Вучыць геаграфіі, даверу і чалавечнасці

- 12:12Адукацыйная прастора

Уладзіслаў Сяргеевіч Цішко год назад з радасцю вярнуўся ў ролі настаўніка геаграфіі ў Пліскую сярэднюю школу імя У.А.Мікуліча Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, якую сам раней скончыў. Дастаткова ўсяго некалькі хвілін пагаварыць з маладым педагогам, каб адчуць: яго вучням вельмі пашчасціла.

Прырода, жывёлы, расліны, іх узаема­дзеянне і ўзаемасувязі заўсёды цікавілі Уладзіслава. А яшчэ яму з малых гадоў падабалася дзяліцца сваімі ведамі з іншымі. Зыходзячы з гэтага, і выбіраў сабе будучую прафесію. Паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт прыродазнаўства, пасля заканчэння якога стаў выкладчыкам бiялогii і геа­графii.

Уладзіслаў Сяргеевіч быў рады пачынаць працоўную дзейнасць у сваёй роднай школе, дзе добра ведаў большасц­ь педагогаў у калектыве. Не цярпелася пазнаёміцца з вучнямі, у якіх давядзецца выкладаць ужо доўга, а не кароткі час, як падчас практыкі. Першыя ўрокі, безумоўна, выклікалі некаторыя хваляванні, але ў цэлым малады чалавек адчуваў сябе даволі ўпэўнена, і галоўнае — пачынаць яму было вельмі цікава. На працягу першага навучальнага года выкладаў геаграфію ў 6—11 класах. Паступова знаёміўся з такімі рознымі па ўзросце і характары вучнямі, назіраў за імі, рабіў вывады, як лепш знайсці падыход і зацікавіць.

— Я не ішоў са спадзяваннямі, што ў класах сама сабой будзе панаваць ідэальная дысцыпліна і ўсе дзеці будуць з жаданнем вывучаць геаграфію, — дзеліцца думкамі Уладзіслаў Сяргеевіч. — Ва ўніверсітэце ў нас былі выдатныя выкладчыкі, якія самі доўгі час працавалі ў школе. На мой погляд, вельмі каштоўна, што яны не толькі вучылі нас прадмету і методыцы яго выкладання, але і рыхтавалі да рэальнай сітуацыі, папярэджвалі аб магчымых цяжкасцях, з якімі можна сутыкнуцца.

Аднак асаблівых цяжкасцей за першы год працы малады спецыяліст не заўважыў. Зазначае, што бываюць сітуацыі, з якіх важна зрабіць вывады на будучыню, але кан­фліктаў ні з кім не было, і негатыўных успамінаў не засталося. З’явілася яшчэ большая ўпэўненасць: выбраны шлях правільны.

Уладзіслаў Сяргеевіч стараецца выкладаць так, каб дзеці адчувалі цікавасць, каб на ўроку ім не было сумна. Якую стратэгію для гэтага выбраў малады настаўнік? У зносінах з вучнямі ён аддае перавагу дыялогавай сістэме. Пастаянна ўключае ў работу дзяцей, каб на ўроку яны былі не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі, разам здабывалі веды.

— Вывучэнне новай тэмы я магу пачаць з пытання, хоць дзеці пакуль яшчэ і не ведаюць адказу, — расказвае У.С.Цішко. — Але мне важна, каб яны гаварылі, выказвалі свае меркаванні, разважалі, уступалі ў дыскусію. У выніку часам узнікае некалькі версій, кожны стараецца абгрунтаваць свой пункт гле­джання. І толькі пасля гэтага я гавару, што на самай справе правільна, і тлумачу чаму. Дзецям на гэты момант ужо становіцца цікава: правільнае ці памылковае іх меркаванне, па якіх прычынах. Такім чынам я дабіваюся і большай цікавасці, і таго, што інфармацыя запамінаецца значна лепш.

Памылковыя версіі вучняў настаўнік не ацэньвае. А вось калі адказы на пачатку ўрока аказаліся правільнымі і суправаджаліся далейшай паспяховай работай, то ставіць добрыя адзнакі. Такім чынам таксама стараецца накіраваць да актыўнай пазіцыі, паказаць, што яна не пакідаецца без увагі і цэніцца.

