Вучыць бізнесу са школы

- 16:10Рознае, Суразмоўца

Рэспубліканскі саюз наймальнікаў “БелСН” сёння з’яўляецца адным з самых аўтарытэтных аб’яднанняў у нашай краіне. У яго склад уваходзяць больш за 100 прадпрыемстваў і арганізацый, якія налічваюць больш за 50 тысяч працуючых. У ліку партнёрскіх арганізацый БелСН знаходзяцца Міжнародны кангрэс і Расійскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, рэгіянальныя прадпрымальніцкія аб’яднанні Расіі, бізнес-асацыяцыі краін Балтыі, Польшчы, Малдовы і іншых краін. З улікам істотных інавацыйных пераўтварэнняў у нашай эканоміцы, у тым ліку мадэрнізацыі галін вытворчасці, сёння Рэспубліканскі саюз наймальнікаў істотна актывізаваў сваю дзейнасць з мэтай павышэння якасці працоўных рэсурсаў, пошуку новых падыходаў у развіцці прадпрымальніцтва і бізнесу, узмацнення супрацоўніцтва наймальнікаў і сістэмы адукацыі. Аб усім гэтым нашым чытачам расказвае Сяргей Дзмітрыевіч ЖАРНІКАЎ, генеральны дырэктар Рэспубліканскага саюза наймальнікаў “БелСН”.

— Сяргей Дзмітрыевіч, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна аб вашай арганізацыі і яе ролі ў фарміраванні працоўных рэсурсаў нашай краіны.
— Наша аб’яднанне з’яўляецца адной з першых у Беларусі арганізацый, якая прадстаўляе інтарэсы работадаўцаў. Яна распачала сваю дзейнасць яшчэ ў 90-х гадах. Заснавальнiкам саюза з’яўляецца Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя. За час яго існавання было зроблена вельмі шмат у фарміраванні працоўных рэсурсаў нашай краіны, і, па сутнасці, быў узведзены фундамент для развіцця сацыяльнага партнёрства. У параўнанні з іншымі краінамі СНД, у Беларусі гэтае партнёрства развіта намнога лепш, і мы дастаткова дакладна разумеем, якія павінны адбывацца ўзаемаадносіны паміж кіраўніцкімі структурамі, наймальнікамі, сферай адукацыі. Гэтыя стасункі замацаваны ў існуючай нарматыўнай прававой базе і дазваляюць рэгуляваць адносіны ў дастатковай меры, але адсутнасць базавага закона, які б дакладна вызначаў правы і абавязкі саміх наймальнікаў, параджае расплыўчатасць у гэтай сферы дзейнасці, аслабляе іх адказнасць і не спрыяе эфектыўнасці работы.
Таму і наш саюз прадпрымальнікаў ставіць перад сабой задачы, каб стварыць усе ўмовы для ўзаемадзеяння ўсіх структур і прадукцыйна ўплываць на развіццё працоўных рэсурсаў нашай краіны. Хаця гэта няпроста. Сёння ў Беларусі каля 100 тысяч юрыдычных асоб з ліку прадпрыемстваў і арганізацый, але пакуль аб’яднаны не больш за 2 тысячы. У параўнанні з іншымі краінамі гэтая колькасць вельмі малая. Напрыклад, у Германіі існуе 100-працэнтны ўдзел наймальнікаў у такіх аб’яднаннях. Гандлёва-прамысловая палата гэтай краіны разам з саюзамі работадаўцаў-прамыслоўцаў маюць аднолькавую адказнасць за падрыхтоўку прафесійных кадраў, і, што адметна, гэтыя функцыі перададзены ім самой дзяржавай. На жаль, у нашай краіне ўсе гэтыя структуры працуюць пакуль разрознена. Па-ранейшаму не ўдаецца дабіцца ўзаемаразумення паміж сістэмай адукацыі і наймальнікамі кадраў у падрыхтоўцы кадраў, і разарваную сувязь паміж навучальнымі ўстановамі і прадпрыемствамі цяжка ўзнавіць. Хаця для цеснага ўзаемадзеяння паміж імі ў нашай краіне ёсць усе падставы. Нацыянальная сістэма прафесійнай адукацыі ў нас захавана, развіваецца вельмі хутка, эфектыўна і імкнецца не адставаць ад міжнародных патрабаванняў і запытаў рынку працы. Але адукацыйнай галіне перададзены і ўсе функцыі падрыхтоўкі кадраў. Нават да падачы заявак на спецыяліста нашы наймальнікі адносяцца фармальна, не прыдаючы значэнне, хто прыйдзе да іх працаваць, які гэта будзе спецыяліст і якім будзе яго прафесійны ўзровень. Не гаворачы ўжо аб тым, каб ствараць прагноз на колькасць патрэбных кадраў і ўдзельнічаць у фарміраванні зместу прафесійнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Як я ўжо сказаў, пакуль цалкам уся гэтая місія адведзена адной адукацыйнай галіне, як і ўся адказнасць за падрыхтоўку кадраў. Але, мякка кажучы, гэта няправільна. Існуючы дысбаланс у адносінах паміж сістэмай адукацыі і заказчыкамі кадраў прыводзіць да дысбалансу на рынку працы. Таму трэба вызначыць як правы і абавязкі наймальнікаў у гэтым кірунку, так і іх адказнасць за свой участак работы, што дазволіла б падштурхнуць наймальнікаў да больш актыўнага ўдзелу ў падрыхтоўцы кадраў і забяспечыць збалансаванасць эканомікі і рынку працы.

