Вучымся з задавальненнем!

На працягу 30 гадоў педагагічнай дзейнасці настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Пятроўна Аксянюк з Маларыцкай раённай гімназіі выкарыстоўвае эфектыўныя прыёмы і метады навучання, якія развіваюць у дзяцей творчыя здольнасці, дапамагаюць самастойна атрымліваць веды і прымяняць іх у розных сітуацыях. У сваёй рабоце І.П.Аксянюк актыўна выкарыстоўвае элементы шматлікіх педагагічных тэхналогій для павышэння якасці вучнёўскіх ведаў, але перавагу аддае тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, дзякуючы якой дзеці не проста засвойваюць гатовыя веды, а самі іх набываюць.

— Структура заняткаў складаецца з трох асноўных этапаў: выкліку, рэалізацыі (асэнсавання) і рэфлексіі (разважання), — расказвае Ірына Пятроўна. — Пры выкарыстанні тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення этап выкліку абавязкова прысутнічае на кожным уроку. Імкнуся пачынаць заняткі так, каб усе дзеці пры вывучэнні матэрыялу ставілі перад сабой канкрэтную мэту. На ўроках літаратуры ў 5—7 класах часта звяртаюся да метаду прагназавання і прыёмаў “Правільныя-няправільныя сцвярджэнні” і “Чытанне з прыпынкамі”. Так, пры вывучэнні ў 5 класе апавядання Міхася Лынькова “Васількі” прапаноўваю вучням разгледзець некалькі (3—4) партрэтаў (фотаздымкаў) беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх і партрэт Міхася Лынькова, і вызначыць, дзе адлюстраваны менавіта ён. Потым вучні адказваюць на пытанні: “У якія гады жыў пісьменнік?”, “Пра што пісаў у творах?”, “Ці ёсць сярод яго твораў раманы?”, “Пра што расказваецца ў апавяданні “Васількі?” і інш. Усё гэта дазваляе дзецям лепш запомніць партрэт пісьменніка, гады яго жыцця і цікавыя звесткі з біяграфіі. Вучні больш уважліва слухаюць твор, ім цікава даведацца, ці правільна яны спрагназавалі сюжэт апавядання.

Прыём “Правільныя-няправільныя сцвярджэнні” педагог выкарыстоўвае тады, калі чытаецца твор аўтара, вядомага ўжо з іншых урокаў, або назва твора адкрыта выяўляе яго тэму. Так, пры вывучэнні ў 6 класе апавядання Змітрака Бядулі “Зямля” настаўніца прапаноўвае наступныя сцвярджэнні: “Ці праўда, што слова “зямля” мае 6 значэнняў?”, “Ці праўда, што слова “зямля” — гэта ранейшая назва літары “з”?”, “Гэта праўда, што Змітрок Бядуля — аўтар рамана “Зямля”?”. Пры абмеркаванні гэтых сцвярджэнняў праводзіцца і работа са словам “зямля”: вучні самастойна вызначаюць 6 яго лексічных значэнняў і прыводзяць прыклады.

Даволі часта І.П.Аксянюк звяртаецца да прыёму “Чытанне з прыпынкамі”, які дапамагае зацікавіць вучняў творам, увесці іх у свет літаратурных герояў, выявіць, як дзеці ўспрымаюць змест твора. Калі на яго вывучэнне праграма адводзіць некалькі ўрокаў, тады гэты прыём займае цэлы ўрок, як, напрыклад, пры вывучэнні апавядання Міколы Лупсякова “Мэры Кэт”.

На этапе асэнсавання вучні знаёмяцца з новай інфармацыяй, набываюць веды. Вялікая ўвага ўдзяляецца засваенню найбольш эфектыўных спосабаў работы з тэкстам. На гэтым этапе ўрока педагог часта выкарыстоўвае прыёмы “Тоўстыя” і “тонкія” пытанні”, “Двайны дзённік”, “Кластар” і “Інсерт”.

— Прыём “Тоўстыя” і “тонкія” пытанні” з’яўляецца даволі эфектыўным, паколькі патрабуе ад вучняў уважлівага прачытання твора ці літаратуразнаўчага артыкула, — гаворыць Ірына Пятроўна. — Каб скласці пытанні і добра запомніць тэкст, неабходна больш уважліва перачытаць матэрыял. Гэты прыём добра развівае вуснае і пісьмовае маўленне вучняў. Пачынаю выкарыстоўваць яго з 5 класа. Спачатку прымяняю “тонкія” пытанні, тлумачу, у чым іх сутнасць. Першы раз такі від работы праводзіцца разам на ўроку, як правіла, пры чытанні літаратуразнаўчых артыкулаў. Чытанне такога матэрыялу нецікавае пяцікласнікам, яны робяць гэта, асабліва не ўдумваючыся ў змест. Так, пры чытанні артыкула “Вусная народная творчасць” мы ўсе разам складаем наступныя пытанні: “Што называюць фальклорам?”, “Што ў перакладзе з англійскай мовы азначае слова “фальклор?”, “Што ўвабралі ў сябе творы вуснай народнай творчасці?” і інш. Пяцікласнікам цяжка самастойна фармуляваць пытанні да літаратуразнаўчых артыкулаў, таму ў якасці дамашняга задання прапаноўваю скласці пытанні да казкі ці апавядання.

Калі ўзровень падрыхтоўкі класа высокі, І.П.Аксянюк адразу вучыць фармуляваць і “тоўстыя” пытанні, якія патрабуюць разгорнутых адказаў. Такі від работы добра спрацоўвае пры вывучэнні твораў гістарычнай тэматыкі ў 6 класе і публіцыстычных твораў у 7 класе. Па пытаннях, складзеных вучнямі, можна лёгка вызначыць, наколькі добра яны запомнілі змест твора і глыбока яго зразумелі. Такі від дамашняга задання дазваляе праверыць узровень разумення тэксту, паколькі вучні прапускаюць твор праз сябе.

Прыём “Двайны дзённік” педагог выкарыстоўвае пры вывучэнні празаічных твораў. Ён падштурхоўвае асобных вучняў чытаць уважліва і звязваць тое, што яны чытаюць, з пытаннямі і праблемамі, якія іх хвалююць. Асабліва часта настаўніца выкарыстоўвае гэты прыём тады, калі вучні чытаюць даволі вялікія па аб’ёме тэксты не на занятках, а дома. Каб зрабіць двайны дзённік, дастаткова правесці вертыкальную лінію пасярэдзіне чыстага аркуша паперы. У левым слупку вучні пазначаюць, якая частка тэксту прыцягнула іх асаблівую ўвагу, у правым слупку пішуць каментарый да цытаты, якую адзначылі злева: чаму яна выпісана, над чым прымусіла задумацца і г.д. Чытаючы тэкст, вучні павінны спыняцца і рабіць запісы ў двайных дзённіках. Пры абмеркаванні дамашняга задання І.П.Аксянюк адразу вызначае мінімальную колькасць выпісаных цытат на пэўную тэму. Гэты прыём таксама з’яўляецца дзейсным сродкам развіцця пісьмовага маўлення вучняў.

Прыём “Кластар” педагог лічыць адным з самых эфектыўных пры вывучэнні тэорыі літаратуры. Ён добра зарэкамендаваў сябе пры вывучэнні ў 5 класе тэм “Загадкі”, “Прыказкі” і “Прыкметы і павер’і”. Складанне кластараў па гэтых тэмах дазваляе параўнаць асаблівасці народных выслоўяў і лёгка вызначыць, што ў іх агульнага і адрознага. Аналагічна гэты прыём дапамагае засвоіць у 7 класе асаблівасці прозы і паэзіі, а потым разабрацца ў такіх паняццях, як “лірычная проза” і “свабодны верш”. Кластар таксама можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы параўнальнай характарыстыкі герояў твора, напрыклад, Насцечкі і Сержа з апавядання Кузьмы Чорнага “Насцечка”.

Эфектыўна засвоіць новую інфармацыю дапамагае прыём “Маркіроўка тэксту” (“Інсерт”), які дазваляе вучням адсочваць уласнае разуменне прачытанага. Падчас чытання дзеці на палях аркуша робяць алоўкам умоўныя абазначэнні: “+”— “ведаю”; “–”— “новае (не ведаю)”; “?”— “ёсць пытанне”, “!”— “здзіўлены”. Гэты прыём патрабуе актыўнага і ўважлівага чытання. Педагог выкарыстоўвае яго пры вывучэнні артыкулаў па тэорыі літаратуры (“Пра пейзаж”, “Пра мастацкую дэталь” у 7 класе) ці пры вывучэнні твораў гістарычнай тэматыкі (“Ефрасіння Полацкая” Канстанціна Тарасава і “Славутая дачка Полацкай зямлі” Уладзіміра Бутрамеева ў 6 класе, “Меч князя Вячкі” Леаніда Дайнекі ў 7 класе).

На этапе рэфлексіі вучні суадносяць новую інфармацыю са старой, выкарыстоўваючы веды, атрыманыя на этапе асэнсавання зместу. Тут І.П.Аксянюк выкарыстоўвае кластары, табліцы, ключавыя словы, правільныя і няправільныя сцвярджэнні.

Педагог лічыць, што выкарыстанне пералічаных метадаў і прыёмаў дазваляе зрабіць навучанне больш цікавым і займальным, пры якім вучні адчуваюць радасць ад спазнання новага. Дзякуючы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, навучанне прыносіць дзецям задавальненне, становіцца мэтанакіраванай і змястоўнай дзейнасцю, якая павышае якасць ведаў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.