Вучыць і вучыцца самой

- 10:17Людзі адукацыі

Разам са сваімі студэнтамі яна кожны дзень адкрывае гэтыя дзверы. Іна Іванаўна Мінчук — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — не проста выкладчык, але і ініцыятар і арганізатар шматлікіх творчых спраў, без якіх падрыхтаваць журналіста як творчую і адказную асобу проста немагчыма.

Яшчэ падчас вучобы ў школе Іна сама ўдзельнічала ў алімпіядах і конкурсах. У 11 класе была адзначана дыпломам за лепшае вуснае выступленне на Рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове. З залатым медалём скончыла Казлоўшчынскую сярэднюю школу ў Дзятлаўскім раёне, з чырвоным дыпломам — ГрДУ імя Янкі Купалы. Яна была адной з першага выпуску студэнтаў філалагічнага факультэта, якія атрымалі спецыялізацыю “Літаратурная работа ў газетах і часопісах”. Яшчэ ў студэнцкія гады пачала займацца тэлежурналістыкай — спачатку ва ўніверсітэцкім цэнтры тэхнічных сродкаў у адукацыі, потым у студыі тэлебачання і відэавытворчасці. І адначасова займалася навуковай работай. Пад кіраўніцтвам прафесара Марыі Іосіфаўны Канюшкевіч, па ініцыятыве і пры вялікім удзеле якой стваралася ў ГрДУ кафедра журналістыкі, Іна Мінчук у 2013 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Сіметрыя і асіметрыя ў семантыка-сінтаксічным полі канверснасці рускай мовы”. Гэтая работа — вынік навуковага асэнсавання практычнага складніка работы журналіста.Сёння Іна Іванаўна выкладае курсы “Мова і стыль сродкаў масавай інфармацыі”,“Інфармацыйнае вяшчанне ў Рэспубліцы Беларусь”, “Забаўляльна-гульнявое вяшчанне ў Рэспубліцы Беларусь”, “Грамадска-палітычнае вяшчанне ў Рэспубліцы Беларусь”, “Мастацкае вяшчанне на радыё і тэлебачанні”, “Тэлевізійны дызайн”, “Вядучы тэлепраграмы”, “Майстэрства відэамантажу”. І не проста дае сваім студэнтам тэарэтычныя веды, але, галоўнае, практычныя. Адзін з апошніх праектаў студэнцкага медыяцэнтра носіць назву “Студзень” і расшыфроўваецца як “Студэнцкі дзень”. Знятыя ў жанры скетчкома замалёўкі аб жыцці студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта паказваюць не толькі па ўніверсітэцкім тэлебачанні, яны даступны і ўсім жыхарам Гродзенскай вобласці — дэманструюцца абласным ТБ кожную пятніцу ў ранішняй праграме.
— Мне падабаецца не толькі вучыць, але і вучыцца, — гаворыць Іна Іванаўна. — Вось на “Студні” прышлося займацца і рэжысурай, і менеджментам. Гэта было вельмі цікава. А ўмовы для гэтага ў нашым медыяцэнтры ёсць. Але галоўнае — гэта жаданне студэнтаў ствараць, быць творчымі асобамі, не адкладваць на заўтра атрыманне практычных навыкаў, быць журналістам ужо сёння.
Іна Мінчук актыўна працуе і з абітурыентамі: прымае ўдзел у правядзенні рэгіянальнай алімпіяды па журналістыцы “Медыя і Я”, праводзіць маладзёжны фестываль відэапраектаў “Медыясфера”. Стаўшы выкладчыкам, Іна Іванаўна працягнула сямейную справу: яе дзядуля — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Баляслаў Іосіфавіч Канановіч — быў настаўнікам фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі ў Яварскай школе. Мама — Ірына Баляславаўна Жук — выкладала геаграфію ў Казлоўшчынскай школе. Сястра Дзіна — педагог-лагапед. А вось ці працягнуць педагагічную дынастыю самыя малодшыя Мінчукі — другакласнік Павел і першакласнік Міхаіл — пакажа час. Пакуль Павел з захапленнем малюе, а Міхаіл асвойвае скрыпку і гуляе ў футбол. Але тое, што яны стануць творчымі асобамі, як мама Іна і тата Юра, які таксама займаецца відэавытворчасцю, не выклікае сумненняў, бо ёсць у каго вучыцца.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.