Вучыць і вучыцца на злёце педагагічных класаў

13 каманд са школ і гімназій Мінска сабраліся на другі адкрыты злёт навучэнцаў педагагічных класаў. Урачыстае адкрыццё з творчымі прэзентацыямі кожнай педагагічнай групы адбылося 10 мая. Будучыя настаўнікі падзяліліся сваім вопытам работы з дзецьмі, уяўленнямі пра выкладанне і спадзяваннямі наконт выбранага шляху. Пасля іх чакаюць семінары, майстар-класы, трэнінгі, падчас якіх яны змогуць засвоіць новыя для іх педагагічныя методыкі, развіць неабходныя ў прафесіі асабістыя якасці.

— Упэўнена, што гэтыя дні праляцяць хутка, але вопыт, атрыманы тут, дапаможа вам дакладней вызначыцца з прафесійнай будучыняй, — павітала вучняў Аксана Уладзіміраўна Талкачова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, які разам з Мінскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Лідар” і камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама выступіў арганізатарам злёту.

Навучэнцы пад наглядам педагогаў-псіхолагаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў будуць трэніраваць камунікатыўныя навыкі, даследаваць сучасныя адукацыйныя тэндэнцыі і падрабязна планаваць прафесійны шлях. Таксама каманды будучых настаўнікаў распрацуюць уласныя педагагічныя праекты, якія прэзентуюць на закрыцці злёту. Акрамя гэтага, у праграме — актыўныя, сюжэтна-ролевыя і нават бізнес-гульні, якія мусяць паспрыяць шматбаковаму развіццю асобы педагога.

Сярод удзельнікаў злёту — Ганна і Аляксандра, вучаніцы педагагічнай групы гімназіі № 25 Мінска. Дзяўчынкі расказваюць, што даўно выбралі сваё месца ў прафесіі: Ганна збіраецца выкладаць рускую мову і літаратуру, а Аляксандра — аматар дакладных навук. Ужо год яны вывучаюць педагагічныя дысцыпліны, наведваюць спецыяльныя заняткі і самі праводзяць урокі ў школьнікаў. За гэты час Ганна ўпэўнілася, што галоўнае ў настаўніку — любоў да дзяцей, а Аляксандра пачала развіваць цярпенне і ўвагу. Але ў адным удзельніцы злёту аднадушныя: настаўнік павінен увесь час расці і ўдасканаль-ваць сябе. І менавіта такую магчымасць, упэўнены дзяўчынкі, дасць ім удзел у злёце.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *