Вучымся зберагаць прыродныя рэсурсы

Прадстаўнікі Гомельшчыны вызначаны адразу ў некалькіх намінацыях ХIV Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2020”. Яны заваявалі ў конкурсе пяць дыпломаў.

У фінал ад Гомельшчыны прайшлі сем устаноў адукацыі. Вынікі “Энергамарафону-2020” падвялі ў рэжыме анлайн. У намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” дыплом III ступені заваявала сярэдняя школа № 14 Мазыра.

У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” дыпломам III ступені адзначаны відэаролік “Сiмвалы дабрабыту” Захара Пятрушкі, які вучыцца ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска.

Дыплом I ступені дастаўся малюнку “Запуск Астравецкай АЭС — эканомія ў маштабах краіны, планеты” Ганны Даронька з сярэдняй школы № 72 Гомеля.

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Жыткавіч адзначаны спецыяльным прызам членаў журы ў намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”.

Максім Салавей з Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя У.Ф.Міцкевіча атрымаў дыплом III ступені за праект па энергазберажэнні “Асвятленне памяшкання генератарам адкрыцця дзвярэй”. Ідэя ў тым, каб механічную энергію ад закрыцця дзвярэй перапрацоўваць у электрычную. Невялікі акумулятар усталёўваецца над дзвярамі ў майстэрні, і да яго падво­дзіцца святлодыёдная лямпачка. Зараз навучэнцы могуць заходзіць у вучэбныя памяшканні і выхо­дзіць з іх, не выкарыстоўваючы пры гэтым сеткавыя крыніцы асвятлення.

— Для нас важна, што за школьнікамі на энергамарафон прыйшлі іх бацькі, — адзначае загадчык вучэбна-практычнага цэнтра па энергазберажэнні Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Атрохава. — Яны былі кіраўнікамі праектаў. Важна і тое, што конкурс знайшоў падтрымку ў многіх прадпрыемстваў Гомельскай вобласці: “Гомельэнерга”, “Аблцепласеткі”, “Водаканал”, “Рагачоўскі МКК”, “Чырвоны Мазыранін”… Гэты конкурс закладвае падмурак паводзін моладзі. Бо, згадзіцеся, ніякія супертэхналогіі самі па сабе не вырашаць праблемы змянення клімату. Становішча да лепшага зменіцца толькі тады, калі ў чалавека з’явіцца звычка берагчы прыродныя рэсурсы.

Папулярны рэспубліканскі конкурс праектаў па эканоміі і ашчаднасці робіць новы віток. У гамяльчан ужо ёсць крэатыўныя ідэі для ўдзелу ў “Энергамарафоне-2021”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.