Вучымся і вучым дзяцей быць талерантнымі

- 15:12Выхаванне

Усе нармальныя людзі на планеце Зямля мараць пра свет без насілля і лютасці, у якім галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца чалавечая асоба, — пра талерантны свет. Таму што без талерантнасці немагчыма пабудаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне людзей як на міжасобасным, так і на больш глабальных узроўнях — сацыяльным і міжнародным.

Вылучаюць два ўзроўні праяўлення талерантнасці — асобасны і палітычны. І ў адным, і ў другім выпадку талерантнасць прадугле­джвае пазіцыю неўмяшання ці адстойвання сваіх інтарэсаў шляхам дыпламатычных перамоў, дыялогу, устаноўкі на супрацоўніцтва і кампраміс. Талерантнасць — галоўны залог паспяховага дыялогу на любым узроўні, гэта дарога да міру, неабходная ўмова фарміравання паўнавартаснай асобы (і дзіцяці, і дарослага), якая ўмее наладжваць адэкватныя ўзаемаадносіны з навакольнымі незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, палітычных перакананняў, здольнасцей, дасягненняў і поглядаў на жыццё. Гэта павага, прыняцце і разуменне разнастайнасці свету, разуменне іншага чалавека, прызнанне і павага яго права на адрозненне. Гэта цярпі­масць да паво­дзін, меркавання, ладу жыцця іц каштоўнасцей іншых лю­дзей. Гэта аснова не толькі для пабудовы нармальных узаемаадносін у грамадст­ве, у працоўных калектывах, ва ўстановах адукацыі, дома і ў розных групах равеснікаў, але і для выбару будучых пакаленняў на карысць міру, а не вайны, мірнага суіснавання чалавецтва, а не канфліктаў.

Гэта здольнасць чалавека без агрэсіі ўспры­маць думкі, паводзіны, асаблівасці і выбар іншага чалавека, якія адрозніваюцца ад яго ўласных. Талерантная асоба добразычліва, чула і цярпіма ставіцца да нечага і некага, заўсёды маючы пры гэтым актыўную пазіцыю. Талерант­ны чалавек не павінен быць цярпімым да ўсяго без разбору, напрыклад, да парушэння правоў чалавека ці да маніпуляцый і спекуляцый. Тое, што парушае агульначалавечую мараль, не павінна ўспрымацца талерантна. Праяўленне людзьмі спачування, спагады, разумення і прыняцця, гатоўнасці дапамагчы і падтры­маць — найважнейшая каштоўнасць талерантнага грамадства і рыса талерантнага чалавека.

Лічыцца, што менавіта талерантнасць — адна з базавых характарыстык беларускага народа, яго ўнікальная рыса, візітная картка. Гэтая якасць упісваецца ў канцэпцыю міжкультурнага дыялогу і вызначае поспех нашай краіны і сёння. У якасці аргументацыі пры гэтым выкарыстоўваюцца факты — адсутнасць выяўленых сацыяльных і палітычных канфліктаў, адсутнасць антысемітызму ва ўсіх пластах беларускага соцыуму, мірнае суіснаванне розных канфесій і этнічных меншасцей, доўгацярплівасць і схільнасць да мірнага вырашэння спрэчак. Для беларуса заўсёды было важней дамовіцца, знайсці пункты сутыкнення, чым праявіць этнічную гордасць. Талерантнасць народа — гэта тое, чым мы, канечне ж, можам ганарыцца, талерантнасць кожнага грамадзяніна — гэта тое, да чаго неабходна імкнуцца. Талерантнымі не нараджаюцца, значыць, талерантнасць — гэта праблема і асобасная, і педагагічная, і дзяржаўная.

Паколькі сёння талерантнасць — важная патрэба чалавека, у сучасным свеце праблеме талерантнасці ўдзяляецца многа ўвагі: праводзяцца канферэнцыі, выдаюцца манаграфіі, навуковыя публікацыі, спецыяльныя праграмы, якія так ці інакш закранаюць феномен талерантнасці ў сучасным жыцці. Вельмі многа робіцца ў гэтым кірунку ў нашай краіне, асабліва для дзяцей, хворых, старых. Людзі нярэдка маюць патрэбу ў дапамозе, а іншыя ім даволі часта дапамагаюць. Да “не такіх” — інвалідаў, старых — нецярпімасць у грамадстве праяўляецца не з бязлітаснасці, а з-за адсутнасці інфармацыі і сістэмнай выхаваўчай работы ў гэтым напрамку.

