Вучыць і вучыцца разам з вучнямі

- 11:58Адукацыйная прастора

Наталля Уладзіміраўна Ганцэвіч працуе настаўніцай гісторыі ў сярэдняй школе № 2 Мастоў, з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком гісторыка-краязнаўчага музея школы, вядзе заняткі па інтарэсах “Музейная справа”. Сваім педагагічным вопытам яна дзеліцца з калегамі з раёна, вобласці і краіны, удзельнічае ў праблемных семінарах, выступае з лекцыямі і майстар-класамі, уваходзіць у абласную і рэспубліканскую творчыя групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства.

“Чаму я выбрала прафесію настаўніка? Таму што вельмі любіла сваю сярэднюю школу № 2 Мастоў, дзе вучылася, — адзначае Наталля Уладзіміраўна. — Тут жыццё біла крыніцай. Для мяне школа — гэта любоў, вечная маладосць, крыніца радасці. А настаўнік — увасабленне справядлівага, разумнага, прыгожага, добрага, мудрага чалавека. Мне хацелася такой стаць. Хаця мне прарочылі пеўчую кар’еру, бо я ўдзельнічала ў шматлікіх музычных конкурсах, была лаўрэатам конкурсу “Чырвоныя гваздзікі”. Студэнткай гістарычнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута я стала толькі з трэцяй спробы. У тыя часы конкурс на гістфак быў адным з самых высокіх. Але да гэтага я прайшла вялікі выпрабавальны тэрмін: была старшай піянерважатай у сваёй роднай школе, а потым настаўніцай у Стралецкай васьмігадовай школе. Так, без адукацыі!

 У тыя далёкія часы ў вёсцы не хапала настаўнікаў. Было страшна. Тым больш што выкладаць мне прыйшлося гісторыю і батаніку на беларускай мове, у 5 класе я выкладала рускую мову і літаратуру, а ў 8 класе — беларускую мову і літаратуру. Я абкладвалася падручнікамі на рускай і беларускай мовах і ў прамым сэнсе вучыла ўрокі. Ды яшчэ прыдумвала розныя спосабы падачы матэрыялу. Яшчэ я працавала з вячэрнікамі, бацькамі маіх вучняў. Уявіце, настаўніку 18 гадоў, а вучням па 35—40 гадоў. Але гэта быў самы шчаслівы перыяд у маім жыцці. Такой павагі да настаўніка я ніколі больш не адчувала. Калі “дзеці” заставаліся пасля ўрокаў, значыць, настаўніцу трэба было пакарміць, бо яна ж не ў сябе дома жыве, а на кватэры. Хто пра яе паклапоціцца? Калі мне прыйшоў выклік у інстытут пасля чарговай уступнай кампаніі, я плакала наўзрыд: не магла пакінуць сваіх вучняў. Здавалася, што губляю нешта вельмі дарагое ў маім жыцці. А потым былі лісты ад самых адчайных вучняў.

Але самае галоўнае, што я зразумела: настаўніцтва — гэта маё. І яшчэ — я ўлюбілася ў беларускую мову. У жыцці нічога не бывае проста так. Калі б мне ўсё ўдалося з першага разу, то я б вучылася ў БДУ і ніколі не пабывала б на лінгвістычнай практыцы ў Англіі. Я ж паступіла на гістарычны факультэт МДПІ імя А.М.Горкага з дадатковай спецыяльнасцю “Англійская мова” і была ўдастоена такога заахвочвання. 

Яшчэ са школьных гадоў у мяне былі дзве мары: пабываць на Палессі (менавіта там настаўнічаў Лабановіч з рамана Якуба Коласа “На ростанях”) і возеры Байкал. Адна мара спраўдзілася пасля заканчэння інстытута. У 1988 годзе па размеркаванні я трапіла ў васьмігадовую школу Міхедавіч Петрыкаўскага раёна. Там і пачаўся мой усвядомлены настаўніцкі шлях. Шчаслівы, складаны, адказны і ўдзячны. Якія незвычайныя людзі жывуць на Палессі! Якія тут багатыя традыцыі! Тут я атрымала неацэнны вопыт душэўнага цяпла і сардэчнай ветлівасці. Жыццё склалася так, што я выйшла замуж і вярнулася да сябе на Мастоўшчыну. Працавала ў Курылавічах настаўніцай гісторыі і геаграфіі. А ў 1990 годзе мяне запрасілі ў маю родную сярэднюю школу № 2 Мастоў. З тых часоў я яе не пакідала”. 

