Вучымся гаварыць па-англійску гуляючы

Асноўная мэта навучання замежнай мове ў школе — фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі, якая дазваляе ажыццяўляць міжкультурныя і міжасобасныя зносіны з носьбітамі мовы. На гэта накіраваны камунікатыўна арыентаваныя заданні на аснове імітацыйных і гульнявых зносін.

Выкарыстанне гульнявых прыёмаў у рабоце з пяцікласнікамі актывізуе навучанне, развівае ўвагу, памяць і творчае ўяўленне, павышае цікавасць да прадмета, папярэджвае стамляльнасць. Гульнявыя прыёмы прадугледжваюць актыўную творчую дзейнасць, самастойны пошук рашэнняў праблемных сітуацый, нестандартныя ўмовы работы. Заданні, практыкаванні і гульні займальнага характару дазваляюць вучням праявіць сябе, пераадолець моўны бар’ер, раскрыць свой творчы патэнцыял.

Школьнікам вельмі падабаецца гульня Board Race, у якой удзельнічаюць 2 каманды. Дошка дзеліцца на 2 часткі. Каманды атрымліваюць некалькі слоў ці фраз па вывучанай тэме і складаюць з іх як мага больш сказаў. Заданне падыходзіць для адпрацоўкі вывучанай лексікі і граматыкі, развіцця навыкаў маўлення.

Unit 5 Lesson 8

You should…  You souldn’t…  
…do your morning exercises.  …miss your morning exercises.  
…brush your teeth twice a day.  …drink a lot of Coca Cola.  
…take a shower and wash your hair.  …watch a lot of TV.  
…drink milk and eat cheese.  …eat many crisps.  
…eat bread and cereal.  …eat much ice-cream.  
Unit 7 Lesson 1   
I think the city is…  I think the country is…  
…noisier than the country.  …smaller than the city.  
…dirtier than the country.  …healthier than the city.  
…better than the country.  …more boring than the city.  
…more interesting than the country.  …cleaner than the city.  
…faster than the country.  …slower than the city.  
Unit 8 Lesson 6   
The Tree Monsters will…  The Tree Monsters won’t…  
…be good monsters.  …be lazy.  
…be friendly.  …break trees.  
…do their exercises.  …be naughty.  
…help people.  …steal things.  
…eat fruit and vegetables.  …pick flowers from flowerbeds.  

Для развіцця вуснага маўлення добра падыходзіць заданне “10 Questions”. Адзін вучань задумвае слова ці словазлучэнне на пэўную тэму, а астатнія высвятляюць, задаючы яму пытанні. Многія дзеці адчуваюць цяжкасці ў складанні пытанняў, асабліва з парадкам слоў у іх і дапаможнымі дзеясловамі. Гэтае заданне дапамагае выправіць сітуацыю.

Для фарміравання маўленчай кампетэнцыі мэтазгодна выкарыстоўваць крыжаванкі, якія дазваляюць актывізаваць лексіку. Так, пры вывучэнні тэмы “Здаровы лад жыцця” прапаноўваю дзецям разгадаць крыжаванку. Потым, выкарыстоўваючы заданні да яе, вучні складаюць у парах дыялог “У доктара” і інсцэніруюць яго. Гэта дазваляе змадэляваць сітуацыю іншамоўных зносін і павысіць самастойнасц­ь вучняў.

Звяртаюся да крыжаванкі для актывізацыі лексічных адзінак пры маналагічным маўленні. Так, пры вывучэнні тэмы “Дапамога па гаспадарцы” дзеці разгадваюць крыжаванку, складаюць сказы з да­дзенымі словамі, а потым, абапіраючыся на іх, расказваюць пра абавязкі ў сваёй сям’і.

Пры навучанні маўленню выкарыстоўваю гульню Talking Football. Поле дзеліцца на пэўную колькасць участкаў з асноўным і дадатковым заданнямі. Клас дзеліцца на 2 каманды. Задача кожнай — прайсці праз усё поле ад сваіх варот да варот саперніка, выконваючы асноўнае і дадатковае заданні, якія не паўтараюцца. Каманды рухаюцца па полі насустрач адна адной. Калі яны сустракаюцца, то складаюць сказы па тэме без падказак на полі. Каманда, якая хутчэй і правільна справіцца з заданнем, рухаецца далей да варот саперніка, а другая зноў пачынае рух ад сваіх варот. Перамагае каманда, якая першай даходзіць да варот саперніка. Гэты прыём дазваляе вучням шматразова адпрацаваць моўныя з’явы ў непадрыхтаваным вусным маўленні для яго ўдасканалення.

Актыўна звяртаюся да англійскіх песень з рознымі заданнямі (“Дабаў прапушчанае слова”, “Падбяры карцінку”). Так, пры вывучэнні тэмы Special Days прапаноўваю дзецям пасля праслухоўвання песні Jingle Bells падабраць карцінку, якая адпавядае зместу песні, дабавіць прапушчаныя словы і выканаць яе ў ролі Санта Клаўса. На заключных уроках па тэме Our Wonderful World вучні слухаюць песню What a Wonderful World і расстаўляюць карцінкі да яе ў правільнай паслядоўнасці. Затым дзеці складаюць вусныя выказванні па тэме з апорай на карцінкі.

Для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці выкарыстоўваю заданне “Адгадай слова” (HotSeat), якое дапамагае вучням развіць маўленчыя навыкі, засвоіць англамоўную фанетыку, а таксама дазваляе зняць стомленасць і ўзняць камандны дух. Клас дзеліцца на 2 каманды. Выбіраецца вядучы, які садзіцца тварам да ўсіх і спінай да дошкі. На ёй запісана група слоў для кожнай каманды. Вучні па адным садзяцца насупраць вядучага і дапамагаюць яму адгадац­ь слова на дошцы. Можна апісваць слова і прапаноўваць сінонімы, але нельга называць яго ці маляваць на паперы. Затым дзеці складаюць апавяданні з выкарыстаннем максімальнай колькасці дадзеных слоў.

У пачатку педагагічнай дзейнасці я сутыкалася з тым, што вучні саромеліся гаварыць па-англійску, бо баяліся нарабіць памылак, ім не хапала маўленчых уменняў для паспяховага вырашэння камунікатыўнай задачы. Але з гэтай праблемай лёгка справіцца, калі прапанаваць дзецям займальныя заданні ў выглядзе гульні “У чым мая праблема?” (What’s my problem?), якая дапамагае пашырыць слоўнікавы запас і замацаваць пройдзеную лексіку. Так, пры вывучэнні тэмы Be Healthy на стыкерах пішуцца розныя захворванні ці праблемы са здароўем. Затым стыкеры ў выпадковым парадку расклейваюцца на спіны вучняў. Дзеці пытаюцца адно ў аднаго, куды ім звярнуцца і што трэба зрабіць, каб пазбавіцца ад хваробы, не называючы яе. Вучням трэба на аснове парад адгадаць, у чым менавіта заключаецца іх праблема, напісаная на стыкеры.

Для пабудовы маналагічнага выказвання прапаноўваю заданне “Складзі і раскажы”. Вучні складаюць аповеды, выкарыстоўваючы карцінкі, напрыклад, пра свой дзень.

Для развіцця вуснага маўлення прапаноўваю вучням дыферэнцыраваныя гульнявыя заданні. Так, працуючы з тэкстам “У музеі гісторыі”, вучні з нізкім узроўнем матывацыі расстаўляюць карцінкі ў адпаведным парадку і падбіраюць да іх сказы, вучні з сярэднім узроўнем матывацыі складаюць пазлы-карцінкі па сюжэце тэксту і 1—2 апісальныя сказы, вучні з высокім узроўнем матывацыі выбіраюць героя і расказваюць ад яго імя гісторыю.

Вольга КОТАВА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Пінска.