Чаму нярэдкія выпадкі агрэсіі, неразумення, бязлітаснасці навучэнцаў да лю­дзей і жывёл, бойкі, кпіны, мянушкі ў школах, у сем’ях, у грамадскіх месцах?

Не сістэмна і не заўсёды мэтанакіравана мы ў сем’ях, школах над гэтым працуем, часта далей заклікаў і натацый справа не ідзе. Разавыя гутаркі, акцыі, гучныя шоу не даю ць жаданага выніку. Недастаткова падрыхтаваны да такой сістэмнай і адказнай работы ў дамашніх умовах і бацькі. Няма сур’ёзных даследаванняў узроўню талерантнасці навучэнцаў па ўзростах і выяўлення прычын парушэння некаторымі асноўных патрабаванняў талерантных адносін і талерантных паводзін. Першы выпадак бязлітасных ці проста грубых адносін дзіцяці да жывёлы ці чалавека павінен насцярожыць і бацькоў, і настаўнікаў. У паўторных сітуацыях важна звяртацца да спецыялістаў. Вельмі былі б карыснымі для бацькоў складзеныя спецыялістамі памяткі назіранняў бацькамі псіхічных праяўленняў, рэакцый, учынкаў дзяцей у тых ці іншых выпадках.

Ідэі талерантнасці, асноўныя палажэнні асобасна-гуманістычнай педагогікі, педагогікі ненасілля раскрываюцца ў работах і ўчынках класікаў сусветнай педагогікі і педагогаў-наватараў нашага часу. Так, Ш.Аманашвілі, падкрэсліваючы вядучую ролю настаўніка ў працэсе фарміравання талерантнай асобы навучэнца, сцвярджае, што гуманная педагогіка можа існаваць толькі як стан настаўніцкага духу. Сістэма адукацыі валодае велізарным патэнцыялам выхаваўчага ўздзеян­ня на дзіця. Менавіта ва ўстанове адукацыі дзіця павінна не толькі знаёміцца з талерантнымі ўстаноўкамі ў адносінах і паводзінах, але і разві­ваць у сабе неабходныя якасці і навыкі.

Аднак асновы талерантных паводзін закладваюцца перш за ўсё ў сям’і. І тое, што могуць у гэтым напрамку рабіць бацькі, не можа зрабіць ніхто. Калі дзіця не навучыцца дома чытаць ці рашаць задачы, маляваць ці пісаць сачыненні, яго навучаць гэтаму ў школе. Але калі дзіця не навучылася ў сям’і дабрыні, ветлівасці, разуменню і спагадзе, цярплівасці і прабачэнню, не навучылася шанаваць жыццё птушкі ці чалавека, то гэтаму яго ўжо ніхто не навучыць.

Асновай гуманістычнай тэхналогіі выхавання, асновай педагогікі ненасілля прафесар У.Т.Кабуш лічыць свабоду і твор­часць, давер і падтрымку, апору на маральныя каштоўнасці супрацоўніцтваў. У Кодэксе “Гуманістычнае майстэрства” ён заклікае кожнага настаўніка і кожных бацькоў паважаць асобу дзіцяці, яго пазіцыі, годнасць, свабоду, правы, яго адрозненні, верыць у яго сілы, разумець і падтрымліваць, не кантраляваць, а стымуляваць, не кіраваць ім, а разам з ім удзельнічаць у справах, давяраць яго самастойнасці, спрыяць маральнаму выбару; гуманна ацэньваць, клапаціцца пра дзіця, дапамагаць, суперажываць, падтрымліваць, эмацыянальна адабраць, прабачаць; шу­каць узаемную згоду, шляхі да супрацоўніцтва, узаемадзеяння, сутворчасці. І гэтым належна выканаць свой грамадзянскі і бацькоўскі абавязак.

Для выяўлення і развіцця талерантнасці выкарыстоўваюцца розныя падыходы і тэхналогіі. Эфектыўныя праектная і тэхналогія крытычнага мыслення, дыскусіі, дэбаты, гульнявыя тэхналогіі, кейс-метад, калектыўны аналіз матэрыялаў друку, літаратурных крыніц і сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, асабісты прыклад бацькоў і настаўнікаў.

