Вучымся не толькі па кнігах

У рамках рэалізацыі пілотнага праекта Міністэрства адукацыі па арганізацыі экскурсій для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі выхаванцы гімназіі № 13 Мінска наведалі Нацыянальны гістарычны музей і парк-музей валуноў.

Падарожжа ў гісторыю вучні здзейснілі разам з настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Аляксеем Леанідавічам Пархоменкам.

Адукацыйная экскурсія адбылася ў рамках вывучэння тэмы “Станаўленне і развіццё дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі”. Важным этапам урока-экскурсіі стала наведванне выставы “17 верасня. Дзень народнага адзінства”, якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі напярэдадні святкавання Дня народнага адзінства.

Падчас наведвання музея дзесяцікласнікі паўтарылі асноўныя падзеі і этапы, якія папярэднічалі аб’яднанню беларускіх зямель. Дарэчы, усё гэта дзеці вывучалі на ўроках гісторыі Беларусі. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікала “Дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР”, якая выстаўлена ў якасці асноўнага экспаната выставы. Дзеці змаглі ўжывую ўбачыць і прачытаць важны для беларускіх зямель гістарычны дакумент, які да гэтага бачылі толькі на старонках вучэбнага дапаможніка.

Дэталёва навучэнцы азнаёміліся і з біяграфіяй чалавека, чый подпіс стаіць пад Дэкларацыяй, — Сяргея Восіпавіча Прытыцкага. У распараджэнні музея ёсць рэдкія фатаграфіі і каштоўныя рэчы гэтага чалавека, што выклікала сапраўдную цікавасць навучэнцаў да гістарычнай асобы Сяргея Восіпавіча.

Экскурсія ў парк-музей валуноў пад адкрытым небам была запланавана ў рамках вывучэння тэмы па гісторыі Беларусі “Першабытнае грамадства на беларускіх землях: станаўленне і развіццё”.  Безумоўна, яна садзейнічала развіццю ў навучэнцаў цікавасці да багатай гістарычна-культурнай спадчыны краіны.

Пасля экскурсій на ўроку гісторыі настаўнік з вучнямі яшчэ раз абмеркавалі пройдзены матэрыял. Гэтым разам урок атрымаўся яшчэ больш цікавым, бо, у дадатак да гістарычных фактаў, быў падмацаваны ўласнымі ўражаннямі і назіраннямі.

Аляксей ПАРХОМЕНКА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 13 Мінска.