Вучыць бачыць прыгожае

У працоўнай скарбонцы педагога дадатковай адукацыі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Ю.В.Прохаравай мноства высокіх дасягненняў. Яна пераможца шматлікіх творчых і прафесійных конкурсаў, яе плённая праца неаднаразова адзначалася граматамі мясцовых выканаўчых улад. Сёлета Юлія Валер’еўна атрымала перамогу ў абласным конкурсе “Педагог дадатковай адукацыі”, а яшчэ стала ўладальніцай ганаровага звання “Лепшы па прафесіі”. У чым сакрэт такога прафесійнага поспеху?

— Напэўна, трэба проста любіць сваю работу. Я кожны дзень з радасцю накіроўваюся ў цэнтр, з натхненнем чакаю сустрэчы са сваімі вучнямі. У дадатковай адукацыі я знайшла сябе, тут мне ўдалося аб’яднаць сваё захапленне педагогікай і творчасцю. Я займаюся справай, да якой у мяне сапраўды ляжыць душа, — паведаміла Ю.В.Прохарава.

Настаўніцкая прафесія заўсёды прыцягвала Юлію Валер’еўну. У дзяцінстве яна любіла гуляць у школу: рассаджвала цацкі і пераўвасаблялася ў педагога, праводзіла ўрок. Але яшчэ больш захапляла яе дэкаратыўна-прыкладная творчасць.

— У мяне вельмі творчая сям’я. Бабуля — майстрыха-вышывальшчыца, дзядзька — таленавіты мастак. Я таксама з дзяцінства малявала, таму і першую сваю адукацыю атрымала ў Бабруйскім мастацкім каледжы імя Ларына. Там асвоіла прафесіі настаўніка малявання і чарчэння, майстра вытворчага навучання. А яшчэ ў гэтай навучальнай установе, дзякуючы мясцовым выкладчыкам Ула­дзіміру Самачарнову і Анатолю Концу, я атрымала тыя веды, якія паўплывалі на маё развіццё і станаўленне як педагога, — расказала Ю.В.Прохарава.

Свой педагагічны шлях Юлія Валер’еўна пачала ў Бабруйскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі слыху. Доўгі час працавала там на пасадзе выхавальніка. Гэта было для яе каштоўным вопытам, які дапамог адтачыць прафесійныя навыкі, знайсці свае педагагічныя арыенціры. Працуючы з асаблівымі дзецьмі, Ю.В.Прохарава выкарыстоўвала індывідуальныя праграмы навучання. Вынікам гэтай дзейнасці стала абагульненне педагагічнага вопыту “Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў з АПФР сродкамі выяўленчага мастацтва”.

— Школа-інтэрнат, яе педагагічны калектыў, навучэнцы далі мне вельмі многае. Але я пераканана, што для сучаснага педагога важна пастаяннае прафесійнае развіццё. Для таго каб вучыць іншых, трэба ўвесь час вучыцца самому. Толькі тады будзеш цікавы дзецям, — ­адзначыла Юлія Валер’еўна.

Імкненне да самаразвіцця і самаадукацыі прывяло яе ў МДУ імя А.А.Куляшова. Новыя веды Ю.В.Прохарава вырашыла паспрабаваць прымяніць у новай сферы. Стала педагогам у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска.

— Калі прыйшла ў дадатковую адукацыю, палюбіла сваю справу яшчэ больш. Мне падабаецца раскрываць творчы патэнцыял дзяцей, вучыць іх бачыць прыгожае ў штодзённым, — падкрэсліла Юлія Валер’еўна.

Зараз Ю.В.Прохарава кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Каларыт” на базе клуба “Лотас”, які дзейнічае ва ўстанове. Гурток мае мастацкі профіль. Падчас заняткаў навучэнцы набываюць навыкі малюнка, жывапісу і кампазіцыі, знаёмяцца з рознымі мастацкімі матэрыяламі, відамі выяўленчай творчасці. Хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадаюць вучыцца ў Юліі Валер’еўны, заўсёды шмат.

