Вучымся зберагаць з домікам-эканомікам

- 13:21Метадычная скарбонка

Вельмі важна менавіта ў дашкольным узросце данесці да дзіцяці паняцце энергазберажэння. Але як пазнаёміць малышоў з асновамі такой складанай навукі на даступным узроўні? У пошуках рашэння гэтай праблемы наша дашкольная ўстанова выкарыстала метад праектаў, які дазволіў паглыбіць вывучэнне праблемы энергазберажэння, эканомнага выкарыстання розных відаў энергіі, зразумець ролю энергіі ў грамадстве.

У бягучым навучальным го­дзе з выхаванцамі старшай групы быў распрацаваны і рэалізаваны праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні “Эканомім разам, дружна”.

У ходзе праекта сумесна з педагогамі, выхаванцамi і бацькамі стварылі інтэрактыўны гульнявы дапаможнік “Домік-эканомік”.

На занятках гуртка зрабілі макет доміка, а дарослыя дапамаглі яго змайстра­ваць. На даху нашага доміка-эканоміка мы ўсталявалі сонечныя батарэі — для святла і пада­грэву вады. У гэтым нам дапамагла  мама аднаго з выхаванцаў, якая працуе электрыкам. Яна ж прапанавала выкарыстаць у доміку не простыя, а святлодыёдныя лямпачкі. Пры дапамозе прыбора амперметра яна паказала, што святлодыёдныя лямпачкі ўжываюць менш электрычнасці. Затым адна дзяўчынка заўважыла, што ў іх у пад’ездзе святло гарыць не ўвесь час, а толькі калі хтосьці ўваходзіць, бо ў іх стаяць датчыкі руху. Мы вырашылі ў сваім лялечным доміку-эканоміку на верандзе таксама паставіць датчыкі руху. А яшчэ бацькі расказалі нам пра ўласцівасць фольгі праводзіць электрычны ток. З яе дапамогай мы падключылі тэлевізар да сонечнай батарэі. За батарэямі ўсталявалі светлую фольгу — гэта прапанавала адно з дзяцей, якое бачыла гэта ў сябе дома. “А як нам у домік правесці ваду, водаправод жа мы не зможам падвесці?” — пыталіся дзеці. У экадамах выкарыстоўваюць дажджавую ваду. Вырашылі, што пад зліў з даху паставім бочку, а сабраную ваду падвядзём да доміка. Для падключэння святла ў гаражы мы выкарыстоўвалі ветраны млын. Як ён працуе, дзеці бачылі на занятках.

Вядома, сонечныя батарэі, ветраны млын і ўсё астатняе ў доміку-эканоміку ўсталявалі дарослыя. І вось які эканомны дом у нас атрымаўся.

А што калі выкарыстоўваць нашы веды па эканоміі энергіі ў дзіцячым са­дзе? Мы падумалі і вырашылі памя­няць лямпачкі, намаляваць знакі, плакаты, якія будуць нагадваць дзецям і дарослым аб эканоміі вады, цяпла і электраэнергіі.

У нашых групах зараз не толькі дзяжураць па сталовай, кутку прыроды і на занятках, але ёсць і дзяжурныя энергетыкі, якія со­чаць за тым, як дзеці і дарослыя выконваюць правілы эканоміі. У дадатак да інтэрактыўнага гульнявога дапаможніка “Домік-эканомік” педагогамі былі распрацаваны два комплексы інтэрактыўных гульняў, прызначаныя як для групавой, так і для індывідуальнай работы з выхаванцамі.

Такія формы работы далі магчы­масць праз цікавую, пазнавальную дзей­насць данесці да кожнага выхаванца такія складаныя паняцці, як “эканоміць”, “берагчы”, “электраэнергія”. Выхаванцы набылі навык разумнага спажывання электраэнергіі, яны сталі актыўнымі “берагошамі”, навучыліся заўважаць страту электраэнергіі дома і паведамляць пра гэта бацькам.

Таццяна БАГОЙЛА,
выхавальніца ясляў-сада № 1 Жыткавіч Гомельскай вобласці.