Параўноўваюць складовую карцінку і напісанае на дошцы слова. Выснова: на картцы падказка, як правільна чытаць слова, а на дошцы з рысачкамі — падзел на склады. Настаўнік тлумачыць спосабы вызначэння колькасці складоў у словах. Адпрацоўка атрыманых ведаў праводзіцца па падручніку і па кубіках.
Методыка развіццёвага навучання — гэта прынцыпова іншая пабудова вучэбнай дзейнасці, якая не мае нічога агульнага з рэпрадуктыўным навучаннем, заснаваным на вывучванні і зазубрыванні. Сутнасць яе канцэпцый заключаецца ў стварэнні ўмоў, калі развіццё дзіцяці ператвараецца ў галоўную задачу як для настаўніка, так і для самога вучня. Спосаб арганізацыі, змест, метады і формы развіццёвага навучання арыентаваны на ўсебаковае развіццё дзіцяці.
Пры такім навучанні дзеці не толькі авалодваюць ведамі, навыкамі і ўменнямі, але вучацца спосабам іх самастойнага спасціжэння, у іх выпрацоўваюцца творчыя адносіны да дзейнасці, развіваюцца мысленне, уяўленне, увага, памяць, воля.
Вучэбная дзейнасць першапачаткова арганізуецца ў атмасферы калектыўнага разважання, дыскусіі і сумесных пошукаў варыянтаў вырашэння праблемы. У аснове навучання фактычна закладзены дыялогавыя зносіны як паміж настаўнікам і навучэнцамі, так і паміж дзецьмі.
Школе неабходна педагогіка супрацоўніцтва, пры якой паміж настаўнікам і вучнем наладжваецца добразычлівае сяброўскае ўзаемаразуменне, якое выклікае ў маленькага чалавека станоўчыя эмоцыі, упэўненасць у сабе, у сваіх дзеяннях і ўчынках, калі нават няўдачы не здаюцца такімі непераадольнымі, не нараджаюць пачуццё страху, адчужэння. Веды і разуменне дзіцяці даюць у рукі настаўніка чароўны ключык, які дазваляе адкрываць сэрцы і душы дзяцей, выяўляць часам не знаёмыя ні ім самім, ні іх бацькам куфэрачкі здольнасцей і магчымасцей.

Іна ТАРАСЕВІЧ,
настаўніца гімназіі аграгарадка Пагранічны
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.