— На нядаўнім савеце прадпрымальніцтва нашай краіны першы намеснік міністра адукацыі А.І.Жук заклікаў прадстаўнікоў бізнесу больш актыўна ўключацца ў падрыхтоўку кадраў для сваіх арганізацый.
— Сапраўды, бізнес крыху пасіўна, адасоблена рэагуе на гэтыя працэсы, але сцвярджаць катэгарычна, што сфера бізнесу і прадпрымальніцтва адмежавана ад працэсу падрыхтоўкі кадраў, нельга. Прадпрыемствы і арганізацыі рэгулярна плацяць падаткі, з якіх істотная частка накіроўваецца і на падрыхтоўку кадраў. Іншая справа, як тлумачаць работадаўцы, што ў іх не даходзяць рукі, каб больш актыўна ўдзельнічаць у прафесійнай падрыхтоўцы, больш цесна супрацоўнічаць з навучальнымі ўстановамі, займацца фарміраваннем вучэбных планаў і праграм. Мажліва (і аб гэтым сёння актыўна гавораць), што на больш цесны кантакт адукацыі з заказчыкамі кадраў паўплывала б укараненне дуальнай падрыхтоўкі, калі б тэарэтычная частка навучання праходзіла ва ўстанове адукацыі, а практычная — непасрэдна на прадпрыемстве. Гэта не толькі дапамагло б усталяваць больш трывалыя адносіны паміж адукацыяй і вытворчасцю, але павысіла б якасць навучання будучых спецыялістаў.
Нядаўна і кіраўнік нашай краіны заўважыў, што ў падрыхтоўцы кадраў трэба большую ўвагу ўдзяляць практычнай падрыхтоўцы, не абмяжоўваць студэнтаў вучэбнымі аўдыторыямі, а накіроўваць іх на прадпрыемствы і арганізацыі непасрэдна ў рабочых калектывах, на рабочых месцах больш глыбока засвойваць будучыя спецыяльнасці. Бясспрэчна, такі падыход істотна павысіць прафесійныя ўменні і навыкі будучых спецыялістаў, дазволіць больш імкліва адаптаваць выпускнікоў да рэальнай вытворчасці і ў канчатковым выніку дазволіць узмацніць стасункі сістэмы адукацыі і работадаўцаў. Важна ў гэтым зрабіць больш эфектыўным і наша прадпрымальніцкае аб’яднанне. І гэта зразумела. Міністэрству адукацыі, як і іншай зацікаўленай структуры, цяжка наладзіць цесныя ўзаемаадносіны з шматтысячнай арміяй прадпрыемстваў і арганізацый нашай краіны, яму лягчэй працаваць з аб’яднаннямі, саюзамі, якія прадстаўляюць тую ці іншую сферу дзейнасці.
Трэба прызнаць, што наша моладзь яшчэ недастаткова інфармаваная на стадыі школы, пачатковай прафесійнай адукацыі аб развіцці сусветных тэндэнцый гэтай сферы, аб яе значнасці ў сённяшняй эканоміцы. Дзесяцігоддзямі ў нашых дзяцей пад уплывам бацькоў складваецца стэрэатып аб прафесіі рабочага як чалавека-няўдачніка, які пайшоў працаваць на завод, бо больш ні на што не здольны. У нейкай меры такія меркаванні cклаліся і з прычыны недасведчанасці маладых людзей, слабай прафарыентацыйнай работы і ўвогуле адсутнасці нейкіх брэндавых знакаў, якія маглі б стаць сімваламі прафесійнай адукацыі і паказвалі гэтую галіну з больш пазітыўнага боку. Вось, напрыклад, у краінах Еўропы такое стаўленне да рабочай прафесіі ўжо даўно фарміруецца. Напрыклад, з мэтай зацікавіць маладых людзей прафесійнай сферай дзейнасці ва ўстановы адукацыі з боку прадпрымальнікаў і бізнес-кампаній паступае шмат інфармацыі ў розным фармаце аб развіцці сусветнай навукі і тэхнікі, нанатэхналогій, дасягненнях і распрацоўках, кар’ерным і прафесійным росце спецыялістаў.
Важным у фарміраванні іміджу рабочых з’яўляюцца захады, якія робіць Міністэрства адукацыі нашай краіны па ўдзеле Беларусі ў міжнародным руху WorldSkills International, і наша арганізацыя таксама будзе падтрымліваць і папулярызаваць гэты кірунак, які толькі станоўча паўплывае на развіццё прафесійнай адукацыі нашай краіны.
З мэтай узняцця іміджу рабочай прафесіі на больш высокі ўзровень наш саюз выбудоўвае адносіны з Міністэрствам адукацыі, з Нацыянальнай акадэміяй навук, РІПА, з Еўрапейскім фондам адукацыі, з вядучымі прадпрыемствамі. Мы ўносім прапановы, будуем метадалогію работы, каб павысіць цікавасць нашай моладзі да прафесійнай адукацыі і больш актыўнага фарміравання працоўных рэсурсаў з ліку творчых, ініцыятыўных маладых людзей, здольных працаваць у мадэрнізаванай эканоміцы нашай краіны.

— Сёння маладыя рабочыя і спецыялісты прыходзяць у новую эканоміку, на мадэрнізаваныя прадпрыемствы, таму і змест навучання павінен мець новыя інавацыйныя падыходы, несці новыя веды, больш скіраваныя на выкарыстанне сучасных тэхналогій.
— Так, старыя падыходы ўжо неэфектыўныя. Чалавечы капітал павінен ісці наперадзе, удасканальваць свае веды і нават ісці на апярэджанне. Таму і наш Рэспубліканскі саюз наймальнікаў ставіць у аснову сваёй дзейнасці такія кірункі, як захаванне і актыўнае выкарыстанне чалавечага капіталу ў мадэрнізацыі нашай эканомікі, інавацыйнае прадпрымальніцтва, прадпрымальніцтва моладзі, абарона інтарэсаў працоўных рэсурсаў. Таму актыўна працуючы з прадпрыемствамі, з установамі адукацыі, многія з якіх з’яўляюцца членамі нашага саюза, мы імкнёмся стварыць усе ўмовы для таго, каб на рынку працы не існавала перакосаў. У ліку новых напрамкаў, якія мы ўнеслі ў нашу дзейнасць, можна вызначыць некалькі самых прыярытэтных. У першую чаргу мы робім стаўку на інавацыйнае развіццё прадпрымальніцтва. Але не ўсё ў гэтым ідзе гладка. Сёння шэраг бізнес-кампаній працуе па інавацыйных праектах з адоранай моладдзю. Але калі прывесці статыстыку, то частка інавацыйна актыўных прадпрыемстваў, якія ўкараняюць найноўшыя тэхналогіі, зусім невялікая і складае толькі некалькi працэнтаў. Гэта падштурхоўвае нас да адкрыцця іншых ніш для інавацыйнай дзейнасці моладзі. І гэта ўжо адбываецца. Сёння вельмі папулярныя бізнес-інкубатары, тэхнапаркі, тэхнаполісы, інавацыйныя пляцоўкі на базе ўніверсітэтаў, якія сталі, па сутнасці, асновай для развіцця ўніверсітэцкай навукі — лакаматыва інавацыйнай дзейнасці. Інавацыйныя праекты студэнцкай моладзі павінны быць падтрыманы бізнесам на стадыі іх стварэння, прасоўвання і, самае галоўнае, на стадыі іх укаранення ў эканоміку, каб нарэшце пазбегнуць тэндэнцыі апошніх гадоў, калі ўнікальныя распрацоўкі так і заставаліся ў шафах і не даходзілі да практычнага ўкаранення. Я мяркую, што сувязь сістэмы адукацыі з прамысловым бізнесам дазволіць аказаць садзеянне ва ўкараненні гэтых праектаў, і наш саюз гатовы дапамагаць у гэтым.
Сёння членамі нашага аб’яднання з’яўляюцца Беларускі інавацыйны фонд, Мінскі гарадскі тэхнапарк, Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ, якія непасрэдна займаюцца развіццём інавацыйнай дзейнасці.
Напрыклад, Мінскі гарадскі тэхнапарк створаны для аказання сістэматычнай падтрымкі прадпрыемствам Мінска ў рэалізацыі інавацыйных праектаў шляхам прадастаўлення льгот і прэферэнцый, прадугледжаных заканадаўствам. Тэхнапарк стварае спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу ў высокатэхналагічнай сферы, аказвае падтрымку наваствораным інавацыйным кампаніям. Заснавальнікі прадпрыемства — БДУ, Беларускі інавацыйны фонд і Мінгарвыканкам. Асноўныя напрамкі дзейнасці тэхнапарка — гэта біятэхналогіі, нанатэхналогіі, дакладнае прыборабудаванне і спецыялізаваная металаапрацоўка — галіны з высокім дабаўленым коштам. Мінскі гарадскі тэхнапарк праводзіць конкурс сярод прадпрыемстваў і арганізацый Мінска на права атрымання статусу рэзідэнта тэхнапарка. Зараз рэзідэнтамі тэхнапарка з’яўляюцца больш за 20 прадпрыемстваў, у складзе якіх працуюць маладыя, ініцыятыўныя, творчыя людзі, схільныя да навуковых даследаванняў і адкрыццяў. Стварэнне такога тэхнапарка дазволіла арганізаваць новыя рабочыя месцы ў сферы інавацыйных тэхналогій, сфарміраваць новую высокатэхналагічную індустрыяльную зону ў Мінску, аказаць падтрымку пры станаўленні малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы інавацыйных тэхналогій, забяспечыць укараненне ў вытворчасць навуковых распрацовак, у тым ліку і мінулых гадоў, на якія былі затрачаны істотныя дзяржаўныя сродкі.