Маючы за плячыма велізарны вопыт работы, Наталля Уладзіміраўна з упэўненасцю гаворыць, што школа — гэта не проста крыніца ведаў, гэта храм, у якім фарміруецца чалавек як асоба, грамадзянін, патрыёт. І на настаўніку, як на святары, ляжыць велізарная адказнасць за кожнага з тых, хто пераступае парог школы. У кожнага педагога свае сакрэты, з дапамогай якіх ён дасягае сваіх мэт у адукацыйным і выхаваўчым працэсе. У Наталлі Уладзіміраўны ёсць 10 залатых правіл вядзення дыялогу з навучэнцамі, яна разам з імі вучыцца: жыццёвай мудрасці, аналізуючы прытчы, казкі, крылатыя выразы; актывізаваць увагу і ставіць мэты; самастойнаму пошуку і адкрыццю новых ведаў; развіваць інтэлект і эстэтычнае светаўспрыманне; эмацыянальнай разрадцы; развіваць уласны светапогляд; лагічнаму структураванню; вырашаць праблемныя задачы; ствараць; рабіць высновы. Яна ўсё робіць разам з вучнямі, і гэта, напэўна, галоўны яе сакрэт.

Наталля Уладзіміраўна аддае перавагу тэхналогіі праблемнага навучання, асноўнымі метадамі якога з’яўляюцца даследчы, эўрыстычны і праблемны метады навучання. Выкарыстоўвае карты як крыніцу гістарычных ведаў, гістарычныя крыніцы (дакументы, публіцыстычныя выданні, успаміны сведак, архіўныя дакументы, рэчавыя крыніцы і г.д.). Дзеці вырашаюць праблемныя пытанні, фармулююць праблемныя задачы, працуюць з літаратурнымі, музычнымі, мастацкімі творамі, відэаматэрыяламі, выконваюць творчыя заданні (напісанне вершаў, твораў, малюнкаў, эсэ, стварэнне макетаў гістарычных пабудоў, касцюмаў той ці іншай эпохі). 

Педагог вучыць дзяцей актывізаваць увагу і ставіць мэты, бо, як сцвярджаў Ф.Дастаеўскі, жыццё задыхаецца без мэты. Напрыклад, прапануе вучням вызначыць тэму і мэту ўрока па фатаграфіі падчас урока сусветнай гісторыі ў 8 класе па тэме “Развіццё навукі і тэхнікі ў ХІХ — пач. ХХ ст.”. Яго мэта — азнаёміцца з асноўнымі дасягненнямі навукі і тэхнікі ў ХІХ — пач. ХХ ст., з выдатнымі навукоўцамі і іх адкрыццямі, вызначыць плюсы і мінусы тэхнічнага прагрэсу. Такі прыём выклікае ў вучняў цікавасць да новай тэмы. Па тэме “Пунічныя войны” (гісторыя Старажытнага свету) настаўніца прапаноўвае праблемнае заданне: успомніць казку А.С.Пушкіна “Казка пра рыбака і рыбку” і адказаць на пытанні: “Што аб’ядноўвае галоўных герояў гэтай казкі і ўдзельнікаў Пунічных войнаў?”, “У чым іх галоўнае адрозненне?”.

 Па гісторыі Беларусі ў 6 класе вучні праводзяць аналіз літаратурнага твора (даследчы метад). Для гэтага знаёмяцца з урыўкамі з паэмы Мікалая Гусоўскага “Песня пра зубра” і Рамана Г.Сянкевіча “Крыжакі” і адказваюць на пытанні. Падчас вывучэння тэмы “Узнікненне мастацтва і рэлігіі” па гісторыі Старажытнага свету вучні выконваюць праблемнае творчае заданне: чытаюць матэрыял параграфа і перадаюць яго змест у малюнках. Заданне выконваюць асобныя вучні. Астатнія павінны знайсці недакладнасці ці памылкі ў маляваным матэрыяле і скласці аповед па малюначках. Пры вывучэнні тэмы “Беларусь у гады Першай сусветнай вайны” ў 8 класе можна выкарыстоўваць цікавую дакументальную стужку “Таямніца гібелі самалёта ІМ-16 25 верасня 1916 г.”. Спачатку вучні знаёмяцца з пытаннямі, на якія павінны адказваць пасля прагляду. На ўроку па гісторыі Беларусі ў 7 класе па тэме “Этнічныя працэсы” педагог прапануе прачытаць два артыкулы пра беларусаў і адказаць на пытанне “Якія з прапанаваных характарыстык беларусаў вам здаюцца найбольш праўдзівымі і чаму?”. Напярэдадні вывучэння новай тэмы асобным групам даецца папярэдняе заданне па даследаванні дакументаў, напрацоўцы высноў. На ўроку ідзе працэс крытычнага асэнсавання, вырашаюцца праблемныя заданні. У навучэнцаў кожная хвілінка на вагу золата, бо кожнаму трэба адказаць. 

