Вучымся прыгожа пісаць

Мы жывём у эпоху навукова-тэхнічнага прагрэсу і вялікага патоку інфармацыі, таму сучаснаму чалавеку даводзіцца шмат займацца адукацыяй і самаадукацыяй. З прычыны гэтага і ўзнікае неабходнасць не толькі ў разборлівым, але і хуткім, прыгожым пісьме, асновы якога закладваюцца менавіта ў пачатковай школе. Каліграфічныя навыкі садзейнічаюць выпрацоўцы такіх важнейшых якасцей, як акуратнасць, працавітасць, дысцыплінаванасць.

У выніку шматгадовага вопыту працы ў школе ў мяне склалася пэўная сістэма па фарміраванні навыкаў каліграфічна правільнага пісьма, якая дапамагае дабівацца станоўчых вынікаў. На вучэбных занятках па навучанні пісьму вялікае значэнне надаю падрыхтоўчым практыкаванням. У сістэму практыкаванняў, якія рыхтуюць дзяцей да пісьма, уключаю наступныя іх віды:

  • разнастайныя практыкаванні, якія садзейнічаюць развіццю дробнай маторыкі рук (рухі ў паветры і на неразлінеенай паперы), асабліва выніковыя практыкаванні накшталт “размотванне і намотванне клубка”, таму што менавіта яны даюць магчымасць хутчэй “разняволіць” руку дзіцяці;
  • штрыхаванне кампазіцый і прадметаў.

Лічу, што вельмі эфектыўным з’яўляецца наглядны метад — паказ працэсу пісьма і тлумачэнне спосабаў напісання літар, складоў, слоў, сказаў. Важна, каб літары і словы прапісваліся на вачах дзяцей. Непасрэднае назіранне за пісьмом настаўніка дапаможа вучням зразумець, дзе неабходна пачынаць пісаць элемент, у якім напрамку весці лінію, дзе рабіць закругленні, на якой адлегласці і г.д. Перш чым пісаць элемент, трэба разгледзець і прааналізаваць яго форму, параўнаць з рэальна існуючым прадметам. Пры дэман­страцыі пісьма на дошцы я стаю напаўпаварота для таго, каб трымаць у полі зроку ўвесь клас і бачыць, ці ўсе вучні ўважліва сочаць за тым, як я пішу.

Засваенне правільнага напісання залежыць не толькі ад зрокавай і слыхавой інфармацыі, якую дзеці атрымліваюць. Неабходна задзейнічаць і іншыя органы пачуццяў, у прыватнасці дотык. Вядома, што рухальная памяць у дзяцей ад 4 да 7 гадоў моцная і вельмі ўзбуджальная. Таму, на мой по­гляд, гэта неабходна выкарыстоўваць, даючы дзецям і тактыльную інфармацыю. Можна вывучаць вобраз літар праз дотык: абмацваць наколкі літар, абводзіць пальчыкам выразаныя з аксамітнай паперы літары. Для гэтага я сумесна з бацькамі зрабіла карткі з літарамі для кожнага дзіцяці. Літары выразалі з аксамітнай паперы і наклейвалі на картку з кардону. Праводзячы пальцам па шурпатай паверхні, дзіця стварае вобраз літар, які злучае ў сабе зрокавы раздражняльнік і раздражняльнік тактыльных рэцэптараў. Каб вобраз літары застаўся ў памяці дзяцей надоўга, на ўроку мы не толькі водзім пальчыкам па картцы, але і слухаем цікавыя гісторыі. Дзіця слухае казку, сюжэт якой пабудаваны такім чынам, што ўсе дзеянні, якія выконвае дзіця, прагаворваюцца ім, яно вучыцца пісаць, запамінаючы цяжкія элементы літары.

Для ўзмацнення тактыльнай інфармацыі часам прашу ўгадаць літару пасля абвядзення яе з закрытымі вачыма. Гэта складаны від дзейнасці, паколькі большасць інфармацыі дзеці атрымліваюць праз зрокавыя і слыхавыя аналізатары, якія ў гэтым выпадку не задзейнічаны.

