Вучымся ў класе і дома

Сучасныя камп’ютарныя праграмы дазваляюць ствараць вучэбныя курсы, якія павышаюць якасць навучання, арганізаванага аддалена. Так, з дапамогай сродкаў платформы Moodle я стварыла дыстанцыйны курс “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” для чацвёртакласнікаў. Дзякуючы яму, можна індывідуалізаваць навучанне і пашырыць інфармацыйную прастору дзяцей.

Дыстанцыйны курс, у аснове якога ля­жыць кампетэнтнасны падыход, распрацаваны 4 гады назад у адпаведнасці з вучэбнай праграмай па прадмеце “Чалавек і свет” для вучняў 4 класа. Яго змест цалкам суадносіцца з усімі праграмнымі тэмамі. На працягу існавання курс удасканальваўся, дапаўняўся новымі раздзеламі, тэстамі, практыкаваннямі і заданнямі. Летась ён быў адзначаны дыпломам XIV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Электронны вучэбны модуль для дашкольнай і пачатковай адукацыі”. Азнаёміцца з матэрыяламі курса можна па спасылках moodle.boiro.by і moodle.boiro.by/course/view.php?id=49.

Курс складаецца з 26 раздзелаў. Для зручнасці некаторыя тэмы аб’яднаны ў асобныя раздзелы. Першы раздзел — уступны. У перад­апошнім змешчаны набор тэстаў па ўсіх тэмах вучэбнай праграмы па прадмеце “Чалавек і свет” у 4 класе. У апошнім — апытанне для вучняў пасля завяршэння работы з курсам.

Кожны з 23 раздзелаў напоўнены як тэарэтычнымі, так і практычнымі матэрыя­ламі. Тэарэтычныя матэрыялы прадстаўлены апавяданнямі, лекцыямі і кнігамі, размешчанымі ў рубрыках “Карысна ведаць” і “Цікава ведаць”. Матэрыялы праілюстраваны фотаздымкамі, карцінкамі, відэаматэрыяламі, скрынкастамі. Для замацавання вывучанага прапанаваны розныя заданні, у тым ліку творчыя: практыкаванні, пазнавальныя гульні, віктарыны, крыжаванкі. Многія з іх распрацаваны з дапамогай сэрвісаў Web 2.0. Створаны банк пытанняў для тэстаў, падрыхтаваных да кожнага раздзела курса, і слоўнік з гістарычнымі паняццямі, якімі павінны валодаць вучні. Асобна пазначаны асноўныя гістарычныя даты, прапанаваныя для запамінання. 

Многія матэрыялы грунтуюцца на перадавым педагагічным вопыце, маюць спасылкі на выкарыстаныя крыніцы. Фотаздымкі і карцінкі для ілюстрацыі тэарэтычных і практычных матэрыялаў зроблены падчас уласных падарожжаў па Беларусі.  

Настаўнікі могуць з улікам асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі, вучэбна-пазнавальнай дзейнасці і пазнавальных магчымасцей вучняў выбіраць матэрыялы дыстанцыйнага курса для вывучэння ці засваення пэўнай тэмы/тэм, у тым ліку ва ўмовах дыстанцыйнага навучання, самастойнай, групавой ці парнай работы ў класе. Для працы з курсам неабходны камп’ютар, ноўтбук ці планшэт, інтэрнэт.

Трэба адзначыць, што матэрыялы асобных раздзелаў курса можна выкарыстоўваць пры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў 2—3 класах.

Вопыт паказаў, што матэрыялы электроннага вучэбнага модуля цікавыя малодшым школьнікам. Дзякуючы курсу, урокі і пазаўрочная дзейнасць у пачатковых класах становяцца больш яркімі і насычанымі, а веды больш трывалымі.

Наталля БАЗАР,
настаўніца пачатковых класаў Каладнянскага ясляў-сада — базавай школы Столінскага раёна.