Вучыць і вучыцца

Настаўнікі не толькі вучаць, але і спасцігаюць новае самі. І нядзіўна. Інакш яны перастануць быць настаўнікамі. У 2021 годзе многія педагогі ўзняліся на прыступку вышэй. Сёння некаторыя з іх дзеляцца сваімі дасягненнямі.

Дзмітрый Аляксандравіч ЛІННІК,
дацэнт кафедры машыназнаўства і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

— Мінулы год стаў для мяне знакавым. 18 лютага я абараніў дысертацыю на тэму “Павышэнне эфектыўнасці гашэння нізкачастотных ваганняў на сядзенне ва­дзіцеля колавага транспарту” ў савеце па абароне дысертацый пры Беларуска-Расійскім універсітэце. А ў верасні на пасяджэнні Прэзідыума Вышэйшай атэ­стацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне аб прысуджэнні мне вучонай ступені кандыдата тэхнічных навук.

Асноўныя напрамкі навукова-даследчай дзейнасці: надзейнасць і бяспека на аўтамабільным транспарце. За апошнія 10 гадоў мной апублікавана 53 навуковыя работы. Дысертацыя была накіравана на паляпшэнне ўмоў работы вадзіцеля колавага трактара. Аб’ектам даследавання з’яўляўся колавы трактар МТЗ, а прадметам даследавання — сістэма падрэсорвання кабіны для гашэння нізкачастотных ваганняў на сядзенне вадзіцеля.

Мяне заўсёды хвалявала тое, што канструкцыя сучасных айчынных колавых трактароў  не прадугледжвае падрэсорвання кабіны. Вадзіцелі працуюць працяглы час, падвяргаюцца ўздзеянню вібрацыі, якая можа прывесці да развіцця прафесійнага захворвання, уплывае на прадукцый­насць працы. Таму мае даследаванні актуальныя і паўплываюць на паляпшэнне ўмоў работы вадзіцеляў трактароў. Пры падрыхтоўцы дысертацыі кансультаваўся з навукоўцамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Практычныя вынікі дысертацыйнага даследавання могуць знайсці прымяненне ў машынабудаванні.

На падставе атрыманых вынікаў тэарэтычных даследаванняў, імітацыйнага мадэлявання і стэндавых выпрабаванняў на ААТ “Белкард” была зроблена канструкцыя сістэмы падрэсорвання кабіны колавага трактара.

Гэта не толькі мая асабістая заслуга, але і майго навуковага кіраўніка, доктара тэхнічных навук, прафесара В.А.Кіма. Валерый Андрэевіч працаваў у Беларуска-Расійскім універсітэце і ўзначальваў навуковы напрамак па стварэнні аўтаматычных сістэм колавых машын на аснове сілавога аналізу. Яшчэ да пачатку распрацоўкі канструкцыі сумесна з загадчыкам лабараторыі Сяргеем Карабіцыным і нашымі студэнтамі зрабілі і запатэнтавалі стэнд для выпрабавання падвескі кабіны колавага трактара. 

Увесь мінулы год, як і апошнія чатыры гады, мой рабочы дзень пачынаўся з правядзення лекцый на кафедры, а працягваўся ў лабараторыі завода аўта­агрэгатаў ААТ “Белкард”. Там я праводзіў эксперыменты, маніторынг атрыманых даных. Дарэчы, завод спецыялізуецца на вырабе амартызатараў, тармазных пнеўмакамер і інш. Калі казаць пра канчатковы вынік, то нам удалося змяніць канструкцыю поршневага вузла амартызатара. На канструктыўнае выкананне амартызатара ёсць станоўчае рашэнне на выдачу патэнта на вынаходства. У рамках службовых камандзіровак адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Мінскага трактарнага завода. Высветлілася, што спецыялісты прадпрыемства паралельна вядуць работу ў гэтым кірунку. Было адзначана, што праведзеныя даследаванні і атрыманыя вынікі навуковай работы маюць практычнае прымяненне і будуць выкарыстоўвацца пры распрацоўцы канструкцый новых кабін, сістэм падвескі і ся­дзення аператара для перспектыўных мадэляў трактароў сямейства “Беларус”.

Значнай падзеяй мінулага года быў для мяне і ўдзе­л у жніўні ў Рэспубліканскім педагагічным савеце, дзе былі вызначаны новыя вектары развіцця сістэмы адукацыі.

Запісала Ірына АНІКЕВІЧ.