Вучыць бачыць прыгожае

- 12:00Навіны рэгіёнаў

Думка пра тое, што ў дзейнасці кожнага настаўніка важны творчы падыход, гучала неаднойчы. А што, калі педагагічная дзейнасць сама па сабе пастаянная, бесперапынная творчасць? Напрыклад, як у педагога дадатковай адукацыі шклоўскага ЦДТ “Прамень” Іны Плясоўскіх.

Тварыць Іне Альбертаўне падабалася з дзяцінства. Школьніцай яна з задавальненнем наведвала разнастайныя гурткі. Асабліва ж захапляла яе саломапляценне. На гэта паўплывалі педагогі, якія ўмелі зацікавіць ідэяй, падштурхнуць на творчасць.
— Ды і саломка сама па сабе цудоўны матэрыял — своеасаблівае сялянскае золата. Вырабы з яе атрымліваюцца сонечныя, светлыя. Напэўна, з-за гэтага гурток саломапляцення я заўсёды наведвала з радасцю, — успамінае Іна Альбертаўна. Аднак пра тое, каб звязаць з творчасцю прафесію, школьніца Іна тады не задумвалася. А вось працаваць з дзецьмі хацелася. Таму, паставіўшы саломапляценне ў разрад хобі, яна паступіла на вучобу ў Магілёўскі педагагічны інстытут, цяпер МДУ імя А.А.Куляшова.— Я выбрала дашкольнае аддзяленне. Марыла ўсяляць добрае і вечнае ў душы малых. Але лёс склаўся так, што пасля атрымання дыплома працаваць стала не выхавальнікам у дзіцячым садку, а метадыстам у адным з раённа-метадычных цэнтраў Магілёва, — расказвае Іна Плясоўскіх.
Праца падабалася, але вось рэалізацыі свайго ўнутранага патэнцыялу Іна Альбертаўна не адчувала. Шукаць сябе зноў стала ў творчасці. Калега па аддзеле гэтак жа, як і яна, захаплялася саломапляценнем. Дзякуючы яе падказкам, у Іны Плясоўскіх атрымалася значна ўдасканаліць свае навыкі ў гэтым майстэрстве.
А неўзабаве Іна Альбертаўна выйшла замуж. Муж быў родам са Шклоўскага раёна, і маладая сям’я адправілася на яго малую радзіму.
— Пасад мне прапанавалі некалькі. У пераліку была і вакансія педагога дадатковай адукацыі ў раённым Цэнтры дзіцячай творчасці. Я абрала менавіта гэтую працу. З таго моманту прайшло ўжо 15 гадоў, і аб сваім рашэнні я ні разу не пашкадавала. Наадварот, рада, што выпадак прывёў мяне ў цэнтр, бо тут я знайшла сябе, сваё прызванне, — дзеліцца субяседніца.
Прыйшоўшы працаваць у цэнтр, Іна Плясоўскіх арганізавала аб’яднанне па інтарэсах “Майстрыха”. Вучыцца ствараць са звычайнай саломы шэдэўры пажадалі многія. Цікавасць да гуртка саломапляцення не падае і цяпер.
— Штотыдзень на заняткі ў гурток прыходзіць амаль 40 дзяцей. Усе яны рознаўзроставыя. Ёсць першакласнікі, ёсць вучні 7—8 класаў, — адзначае Іна Альбертаўна.
Характэрна, што ў гуртку няма выпадковых дзяцей. Усе ішлі ў гэтае аб’яднанне па інтарэсах мэтанакіравана і вучацца старанна. Старэйшыя дзеці наведваюць гурток таксама з пачатковых класаў, паступова авалодваючы асновамі майстэрства.
— Мы ўжо 6 гадоў у гурток ходзім. Нам вельмі падабаецца. Іна Альбертаўна — самы лепшы педагог. Яна заўсёды ўсё растлумачыць, пакажа. А яшчэ яна вельмі спагадлівая. Да яе можна па любую параду звярнуцца, — кажа Дар’я Маланачкіна.
— А яшчэ мы пад яе кіраўніцтвам у конкурсах пастаянна ўдзельнічаем. І перамагаем, — з гонарам дабаўляе Лізавета Хрытанькова.
Сапраўды, Іна Плясоўскіх важным лічыць матывацыю дзяцей на самаўдасканаленне, поспех, заваяванне творчых вышынь.