Сваім педагагічным вопытам Наталля Уладзіміраўна дзеліцца з настаўнікамі раёна, вобласці, краіны, удзельнічае ў праблемных семінарах рознага ўзроўню, Тураўскіх і Каложскіх чытаннях, Калядных сустрэчах, выступае з лекцыямі і майстар-класамі перад настаўнікамі, якія павышаюць сваю кваліфікацыю ў Гродзенскім абласным ІРА. Велізарны стымул для педагога даў удзел у распрацоўцы адзінага адукацыйнага рэсурсу па сусветнай гісторыі ў 9 класе па тэме “Краіны Усходу, Лацінскай Амерыкі і мусульманскага свету ў 1918—1945 гг.” (5 урокаў), у падрыхтоўцы трох відэаўрокаў па гісторыі Старажытнага свету па тэме “Старажытны Рым”. Але сапраўднае задавальненне настаўніца адчула, калі рыхтавала і агучвала ўрокі па сусветнай гісторыі ў 9 класе на беларускай мове, бо апынулася ў сваёй роднай стыхіі. Дзякуючы гэтай практыцы, Наталля Уладзіміраўна стала ўдзельніцай абласной і рэспубліканскай творчых груп настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства. Ёй усюды лёгка працуецца, таму што заўсёды сустракаюцца вопытныя педагогі, якія ў патрэбны час падстаўляюць плячо, дзеляцца каштоўным вопытам. Вось і Наталля Уладзіміраўна больш за дваццаць гадоў вядзе раённую школу маладога настаўніка, адказвае за атэстацыю настаўнікаў сваёй школы. 

“Той, хто жадае вучыцца, той навучыцца. Але важна дзяліцца з іншымі сваімі ведамі, — адзначае Наталля Уладзіміраўна. — Сучасная школа — гэта пляцоўка для распрацоўкі і апрабацыі педагагічных інавацый. Мне давялося прымаць удзел у дзвюх з іх. У выніку быў створаны факультатыўны курс “Міласэрнасць і дабрачыннасць”, які актыўна выкарыстоўваецца настаўнікамі раёна. Ён дапаможа дзецям зразумець, што жыць без дабрыні нельга. На адных з заняткаў па тэме “Аказанне медыцынскай дапамогі параненым і хворым пад кіраўніцтвам М.І.Пірагова” я ставіла мэту азнаёміць вучняў з дзейнасцю гэтага вядомага вучонага і хірурга, яго самаадданасцю і высакароднасцю, высокім пачуццём абавязку і адказнасці. Яшчэ адзін наш праект — “Масты: на скрыжаванні дарог” — павінен вярнуць дзяцей да традыцый мінулага беларускага народа праз нацыянальныя абрады і святы. Напрыклад, мэта свята “Запрашаем на вячоркі!” — наладзіць добрыя адносіны паміж прадстаўнікамі розных нацыянальных культур праз далучэнне іх да нацыянальных традыцый і абрадаў, у якіх шмат агульнага і станоўчага. Бачылі б вы, з якім задавальненнем нашы дзеці спяваюць, танцуюць, гуляюць! І не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі. Але да гэтага яны збіраюць па крупінках фальклорны матэрыял, прачытваючы дзясяткі кніг, распытваюць родных і блізкіх, праглядаюць інфармацыю ў інтэрнэце. А потым мы святкуем Каляды, гуканне вясны, Дзяды, Саракі, Вялікдзень, Купалле, танцуем кракавяк, падыспан, “Нарэчаньку”. Вось дзе жыве беларуская душа — шчырая, шырокая, незайздросная, летуценная, песенная, мілая, чулая. Магчыма, дотык да гэтай душы дазволіў нам заняць 2-е месца ў абласным фальклорным конкурсе “Шчаслівы той, хто сэрцам продкаў паважае” і паказаць сябе і свае нацыянальныя абрады ў “Зубраняці”, дзе праводзіўся фінал конкурсу.

Вядома, што сучасная цывілізацыя стварае чалавека-эгаіста, які нічога не робіць бескарысліва. У сваіх паводзінах ён кіруецца прынцыпам “на сцэне я, усё астатняе заднік і дэкарацыі”, настроены толькі на рэжым прыёму і не навучаны аддаваць. На кожным уроку, пазакласным і пазашкольным мерапрыемстве, распрацоўваючы любы праект, для мяне галоўнае — выхаванне чалавека, які жыве для таго, каб аддаваць. Мы з вучнямі працуем разам, дапамагаем, суперажываем, рыхтуем мерапрыемствы. У паходзе, на экскурсіі ў кожнага сваё даручэнне. Так мы ствараем ланцужок, разарваўшы які кожны хутчэй страціць, чым знойдзе. Многія праблемы выхавання я вырашаю праз работу дзяцей у школьным гісторыка-краязнаўчым музеі, які мы стваралі разам, пачынаючы са стэндаў з інфармацыяй аб удзеле жыхароў Мастоўшчыны ў Вялікай Айчыннай вайне. Сустракацца з ветэранамі вайны, збіраць дакументальны і рэчавы матэрыял — значыць дакранацца да чыйгосьці лёсу, болю ці радасці і не даваць сваёй душы зачарсцвець. У 2015 годзе ў абласным конкурсе віртуальных музеяў мы занялі 2-е месца. Вялікую ролю ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе адыгрывае школьны кабінет. Ён, як і чалавек, павінен мець добрае сэрца, шчырую душу і разумную галаву. Нам удалося гэта зрабіць. І ў абласным конкурсе кабінетаў гісторыі наш заняў 1-е месца”.