— Як наладжана супрацоўніцтва вашага саюза з інстытутам бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ?
— Нашы дзелавыя стасункі з кожным годам узмацняюцца. Гэта адна з вядучых устаноў, якая ажыццяўляе падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у галіне бізнес-адукацыі, лагістыкі, фінансаў, IT-тэхналогій. Прыкладам цесных стасункаў з’яўляецца ўдзел нашай арганізацыі ў шэрагу міжнародных навукова-практычных канферэнцый па актуальных праблемах бізнес-адукацыі. Звычайна ў такіх мерапрыемствах удзельнічаюць таксама прадстаўнікі бізнесу і дзелавых колаў Беларусі і іншых краін, выкладчыкі і стваральнікі вучэбных праграм у галіне бізнес-кіравання. Асноўнай мэтай канферэнцый з’яўляецца абмеркаванне праблем бізнес-адукацыі для забеспячэння ўстойлівага інавацыйнага развіцця эканомікі розных краін, арганізацыя міжуніверсітэцкага і міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі кіраўніцкіх кадраў. У час пасяджэнняў разглядаюцца такія пытанні, як аналіз тэндэнцый і вызначэнне перспектыў развіцця бізнес-адукацыі, шляхі ўніфікацыі адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм, адаптацыі і інтэграцыі бізнес-адукацыі ў еўрапейскую і сусветную адукацыйную прастору, абмеркаванне шляхоў развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства паміж бізнесам і ўстановамі адукацыі, стварэнне перспектыўных праграм падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай эканомікі.