Акрамя таго, настаўнік часта прапануе знайсці памылку, прыводзіць цікавыя факты ці паказвае кароткія захапляючыя відэа­ролікі, якія выклікаюць здзіўленне і таксама спрыяюць павышэнню цікавасці да новай тэмы. Гэта займае ўсяго некалькі мінут, але дзеці адразу ажыўляюцца, задаюць пытанні, дзеляцца ўражаннямі.

Сучасныя тэхналогіі таксама дапамагаюць Уладзіславу Сяргеевічу рабіць урокі больш яркімі і цікавымі. Аднак ён упэўнены: самае галоўнае і неабходнае — добрыя адносіны настаўніка з вучнямі, узаемны давер. На першы погляд можа здацца, што гэта не тычыцца выкладання пэўнага прадмета, але менавіта так можна пераадолець псіхалагічны бар’ер, дапамагчы вучню раскрыцца, не баяцца гаварыць і памыляцца. Першы працоўны год пераканаў у правільнасці такога падыходу.

— Калі атрымліваецца істотна памяняць адносіны да вучобы, гэта становіцца асаблівай радасцю, — адзначае малады спецыяліст. — Дарэчы, мінулы год мне якраз і запомніцца падобным выпадкам. Напачатку сямікласнік, які пастаянна адказваў на нізкія адзнакі і праяўляў абыякавасць, шчыра сказаў мне: “Справа не ў вас, мне проста абсалютна не цікавы прадмет”. А напрыканцы года гэты ж вучань раптам адказаў на “восем”! На пытанне “Што ж здарылася?”, ён коратка патлумачыў: “Мне стала цікава”.

Настаўнік не пакінуў такую перамену без увагі, падышоў нестандартна і нават паціснуў хлопцу руку перад усім класам. Для ўсіх гэта сітуацыя стала яркай, радаснай падзея­й, якая падкрэсліла: кожны можа праявіць сябе і атрымаць высокую адзнаку. Пазней Ула­дзіслаў Сяргеевіч заўважыў, што паводзіны вучня ў многім перамяніліся: ён баяўся зрабіць нешта не так і страціць давер.

Запомніўся яшчэ адзін выпадак. Вучаніца прасіла “васьмёрку”, бо ў такім выпадку бацькі абяцалі купіць ёй тэлефон. Ведаў на гэтую адзнаку, на жаль, не было і жадання вучыцца таксама, таму адказ быў, безумоўна, адмоўны. Дарэчы, малады педагог вельмі насцярожана адносіцца да падобнай знешняй матывацыі: яна можа прывесці да спажывецкіх адносін у дзіцяці. Лепш часта не прыбягаць да падобных заахвочванняў, а пастарацца знайсці больш глыбокія прычыны для добрай вучобы. Парадавала, што праз час, нягледзячы на тое, што сітуацыя з тэлефонам не прынесла жаданага выніку, дзяўчына добра падрыхтавалася да ўрока і патлумачыла: “Мне ўжо і самой захацелася вышэйшую адзнаку!”. Вось гэта ўжо каштоўна, у такіх выпадках настаўнік заўсёды стараецца пры магчымасці акругліць адзнаку на карысць вучня.

Таксама напрыканцы года для маладога педагога было вялікай радасцю тое, што ў некаторых яго вучняў назіралася станоўчая дынаміка і адзнакі няхай і на бал, але ў параўнанні з першымі чвэрцямі года выраслі. А шасцікласнікі сказалі, што 45 мінут урока геаграфіі для іх заўсёды праляталі вельмі хутка.

У.С.Цішко па ўласным вопыце разумее: сапраўдныя настаўніцкія радасці даюцца нялёгка. Часам трэба працаваць год, каб адбыліся нейкія, няхай і невялікія, перамены. Таму ён стараецца не прапусціць момант, калі ў вучня з’яўляецца цікавасць да пэўнай тэмы, ненадакучліва пагутарыць, каб матываваць, і абавязкова пахваліць, калі з’явіліся доўгачаканыя поспехі.

Уладзіслаў Сяргеевіч любіць свой прадмет і збіраецца крок за крокам павышаць узровень яго выкладання. Аднак ён імкнецца пакінуць не толькі веды ў сваіх вучняў, але і светлы след у іх душах. Кожны ўрок для маладога педагога — гэта яшчэ і час праявіць неабыякавасць і даць мудрую параду, навучыць рабіць дабро і дарыць радасць.

Таццяна ШЫМКО.