— Працаваць над сабой неабходна. Я сама пастаянна займаюся самаадукацыяй, шукаю новыя методыкі. Для гэтага нястомна вывучаю літаратуру, наведваю семінары, канферэнцыі, на якіх можна даведацца нешта новае, абмяняцца вопытам з калегамі. На ўдасканаленне ведаў і навыкаў накіроўваю і сваіх вучняў, — адзначае Іна Альбертаўна.
Паводле яе слоў, удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах і аглядах бесперапынна ідзе на працягу ўсяго навучальнага года. Акрамя гэтага, вучні аб’яднання па інтарэсах “Майстрыха” са сваім педагогам актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх святочных мерапрыемствах горада, на якіх арганізоўваюць свае персанальныя выставы.
Практычна з усіх конкурсаў выхаванцы Іны Плясоўскіх вяртаюцца з прызавымі дыпломамі. Але, нават калі выраб не ўдастоіўся ўзнагароды, яна вучыць дзяцей не рабіць з гэтага трагедыю, а правесці своеасаблівую работу над памылкамі. Разам з выхаванцамі Іна Альбертаўна дэталёва вывучае, чым іншыя вырабы былі лепшыя, дзе іх работа была зроблена не зусім якасна. А потым дзеці імкнуцца дасягнуць дасканаласці ў тым, што раней у іх атрымлівалася не вельмі добра.
Усе заняткі ў гуртку “Майстрыха” яркія, займальныя, запамінальныя. Урокі праходзяць калектыўна, але ў той жа час педагог да кожнага вучня стараецца знайсці індывідуальны падыход.
— Я ніколі не параўноўваю дзяцей паміж сабой. Ні адзін з іх не падобны на іншага. Кожны па-свойму таленавіты. Гэтыя таленты я імкнуся ўсяляк развіваць, не прыгнятаючы ўменні дзяцей, а абуджаючы ўкладзеныя ў іх прыродай якасці, — кажа Іна Альбертаўна.
Адметна і тое, што гэты неардынарны педагог не баіцца ўпускаць вучняў у сваю асабістую прастору. Дзеці падбягаюць да яе на вуліцы, не саромеючыся дзеляцца сваімі праблемамі і дасягненнямі. Фактычна для навучэнцаў яна не толькі педагог, але і старэйшы таварыш, які дапаможа ў любой складанай сітуацыі. Такі давер дарагога варты, і Іна Альбертаўна стараецца яго апраўдваць.
Сваёй працай педагог захоплена цалкам. Нават дома ў яе заўсёды маецца запас апрацаванай саломы, каб пры выпадку была магчымасць заняцца любімай справай, бо часам творчыя ідэі прыходзяць нечакана. Дамашнія з разуменнем ставяцца да свайго няўрымслівага творцы, усяляк падтрымліваючы. Муж Валерый дапамагае нарыхтоўваць матэрыял для творчасці, а дачка Лізавета, якая на працягу некалькіх гадоў наведвае гурток, дык ужо і зусім гатова пайсці па матчыных слядах.
Захопленасць Іны Альбертаўны творчасцю і педагогікай не засталася не заўважанай кіраўніцтвам Цэнтра дзіцячай творчасці “Прамень”, якое вылучыла яе кандыдатуру на ўдзел у абласным конкурсе “Педагог дадатковай адукацыі года”. Іна Плясоўскіх доўга адмаўлялася з-за прыроднай сціпласці і боязі сцэны, аднак урэшце пагадзілася. З падрыхтоўкай да конкурснага марафону ёй дапамагаў увесь педагагічны калектыў цэнтра, не засталіся ўбаку і яе вучні. Вынікам стала абсалютная перамога.
— Вядома, агульнае прызнанне маёй працы і прысуджэнне звання “Лепшы педагог дадатковай адукацыі” мне былі прыемныя. Але я не лічу гэта дасягненне толькі сваёй перамогай. Гэта наша перамога. Без падтрымкі калектыву, маіх вучняў перамагчы было б не проста, бо сапернікі былі годныя, — адзначыла Іна Альбертаўна. Яна падкрэсліла, што, дасягнуўшы гэтай прафесійнай вышыні, спыняцца не збіраецца.
— Буду імкнуцца да павышэння прафесійнага майстэрства, каб і далей вучыць дзяцей бачыць прыгожае ў штодзённым, — паабяцала педагог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.