— Сяргей Дзмітрыевіч, хацелася б даведацца, што мяркуецца зрабіць на дзяржаўным узроўні па развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці ў нашай краіне? У якой меры будзе далучана да гэтага сістэма адукацыі?
— Нядаўна адбылося чарговае пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва Рэспублікі Беларусь пад старшынствам яго кіраўніка намесніка прэм’ер-міністра П.П.Пракаповіча, дзе разглядаліся пытанні кадравага забеспячэння прадпрымальніцкай дзейнасці. Што тычыцца адукацыі, то адным з напрамкаў далейшай работы стане вызначэнне прававога статусу школьных бізнес-кампаній, якія, як вядома, знайшлі сваё шырокае распаўсюджанне ў сістэме адукацыі многіх рэгіёнаў нашай краіны. Для далейшага развіцця гэтага напрамку з новага навучальнага года плануецца ўвесці факультатыў па вывучэнні ва ўсіх школах краіны асноў эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. Сумесна з прадпрымальніцкімі аб’яднаннямі адукацыйная галіна павінна забяспечыць аператыўную распрацоўку адукацыйных праграм па новых напрамках бізнесу і ў далейшым адкрыць ва ўстановах прафесійнай адукацыі новыя спецыяльнасці і спецыялізацыі.
На базе Міністэрства адукацыі з удзелам БДУ, БДЭУ плануецца арганізаваць рабочую групу па распрацоўцы Канцэпцыі фарміравання і развіцця нацыянальнай сістэмы бізнес-адукацыі, дзе будзе прадугледжана эканамічнае стымуляванне арганізацый рознай формы ўласнасці да доўгатэрміновага супрацоўніцтва з установамі адукацыі, у тым ліку па арганізацыі вытворчай практыкі студэнтаў, правядзенні сумесных навукова-практычных даследаванняў, далучэнні кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў да выкладання, кіраўніцтва дыпломнымі і магістарскімі дысертацыямі. Акрамя таго, мяркуецца ўнесці дапаўненні ў Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых па ўзроўні вышэйшай адукацыі і прадугледзець для канкрэтных пасад неабходнасць наяўнасці ступені магістра па профільнай спецыяльнасці альбо магістра ў галіне бізнес-адміністравання. Сумесна з Цэнтрам сістэмных даследаванняў праблем моладзі БДУ будзе распрацавана пытанне аб мэтазгоднасці рэалізацыі пілотнага праекта па стварэнні цэнтра падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва ў аграгарадку Ракаў.

 

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.