Вучыць добраму

- 10:30Людзі адукацыі

Рэаліі часу ставяць перад настаўнікам новыя прафесійныя задачы. Сучаснасць патрабуе ад педагога асваення новых прафесійных роляў. Такой думкі прытрымліваецца настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Забялышынскай сярэдняй школы Хоцімскага раёна Мікалай Васільевіч Каткоў.

— Толькі высокаадукаваныя прафесіяналы, якія шчыра любяць сваю Ра­дзіму, змогуць забяспечыць незалежнасць, канкурэнтаздольнасць, шчасце будучых пакаленняў, якія жывуць на беларускай зямлі. Выкананне гэтай важнай і адказнай функцыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі патрабуе ад педагога асваення шэрага важных прафесійных роляў. Сучаснаму настаўніку трэба быць для вучня і кансультантам, і мадэратарам, і цьютарам. Але самае важнае — настаўнік павінен быць для навучэнцаў прыкладам грамадзяніна-патрыёта сваёй Радзімы, сваёй дзяржавы. Бо ў святле падзей, што адбываюцца ў свеце, асабліва ясна: страціўшы ці нават паслабіўшы патрыятызм, а таксама звязаныя з ім нацыянальны гонар і годнасць, мы страцім сваю цэласнасць як народ, — перакананы М.В.Каткоў.

Гэтыя перакананні ляжаць у аснове ўсёй педагагічнай дзейнасці Мікалая Васільевіча. Навучанне ён непарыўна звязвае з выхаваннем. Так у свой час рабілі яго настаўнікі. І гэтых прынцыпаў М.В.Каткоў таксама прытрымліваецца нязменна.

— Школьныя і ўніверсітэцкія педагогі заклалі ў маю асобу трывалы падмурак, які па сённяшні дзень дазваляе спраўляцца з любымі жыццёвымі цяжкасцямі. З глыбокай павагай успамінаю свайго класнага кіраўніка Еўдакію Міхайлаўну Патапаву. З ёй мы ўсім класам здзяй­снялі гісторыка-краязнаўчыя паходы, якія пакінулі глыбокі след у маім сэрцы. Асновы прафесіі для мяне адкрывалі не менш цудоўныя педагогі з МДУ імя А.А.Куляшова: Вячаслаў Фёдаравіч Капыцін, Якаў Рыгоравіч Рыер, Анатоль Барысавіч Кузняцоў і іншыя. Асаблівую ролю ў маім лёсе, станаўленні мяне як педагога адыграў тагачасны дэкан гістфака Пётр Фраловіч Дзмітрачкоў. Нягледзячы на высокую пасаду, на першым месцы ў яго заўсёды былі агульначалавечыя прынцыпы. Гэта дзякуючы яго парадзе я быў размеркаваны на работу ў вёску Забялышын Хоцімскага раёна. З таго часу гэты маляўнічы куток Магілёўшчыны з вельмі багатай гісторыяй стаў мне другой радзімай, — паведаміў М.В.Каткоў.

З Забялышынскай школай жыццё Мікалая Васільевіча звязана на працягу ўжо больш як трыццаці гадоў. Увесь гэты час ён з энтузіязмам прывівае мясцовым хлопцам і дзяўчатам цікавасць да гісторыі, а таксама здолеў выпрацаваць сваю эфектыўную сістэму паспяховага навучання.

На думку М.В.Каткова, мэтай вывучэння гісторыі павінна быць не толькі дакладнае веданне пэўных фактаў і дат, а засваенне вучнямі каштоўнасцей эпохі, фарміраванне ў іх уяўленняў аб гісторыі як аб сацыякультурным феномене. Не менш значна праз вывучэнне прадмета развіваць эмацыянальную культуру асобы і творчыя здольнасці дзіцяці, фарміраваць у яго вобразнае і асацыятыўнае мысленне, здольнасць зай­маць сваю пазіцыю да падзей вакол.

— Адукацыйны працэс будую на актыўных метадах і прыёмах навучання. Шырока выкарыстоўваю прэзентацыі, кейс-тэхналогіі, праблемныя лекцыі, дыдактычныя і дзелавыя гульні, метады мазгавога штурму, круглых сталоў ці дыскусій. Рэгулярна праводжу інтэр­актыўныя ўрокі з выкарыстаннем аўдыя- і відэаматэрыялаў, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Улічваю і тое, што цяпер адукацыя становіцца сеткавай, больш дынамічнай і электроннай. На занятках часта арганізую работу навучэнцаў з сэрвісамі LearningApps, Google Earth, “Літарамікс”, з тэстамі па гісторыі на партале onlinetestpad.com. Выкарыстоўваю і шэраг іншых сеткавых адукацыйных рэсурсаў. Гэта дазваляе рыхтаваць вучняў да жыцця ва ўмовах, прадыктаваных інфармацыйным грамадствам, — адзначыў Мікалай Васільевіч.

Адметна, што сярод працоўных прыярытэтаў М.В.Каткова не толькі паспяховае навучанне, але і якаснае выхаванне вучняў. Свае ўрокі Мікалай Васільевіч імкнецца праводзіць так, каб навучэнцы адчувалі сябе працягам папярэдніх пакаленняў, з павагай ставіліся да духоўнага вопыту продкаў.