У гэтым навучальным годзе аб’яднанне “Каларыт” два разы на тыдзень наведваюць пяць груп навучэнцаў. У асноўным гэта дашкольнікі. Але ёсць і група вучняў ва ўзросце 7—12 гадоў.

Усе заняткі ў гуртку яркія, займальныя, запамінальныя. Урокі праходзяць калектыўна, але ў той жа час педагог да кожнага вучня стараецца знайсці індывідуальны падыход.

— Я ніколі не параўноўваю дзяцей паміж сабой, бо кожны з іх па-свойму таленавіты. Гэтыя таленты я імкнуся ўсяляк развіваць. Не прыгнятаючы ўменні дзяцей, а абуджаючы ўкладзеныя ў іх прыродай якасці, — расказала Ю.В.Прохарава.

Імкнецца Юлія Валер’еўна і да таго, каб кожныя заняткі былі непаўторнымі, непадобнымі на папярэднія. Для гэтага пастаянна вывучае сучасныя адукацыйныя тэндэнцыі. Свае ўрокі яна будуе, грунтуючыся на ўключэнні дзяцей у актыўную творчую дзейнасць, сувязі тэорыі з прак­тыкай, сістэмнасці і паслядоўнасці, даступнасці і нагляднасці. А яшчэ — рэгулярна стараецца выкарыстоўваць незвычайныя формы правядзення заняткаў.

— Для мяне вельмі важна, каб дзіця ішло з заняткаў шчаслівым. Зараз у асноўным працую з малышамі, таму на кожным уроку арганізоўваю маленькія цуды, дзе галоўнымі чараўнікамі выступаюць самі дзеці. Але каб цуд здарыўся, важна бачыць кожнага вучня, натхніць яго і захапіць, — пераканана Ю.В.Прохарава.

Асаблівую ўвагу ў сваёй педагагічнай дзейнасці Юлія Валер’еўна ўдзяляе рабоце з адоранымі выхаванцамі. Матывацыю дзяцей на самаўдасканаленне, поспех, заваяванне творчых вышынь педагог лічыць асабліва важнай. На працягу кожнага навучальнага года яе выхаванцы прымаюць удзел у розных конкурсах і выставах. Практычна з усіх творчых спаборніцтваў вучні Ю.В.Прохаравай вяртаюцца з прызавымі дыпломамі.

Сваёй работай Юлія Валер’еўна захоплена цалкам. У дадатковай адукацыі яна плённа працуе на працягу ўжо больш як пятнаццаці гадоў. За гэты час дасягнула значных працоўных поспехаў, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Але, нягледзячы на важкі вопыт, як і на пачатку свайго педагагічнага шляху, яна пастаянна імкнецца да прафесійнага самаўдасканалення. Гэтае імкненне прывяло яе і да ўдзелу ў абласным конкурсе “Педагог дадатковай адукацыі”.

З падрыхтоўкай да конкурснага марафону ёй дапамагаў увесь педагагічны калектыў цэнтра. Вынікам стала абсалютная перамога.

— Вядома, агульнае прызнанне маёй працы і прысуджэнне звання “Лепшы педагог дадатковай адукацыі” мне былі прыемныя. Але я не лічу гэтае дасягненне толькі сваёй перамогай. Гэта наша перамога. Без падтрымкі калектыву, маіх вучняў, перамагчы было б няпроста, бо сапернікі былі больш чым годныя, — расказала Юлія Валер’еўна, падкрэсліўшы, што, дасягнуўшы гэтай прафесійнай вышыні, спыняцца на дасягнутым не збіраецца. Плануе працягваць павышаць прафесійнае майстэрства, напаўняць творчасцю свае заняткі, бо гэта прыносіць ёй галоўную ўзнагароду ад працы — радасны бляск у вачах навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Ю.В.Прохаравай.