Вучыць дзяцей, дапамагае людзям

26-гадовы настаўнік геаграфіі Аляксандр Заяц з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Вясёлы, актыўны, амбіцыйны, мэтанакіраваны… Менавіта такія людзі неабходны сучаснай адукацыі і грамадству ў цэлым.

— Чаму выбралі педагагічную прафесію?

— Геаграфія падабалася са школьных гадоў, у тым ліку дзякуючы класнаму кіраўніку Тамары Міхайлаўне Савені. Заўсёды было цікава даведвацца штосьці новае пра розныя краіны і кантыненты. Рыхтуючы дамашнія заданні, імкнуўся запомніць як мага больш матэрыялу з кніг. Культура людзей у розных кутках свету, іх звычаі і традыцыі, узаемадзеянне чалавека з навакольным светам — усё гэта мяне прыцягвала і захапляла ў геаграфіі. Таму, калі прыйшоў час вызначыцца з будучай прафесіяй, без ваганняў выбраў факультэт прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. Вучоба ва ўніверсітэце яшчэ больш пераканала ў правільнасці прафесійнага выбару. Атрымаўшы дыплом, не задумваючыся вярнуўся на малую радзіму, дзе і пачаў працоўны шлях.

— Ці лёгка знайшлі агульную мову з вучнямі, улічваючы невялікую розніцу ва ўзросце?

— Нягледзячы на маладосць, адчуваю сябе ў ролі настаўніка даволі ўпэўнена. Невялікая розніца ва ўзросце дапамагае быць з дзецьмі на адной хвалі, бо ў нас аднолькавыя інтарэсы, агульны стыль у адзенні і г.д. Але я ніколі не забываю, што я найперш настаўнік.

— Якім, па-вашаму, павінен быць сучасны настаўнік? Ці адпавядаеце вы гэтаму вобразу?

— Педагог абавязкова павінен сябраваць з тэхнікай: рыхтаваць цікавыя прэзентацыі, шукаць штосьці адметнае ў інтэрнэце. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, урок можна правесці больш прадукцыйна, не звяртаючыся да грувасткіх энцыклапедый і шматлікіх кніг. Зацікаўліваю дзяцей праглядам дакументальных фільмаў і падборам фактаў, якіх няма ў вучэбных дапаможніках. Гэта дапамагае не толькі матываваць школьнікаў, але і ўдасканальвацца і развівацца самому.

— Ці хацелася вам калі-небудзь кінуць педагогіку і заняцца іншай дзейнасцю?

— Калі б прапанавалі зняцца ў фільме, не адмовіўся б. Але мяне ўсё задавальняе. Я паспяхова магу спалучаць настаўніцкую работу з іншай. Хацеў калісьці займацца музыкай, але для гэтага ў мяне, на жаль, не аказалася адпаведных здольнасцей. Калі б з’явілася магчымасць выбраць іншую прафесію, усё роўна застаўся б настаўнікам. Гэта маё.

— У вас добрае пачуццё гумару. Ці дапамагае гэта ў рабоце і штодзённым жыцці?

— Гумар збліжае людзей і дапамагае ў зносінах. Люблю жартаваць, прыдумваць штосьці цікавае. Калі прыйшоў у школу, знайшоў сярод дзяцей аднадумцаў з добрым пачуццём гумару. Дзякуючы ім, вырашыў стаць кіраўніком школьнага КВЗ. Каму, як не маладым, гэтым займацца?! Упэўнены, што стварыў вельмі згуртаваную каманду. Артыстычныя, кемлівыя і камунікабельныя хлопчыкі і дзяўчынкі ўмеюць прыгожа жартаваць. Даволі часта самае цікавае прапаноўваюць менавіта яны.

— Сёння вы часта выступаеце на сцэне. З чаго ўсё пачыналася?

— Упершыню выйшаў на сцэну ў студэнцкія гады, калі іграў у адным спектаклі. Сцэна падабалася з дзяцінства, але тады не было магчымасці праявіць свае акцёрскія здольнасці. Калі вярнуўся ў родныя Ганцавічы, пагадзіўся сыграць салдата ў спектаклі гарадскога Дома культуры. Спадабалася. Вырашыў працягваць развівацца ў гэтым напрамку далей.

— Чаму вырашылі стаць дэпутатам? Што ўваходзіць у вашы абавязкі?

— Заўсёды трэба імкнуцца да большага. Мясцовы Савет дэпутатаў — першая прыступка для далейшага прафесійнага і асобаснага росту. Я заўсёды быў неабыякавы да таго, што адбываецца ў родным горадзе. Сваю задачу як дэпутата бачу ў тым, каб дапамагаць людзям і мяняць наша жыццё да лепшага агульнымі намаганнямі.

— Як праводзіце вольны час?

— Вольнага часу ў мяне амаль няма, але, калі ён з’яўляецца, імкнуся праводзіць яго з максімальнай карысцю. Вельмі люблю чытаць. Асабліва падабаюцца мастацкія творы, якія прымушаюць задумацца пра жыццё, узаемаадносіны людзей і іншыя актуальныя праблемы. Акрамя таго, захапляюся спортам. Люблю сустракацца з рознымі людзьмі і размаўляць з імі пра жыццё.

Гутарыла Ганна ПЛЯХАНАВА,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст”
Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.