— Вядомы пісьменнік В.Бялоў некалі справядліва заўважыў: “Без памяці, без традыцый і культуры няма асобы. Гістарычная памяць фарміруе духоўную моц чалавека”. Самі па сабе навуковыя веды, аддзеленыя ад маралі, не заўсёды могуць лічыцца каштоўнасцю. Толькі праз разуменне гэтага можна выхаваць чалавека маральнага, які будзе шана­ваць сваіх бацькоў, абараняць Радзіму, лю­біць, берагчы і ахоўваць сваю зямлю. Але перш чым вырашаць праблему патрыятычнага выхавання маладых людзей, неабходна добра разумець, як гэта рабіць, бо проста гутаркамі аб патрыятызме тут выніку дасягнуць немагчыма, — падкрэсліў М.В.Каткоў.

Для Мікалая Васільевіча дзейсным спосабам патрыятычнага выхавання стала далучэнне вучняў да заняткаў края­знаўчай дзейнасцю. Педагог упэўнены: гісторыя выконвае сваю выхаваўчую і патрыятычную функцыю эфектыўна толькі тады, калі яна становіцца асабістай гісторыяй вучня, да якой ён мае магчымасць непасрэдна дакрануцца.

Сярод працоўных прыярытэтаў М.В.Каткова не толькі паспяховае навучанне, але і якаснае выхаванне вучняў.

— Гісторыя чалавецтва нагадвае сабой вялізную мазаіку з жыццяў і лёсаў шматлікіх людзей, якія жылі і працавалі на зямлі ў розныя гістарычныя эпохі. Быць датычным да гісторыі — зна­чыць аднаўляць у памяці ўсе яе фрагменты праз вывучэнне мінулага сваёй малой радзімы. Аграгарадок Забялышын мае вельмі насычаную самымі рознымі па­дзеямі гісторыю, цесна звязаную з гісторыяй нашай краіны. Акрамя таго, вёска з’яўляецца радзімай многіх выдатных людзей, чыё жыццё можа быць натхняльным прыкладам для моладзі. Паказ гістарычных падзей праз прызму мясцовых матэрыялаў дазваляе наглядна і пераканаўча расказаць пра многія факты, аблегчыць успрыманне навучэнцамі гістарычных працэсаў, — лічыць М.В.Каткоў.

Выступаючы арганізатарам края­знаўчай работы ў школе, Мікалай Васільевіч выкарыстоўвае разнастайныя яе формы. Ён распрацаваў цікавую аўтарскую інфармацыйна-дзейную гульню, якая захапляе краязнаўствам вялікую колькасць дзяцей. Навучэнцы актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю, рыхтуюць праекты, здымаюць фільмы, удзельнічаюць у конкурсах, рэканструююць аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, разам са сваім педагогам адпраўляюцца ў паходы і экскурсіі.

— Краязнаўчая дзейнасць — магутны фактар навучання і выхавання моладзі. Краязнаўства найлепшым чынам фарміруе ў дзяцей пачуццё любові да роднага краю. Асабліва ўражвае іх работа па зборы матэрыялаў аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Архівы, узнагародныя лісты, чырвонаармейскія кніжкі, успаміны землякоў-ветэранаў, франтавыя фатаграфіі дазваляюць навучэнцам зразумець прычыны духоўнай сілы і вялізнай любові да Радзімы, якія дазволілі нашым прадзедам не толькі выжыць, але і перамагчы гітлераўскі фашызм. Дзеці пачынаюць разумець, што іх прабабулі і прадзядулі прайшлі тое, што не пад сілу нават уявіць. Таму іх абавязак — захоўваць гэтую памяць, каб перадаць яе наступнаму пакаленню, — адзначыў М.В.Каткоў.

Дарэчы, у педагагічнай дзейнасці Мікалая Васільевіча ёсць яшчэ адзін прыярытэт — раскрыццё патэнцыялу і здольнасцей кожнага свайго навучэнца. Работу з адоранымі дзецьмі гэты настаўнік таксама будуе сістэмна і мэтанакіравана, што прыносіць адпаведныя вынікі. Вучні М.В.Каткова пастаянна становяцца пераможцамі алімпіяд, інтэлектуальных і даследчых конкурсаў рознага ўзроўню.

— Вучэбныя поспехі навучэнцаў мяне вельмі натхняюць. Але значна больш радасці прыносіць усведамленне таго, што мае былыя вучні сталі дастойнымі грамадзянамі, знайшлі сваё месца ў жыцці. Гэта пераконвае, што закладзенае ў дзяцей зерне дае свае ўсходы, — заўважыў Мікалай Васільевіч.

У планах М.В.Каткова — працягваць вучыць добраму і важнаму падрастаючае пакаленне, праз практычную дзейнасць выхоўваць сапраўдных патрыётаў краіны. Менавіта ў гэтым сціплы настаўнік з невялікай школы ў вёсцы Забялышын бачыць сваё галоўнае прызначэнне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва М.В.Каткова.