Вучымся камунікацыі

Дзеці з цяжкімі парушэннямі фізічнага і псіхічнага развіцця не заўсёды могуць авалодаць маўленнем. Гэта вельмі ўскладняе жыццё, прыводзіць да сацыяльнай дэзадаптацыі. Даволі часта патрэбы дзіцяці, якое не гаворыць, не могуць зразумець бацькі і педагогі, што негатыўна ўплывае на вучобу і выхаванне.

Зразумець дзяцей з АПФР дапамагаюць сучасныя тэхналогіі. Сярод іх — айтрэкінг, які дазваляе кіраваць камп’ютарам з дапамогай позірку без выкарыстання клавіятуры і мышкі. Для гэтага неабходны айтрэкер — прылада ў выглядзе невялікай палоскі, размешчанай у аснове манітора ноўтбука, і праграмнае забеспячэнне да яе.

Спецыяльная праграма ўлоўлівае позірк карыстальніка і ўспрымае яго як клік па маніторы. Такім чынам, з дапамогай карцінак, сімвалаў ці друкаванага тэксту можна зразумець жаданні дзіцяці, а значыць, пабудаваць з ім тую ж сіс­тэму камунікацыі, як з гаворачымі дзецьмі. Напрыклад, можна ўзяць праграму, якая прадугледжвае адказы з выбарам “так” ці “не”, і атрымаць ад дзіцяці адказы на самыя розныя пытанні. Засвоіць айтрэкінг можа кожнае дзіця. Для гэтага дастаткова ўмець факусіраваць і пераводзіць позірк.

Педагогі і выхаванцы нашага ЦКРНіР даўно марылі пра такую прыладу. І мара нарэшце ажыццявілася. Дабрачынная арганізацыя “Ласкавыя крылы” з Мінска падарыла нам ноўтбук і айтрэкер для навучання камунікацыі.

Чалавек, пазбаўлены магчымасці гаварыць, — нязведаны свет. Без спецыяльнага абсталявання немагчыма да канца зразумець яго інтэлектуальныя здольнасці і магчымасці. З дапамогай айтрэкера педагогі могуць лепш па­знаць сваіх выхаванцаў і іх патрэбы, палепшыць якасць адукацыі. Праграма дазваляе навучыць дзяцей не толькі навыкам альтэрнатыўнай камунікацыі, але і элементарнай пісьменнасці, кіравання камп’ютарам. 

Канечне, педагогам і дзецям давя­дзецца шмат папрацаваць, каб асвоіць новую тэхналогію. Але гэта таго варта.

Ірына КАТОК,
сацыяльны педагог Пінскага раённага ЦКРНіР.