Вучымся жыць у бяспецы

- 15:46Нам пішуць

У Паляцкішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна належная ўвага ўдзяляецца рабоце па фарміраванні асноў бяспечных паводзін навучэнцаў у паўсядзённым жыцці. Гэтаму спрыяюць факультатыўныя заняткі “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, якія выкладае настаўніца інфарматыкі і фізікі Наталля Здзіславаўна Вайшвіла. Пад яе кіраўніцтвам днямі ў школе прайшоў тыдзень АБЖ, падчас якога былі арганізаваны творчыя заняткі, конкурсы, прагляд відэафільмаў па прадухіленні небяспекі ў жыццёвых сітуацыях.

Асаблівую цікавасць выклікаў конкурс “Знаўцы АБЖ”, падчас якога навучэнцы змагаліся за званне самага дасведчанага ў пытаннях бяспекі жыццядзейнасці. Найбольш актыўнымі аказаліся старшакласнікі, прадэманстравалі веды, практычныя навыкі, уменне знайсці выхад з нестандартных сітуацый. Навучэнцы прайгравалі надзвычайныя сітуацыі, якія могуць здарыцца ў жыцці, падрыхтавалі апавяданні аб дзеяннях пры дарожна-транспартным здарэнні, пры ўзнікненні пажару, нагадалі правілы паводзін чалавека ва ўмовах нізкіх тэмператур, паводкі.

У рамках тыдня адбылася сустрэча навучэнцаў з прадстаўніком Воранаўскага раённага аддзялення Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Фёдарам Канстанцінавічам Кулішом. Ён нагадаў вучням правілы паводзін на вадзе, расказаў аб мерах перасцярогі на лёдзе, аб спосабах ратавання і аказання першай дапамогі пацярпеламу, які праваліўся пад лёд. Падчас сустрэчы ўвага навучэнцаў была скіравана на разуменне галоўнай ідэі тыдня АБЖ: правілы бяспечных паводзін неабходна ведаць і выконваць у рэальным жыцці.

Іван ГАБІС,
сацыяльны педагог Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.