Метад гульні пры вывучэнні формы літар можна прымяняць не толькі на вучэбных занятках. У час перапынкаў на дошцы вісіць некалькі аркушаў паперы, дзе маёй рукой прапісаны літары. Вучні па жаданні падыходзяць да іх, могуць узяць аркуш сабе на парту, абвесці, а таксама дамаляваць літару або элемент да якога-небудзь прадмета, звярка, кветачкі і г.д. У дзяцей фантазія бязмежная: часам атрымліваюцца проста шэдэўры. Так, літара “р” ператвараецца ў парасон, “б” — у вішню на галінцы, “в” — у зайчыка, “а” — у мышку, а ўсе літары з аваламі становяцца пацешнымі тварыкамі. Гэта не толькі дае магчы­масць дзецям лепш запамінаць вобраз літары, але і са­дзейнічае развіццю творчых здольнасцей.

Пры вывучэнні напісання новай літары пачынаю ўрок з тлумачэння таго, што кожная літара складаецца з элементаў, і мы фактычна можам сканструяваць, сабраць любую літару з гэтых элементаў. У кожнага вучня ёсць набор гэтых элементаў літар, выразаных са шчыльнай белай паперы (у гэтым дапамагалі бацькі). Спачатку дзеці разам са мной аналізуюць канфігурацыі літары, вызначаюць, з якіх элементаў яна складаецца. Затым знаходзяць гэтыя элементы ў наборы і складваюць з іх патрэбную літару. Практыкаванне “Збяры літару” можна праводзіць як на дошцы з дапамогай магнітаў, так і за партамі. Гэта заданне часта даю і для паўтарэння напісання ўжо вывучаных літар. Можна прапанаваць дзецям папрацаваць у пары. На гэтым этапе мне дапамагае літара-арыгамі ў выглядзе гармоніка, пры расцягванні якога вычляняюцца яе элементы.

Канструяваць літары можна з пластыліну, дроту, нітак, салёнага цеста. Пасля вывучэння ўсіх элементаў літары можна стварыць узоры з каляровага салёнага цеста, якія ў далейшым не толькі паслужаць дапаможным матэрыялам для напісання літар, але і ўпрыгожаць інтэр’ер. Паэлементны прынцып рэалізуецца мной у гульнях “Вусень”, “Літара знікла”, “Пісьмо з кляксамі”. На дошцы або паперы пішуцца літары з недапісанымі элементамі, вучні адказваюць на пытанне: “Якое слова пакусаў вусень?” У дыдактычнай гульні “Бюро знаходак”, наадварот, пішуцца элементы літар. Класу задаю пытанне: “Якая літара магла згубіць элемент?” Вучні павінны назваць, у напісанні якіх літар гэты элемент сустракаецца. У гульнях “Следапыты”, “Сышчыкі” дзеці на гатовых карцінках адшукваюць элементы знаёмых літар.

У паслябукварны перыяд прымяняю спецыяльныя прыёмы групоўкі пісьмовых літар па агульных элементах. Гэта дае магчымасць за кароткі час мэтанакіравана і сістэматычна замацоўваць у памяці вучняў зрокава-рухальныя вобразы пісьмовых літар, такім чынам, папярэдзіць у іх напісанні графічныя памылкі і гэтым закласці падмурак для аўтаматычнага графічнага навыку.

Літары-“колцы”: о, с, б, ю, ф.

Літары-“жучкі”: ж, х.

Літары-“кручкі”: к, ч.

Літары-“платы”: і, й, ш, щ, ц.

Літары-“горы”: л, м і г.д.

У далейшыя лагічны прынцып групоўкі пісьмовых літар мэтазгодна прымяняць у час хвілінак чыстапісання.

Прымяняючы дзейнасны і індывідуальны падыходы, я фармірую не толькі правільны каліграфічны навык, але і на пачатковых этапах магу папярэдзіць і выправіць недахопы ў напісанні, выкарыстоўваючы найбольш эфектыўныя прыёмы работы на вучэбных занятках.

Лілія ЦЫБУЛЁВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 6 Ліды.