Асабліва актуальная праблема талерант­насці ў падлеткавым і старэйшым узросце. Падлеткавы перыяд развіцця асобы характарызуецца некаторымі асаблівасцямі, якія мы адносім да інталерантных паводзін: павышаная агрэсіўнасць, некрытычнасць мыслення, несфарміраванасць вобраза “Я”, безадказнасць, неабароненасць, бескампраміс­насць, прыступы дэпрэсіі, сыход у сябе. Гэта час актыўнага пошуку жыццёвых арыенціраў, каштоўнасных установак, жыццёвага і прафесійнага самавызначэння, час крайнасцей негатывізму і максімалізму. Падлетку не пад сілу ў адзіночку справіцца з гэтым грузам новых уражанняў і роздумаў. І мы не маем права пакідаць яго без маральнай падтрымкі. Для фарміравання талерантных узаемаадносін неабходна стварэнне ўмоў для развіцця ў дзяцей здольнасці адчуваць, разумець, слухаць і чуць сябе і іншага, падтрымлі­ваць добры мікраклімат у калектыве, стварэнне асяроддзя, якое талерантна выхоўвае, і культываванне талерантных адносін і паводзін для нармальнай жыццядзейнасці любога калектыву, асабліва дзіцячага.

Вучнёўскія калектывы сталі больш разнароднымі па складзе навучэнцаў, па цікавасцях і патрэбах, па магчымасцях бацькоў, па ўзроўні інтэлектуальнага і маральнага развіцця і па многіх іншых паказчыках. Ад характару адносін паміж дзецьмі, паміж дзецьмі і настаўнікамі ва ўстанове адукацыі залежыць вельмі многае: псіхалагічны камфорт, настрой вучняў і настаўнікаў, спакой і давер школе бацькоў, матывацыя да навучання і творчасці, узровень разумення, узаемавыручкі і ўзаемадапамогі, змест і эфектыўнасць калектыўных творчых спраў, якасці выхавання і адукацыі, імідж школы ў соцыуме, узровень сацыялізацыі і патрыя­тызму навучэнцаў, іх грамадзянская пазіцыя і грамадска-палітычная і сацыяльна-працоўная адказ­насць. Там жа, дзе недастаткова ўвагі ўдзя­ляецца стварэнню псіхалагічна камфорт­най атмасферы, дзе не прымаецца іншае меркаванне, дзе не ўлічваюцца асобасныя асаблівасці, дзе падтрымліваецца аднастайнасць і стэрэатыпы, дзецям часта бывае няўтульна. З’яўляюцца запужаныя, закамплексаваныя, замкнутыя, няўпэўненыя вучні, з’яўляюцца ізгоі, праяўляецца эгаізм і лютасць.

Выхаванне талерантнасці непасрэдна звязана з выхаваннем маральнасці. Талерантная асоба — гэта і ёсць высокамаральная асоба. Педагагічная талерант­насць — гэта паважлівыя адносіны настаўніка да сваіх дзяцей і вучняў, уменне зразумець і прабачыць іх недасканаласці. Адна з галоўных умоў выхавання талерантнасці вучняў — гэта вера ў тое, што яны заўтра абавязкова ста­нуць лепшымі. Маральнае выхаванне немагчыма без псіхалагічнай культуры. Таму так актуальны трэнінгі асобаснага развіцця, упэўненасці і адказнасці, разумення і ўзаемаразумення, урокі дабрыні і акцыі міласэр­насці, індывідуальныя і групавыя заняткі па асэнсаванні і асваенні паняццяў маральнага развіцця “што такое дабрыня і міласэр­насць”, “як у нашай школе перамагчы агрэсію і бязлітаснасць” і г.д.

Укараненне ў школе духу талерантнасці, фарміраванне адносін да яе як да найважнейшай каштоўнасці грамадства і чалавека — значны ўклад кожнага педагагічнага калектыву ў выхаванне навучэнцаў і ў агульную будучыню талерантнага грамадства.

Выхаванне маральнасці актуальнае ў дачыненні да ўсіх дзяцей, у тым ліку і да высокаматываваных, адораных, таленавітых. Адораныя людзі з’яўляюцца каштоўным рэсурсам нацыі. Прагрэс цывілізацыі непасрэдна залежыць ад дзейнасці выключна адораных асоб. Тым не менш у рэальнай педагагічнай практыцы рух у гэты бок адбываецца з неймавернай цяжкасцю. На жаль, каштоўнасці талерантных узаемаадносін у школах часта толькі дэкламуюцца. Якія яны — адораныя дзеці? Дзеці з асаблівасцямі?