“Сёння ў мяне свой, ужо 9 “Б”, клас, дзе я класны кіраўнік, — працягвае Наталля Уладзіміраўна. — На нашы класныя святы мы любім запрашаць бацькоў, бабуль і дзядуляў, сясцёр і братоў, шматлікую радню. Уявіце, што ў нас у гасцях можа быць каля 60 чалавек адразу, і нас 26 хлопчыкаў і дзяўчынак. Нашай традыцыяй стала ў канцы навучальнага года і ў пачатку наступнага наведваць праваслаўныя святыні: Жыровіцкі і Лаўрышаўскі мужчынскія манастыры, гродзенскую Каложу і Фарны касцёл, Сынкавіцкую царкву. Яшчэ адзін мой любімы занятак — работа ў аб’яднанні па інтарэсах “Музейная справа”. Таксама мы праводзім віртуальныя экскурсіі па музеях свету, выязджаем у Гродна, Навагрудак, Мір, Нясвіж, Мінск, каб на свае вочы ўбачыць наша нацыянальнае багацце і шанаваць сваё, роднае.

Мне няма калі сумаваць, бо я ў пастаянным пошуку. Школа для мяне — навука жыцця, якую можна вывучаць да канца сваіх дзён. І авалодаць ёю можа толькі той, хто бясконца любіць дзяцей, мае веды, цярпенне, дабрыню, хто з’яўляецца ў нейкай ступені артыстам. Таму што кожны ўрок — гэта маленькі спектакль, які трэба сыграць без фальшу, на біс. Стараюся быць такой настаўніцай. Але адзін у полі не воін. Я працую ў выдатным настаўніцкім калектыве, дзе кожны чалавек — прафесіянал, дзе кіраўнік — Аляксандр Рыгоравіч Старавойтаў — душа і сэрца калектыву, а яго памочнікі, намеснікі заўсёды трымаюць руку на пульсе часу. Што мне асабліва дапамагае ў жыцці і ў рабоце? Песня, мая родная беларуская мова, вера, малітва і “ружовыя акуляры”, праз якія я бачу свет прыгожым, шчаслівым, добрым і вечным, свет, дзе няма зайздрасці, зла і здрады. Я вучуся прабачаць і любіць. Так, я непапраўная летуценніца”. 

Ёсць у Наталлі Уладзіміраўны ўзнагароды: граматы раённага, абласнога аддзелаў упраўлення адукацыі, дзве ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі. Але самая галоўная яе ўзнагарода — вучні і іх поспехі. Так, летась яе вучаніца Настасся Слесар атрымала на ЦТ 100 балаў па гісторыі Беларусі. Але Наталля Уладзіміраўна не была яе настаўніцай, толькі займалася падрыхтоўкай да экзаменаў. Найвышэйшы вынік гэтага года (89 балаў) — у Вікторыі Шуман. Ёсць у педагога выпускнікі, якія выбралі прафесію настаўніка гісторыі: Валерый Шэсцель, Канстанцін Шышмакоў, Таццяна Палубятка (цяпер Лугаўскіх, працуе настаўніцай гісторыі ў сярэдняй школе № 2 Мастоў). 

“Акрамя гісторыі, я доўгі час вяла ўрокі англійскай мовы ў пачатковых класах. Два разы ўдзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года”, — згадвае Наталля Уладзіміраўна. — У 2014 годзе дайшла да абласнога ўзроўню. Чаму не выйграла? Мабыць, таму, што наша моладзь на крок наперадзе ад нас: смелая, рашучая, ініцыятыўная, творчая, мабільная. І гэта вельмі радуе. Мне вельмі блізкія словы Ніколы Тэслы: “Чалавек можа ўсё!” і словы Канасуке Мацусіта: “Прымайце поспех як падарунак лёсу, а няўдачу як недахоп намаганняў”. Пра будучыню не загадваю. Хочацца і далей захоўваць у сабе здольнасць заўважаць прыгажосць вакол сябе: як набухаюць пупышкі на дрэвах, распускаюцца першыя зялёныя лісточкі, устае сонца, цурчыць ручай і спяваюць жаўрукі, пахнуць кветкі і гудзе чмель… Нам так не хапае на гэта часу”.

Надзея ЦЕРАХАВА.