Вучыць і выхоўваць на асабістым прыкладзе

У Віцебску завяршылася спартакіяда абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прысвечаная 100-годдзю ўтварэння галіновага прафсаюза.

Спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, плаванні і лёгкай атлетыцы праходзілі на спартыўных аб’ектах Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна. Наймацнейшых у асобных відах спорту і агульнакамандным заліку вызначылі прадстаўнікі раёнаў вобласці, Наваполацка, ВДТУ, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа і Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання — усяго амаль 400 чалавек.

— Падтрымка фізкультуры і спорту ў нашай краіне — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Важна ўжо ў раннім узросце пачаць фарміраванне ў дзіцяці фізічнай культуры, патрэбнасці займацца спортам і потым усебакова садзейнічаць росту ў азначаным напрамку. Тут асабісты прыклад педагога — краевугольны камень. Толькі такім чынам мы можам прывіваць маладому пакаленню каштоўнасці, неабходныя для гарманічнага станаўлення асобы, выхавання найлепшых якасцей грамадзяніна і патрыёта, дасведчанага прафесіянала, які імкнецца і здольны вынікова працаваць на карысць сабе, сваёй сям’і і дзяржаве. Таму, напэўна, самы значны вынік сённяшніх спаборніцтваў — гэта не выяўленне спартыўных талентаў і нават не перамога (што, аднак, ніколькі не змяншае яе каштоўнасці), а тое, наколькі ініцыятыўна і актыўна далучылася да спартакіяды педагагічная грамадскасць Віцебшчыны.

Як паведаміў старшыня абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерый Кунашка, спартакіяда праводзілася з мэтай развіцця спартыўна-масавай работы, прапаганды здаровага ладу жыцця, арганізацыі актыўнага адпачынку і далучэння да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам работнікаў сістэмы адукацыі. Ва ўпартай, напружанай і адначасова захапляльнай, сапраўды прыгожай барацьбе наперад са значным адрывам ад сапернікаў выйшлі прадстаўнікі абласнога цэнтра. На рахунку педагогаў Першамайскага раёна перамогі ва ўсіх заяўленых відах спорту сярод мужчын і жанчын, што абумовіла 1-е месца ў агульнакамандным заліку. Дастойна выступіла каманда Кастрычніцкага раёна — яна на 2-м, а замыкае тройку прызёраў сёлета каманда Віцебскага раёна. Моцную канкурэнцыю лідарам склалі каманды Наваполацка, Чыгуначнага раёна Віцебска, Полацкага, Талачынскага і Дубровенскага раёнаў. Важкія камплекты ўзнагарод папоўнілі спартыўныя скарбонкі ўніверсітэтаў, тэхнічнага каледжа і ліцэя прыборабудавання.

— На спартыўных пляцоўках, бегавых дарожках і ў басейне нашы педагогі яскрава пацвердзілі, што яны не толькі ўмеюць вучыць і выхоўваць маладое пакаленне, але і валодаюць спартыўным майстэрствам, — адзначыў Валерый Віктаравіч. — Па выніках спаборніцтваў сфарміраваны зборныя каманды вобласці па відах спорту для ўдзелу ў рэспубліканскай спартакіядзе работнікаў сістэмы адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным камітэтам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.