Яны іншыя. Адны апярэджваюць равеснікаў у развіцці, добра вучацца ў школе, хутка і нестандартна думаюць, маюць добрую памяць, часам праяўляюць выдатныя здольнасці, дасягаюць вялікіх поспехаў у якіх-небудзь галінах дзейнасці ў школьныя гады. Бывае, аднакласнікі ім зайздросцяць, адорваюць мянушкамі, б’юць. З іншага боку, гэтыя дзеці часам пагардлівыя ў адносінах да менш здольных і паспяховых дзяцей. Некаторыя асаблівасці паводзін і асобы адоранага дзіцяці могуць прывесці да неразумення іх і настаўнікамі, і равеснікамі, да канфліктнасці ўзаемаадносін, аж да ізаляцыі дзіцяці з боку дзяцей. Сярод прычын называюцца наступныя: няўменне слухаць суразмоўніка, імкненне да дамінантнасці, да ролі арганізатара сумесных гульняў, тэндэнцыя да дэманстрацыі сваіх ведаў, імкненне манапалізаваць увагу дарослага, нецярпімасць у дачыненні да менш паспяховых дзяцей, некамфортнасць, звычка папраўляць іншых і г.д.

Настаўнікі ставяцца да іх з разуменнем і ўвагай асабліва ў перыяд падрыхтоўкі да алімпіяд і конкурсаў. А як толькі алімпіяды скончыліся, гэтыя вучні са сваімі думкамі і праблемамі застаюцца сам-насам. Яны не ўдзельнічалі ў гульнях, спаборніцтвах, нейкіх паходах і калектыўных справах, не былі на віншаванні імяніннікаў класа, яны мала мелі зносіны з равеснікамі і іншымі значнымі людзьмі. Іх не разумеюць, і яны не ўсё і не ўсіх у гэты момант разумеюць. Ім нязручна. З-за высокага разумовага развіцця ім могуць быць нецікавы гульні равеснікаў. Узнікае дэзадаптацыя, школьная і сацыяльная, тармозіцца развіццё, знікае цікавасць, а то і сама адоранасць. Узнікаюць неўрозы, дэпрэсіі, калі дзіця не ў стане зразумець прычыны непрымання навакольнымі натуральных для яго тэндэнцый і імкненняў. Відавочна, быць адораным — няпростая ноша. І разуменне асобасных асаблівасцей адоранага дзіцяці равеснікамі, настаўнікамі і бацькамі, стварэнне талерантнага асяроддзя, гуманных адносін у сям’і і ў школе становіцца асабліва важным.

Галоўныя патрабаванні да стварэння асяроддзя, якое талерантна выхоўвае і падтрымлівае любое дзіця:

· разнастайнасць сфер дзейнасці і відаў актыўнасці, інтэграцыя намаганняў і сродкаў, улік індывідуальных асаблівасцей і максімальнае выкарыстанне педагогікі разумнага балансу;

· псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ў навучанні, супрацоўніцтва з педагогам-псіхолагам;

· працэс навучання павінен адбывацца ў адпаведнасці з прыродай дзяцей, іх здароўем, псіхічнай канстытуцыяй, здольнасцямі, схільнасцямі, інтарэсамі, задаткамі, індывідуальнымі і ўзроставымі асаблівасцямі;

· пастаянна назіраць за дынамікай разумовага і асабліва псіхічнага развіцця кожнага дзіцяці;

· распрацоўваць індывідуальныя адукацыйныя маршруты, планы, індывідуальныя праграмы развіцця асобных навучэнцаў, каб ствараць аптымальныя ўмовы для паспяховага развіцця і талерантнага выхавання як слабых, так і моцных;

· работа з дзецьмі па выхаванні маральнасці, талерантнасці і ў сям’і, і ў школе павінна праводзіцца сістэматычна і бесперапынна, без выхадных і канікул.

Падводзячы вынікі, можна сказаць наступнае: стварэнне асяроддзя, якое талерантна выхоўвае, у школе і дома з’яўляецца важнай умовай паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў. Асяроддзе, якое талерантна выхоўвае, нясе ў сабе вялікі патэнцыял фарміравання культуры талерантнасці і, можа, ператварэння гэтай культуры ў культуру ХХІ стагоддзя. Пры інтэграцыі намаганняў сям’і, устаноў адукацыі, грамадства, кожнага грамадзяніна, сродкаў і інавацыйных падыходаў рух ад бачання каштоўнасцей адрознення і падтрымкі разнастайнасці да талерантнай культуры, ад культуры карыснасці да культуры годнасці, ад культуры чалавека да культуры свету не спыніць, а “Ідэю талерантнасці не забіць!”.

Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ.