Вучыць на ўласным прыкладзе

- 10:18Людзі адукацыі

Настаўніка фізічнай культуры і здароўя Івана Аляксандравіча Лук’янчука адміністрацыя Маларыцкай раённай гімназіі характарызуе як мэтанакіраванага і адказнага маладога педагога які сур’ёзна адносіцца да даручэнняў і цалкам аддае сябе любімай справе. Ён з тых, каго прынята называць маладым і перспектыўным, бо ў яго ёсць для гэтага важныя якасці — жаданне працаваць і жыць прафесіяй. Нягледзячы на невялікі педагагічны стаж, педагог змог захапіць вучняў, якія цягнуцца да маладога настаўніка, з нецярпеннем чакаюць урокі фізкультуры, з задавальненнем бягуць у спартыўную залу.

Cакрэт поспеху просты. Іван Аляксандравіч любіць усіх выхаванцаў, не вылучае сярод іх лепшых і горшых, працуе на канчатковы вынік. Педагог выдатна разумее, што яму, каб стаць прафесіяналам, неабходна яшчэ шмат працаваць. Таму ён наведвае ўрокі калег, у якіх пераймае эфектыўныя метады і прыёмы. Неабходную метадычную дапамогу аказвае адміністрацыя гімназіі. Сакрэтамі прафесійнага майстэрства з маладым педагогам ахвотна дзеліцца настаўніца фізічнай культуры і здароўя І.В.Ярац.

— Штодзень, ідучы на работу, не забываю словы дзядулі Мікалая Васільевіча Леўчука, які выкладаў ва ўстановах адукацыі Маларытчыны фізкультуру, тэхнічную працу, чарчэнне, біялогію і хімію і 21 год узначальваў Гвозніцкую сярэднюю школу: “Урок фізічнай культуры — гэта своеасаблівая масавая тэатральная пастаноўка. Настаўнік у ёй адначасова і галоўны рэжысёр, і сцэнарыст, і дырыжор, і выканаўца… Каб дзеці атрымалі зарад здароўя і бадзёрасці, адчулі радасць і задавальненне, трэба да дробязей прадумваць кожны этап урока, усе яго элементы. Памятай, што поспех прыходзіць толькі да тых, хто да яго імкнецца”, — успамінае Іван Аляксандравіч.

Падчас вучобы ў Гвозніцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Іван вылучаўся сярод аднакласнікаў разважлівасцю, удумлівасцю і памяркоўнасцю. Некалькі гадоў хлопец самастойна займаўся бегам, але трэніроўкі належнага эфекту не давалі. У 8 класе ён захапіўся спартыўнай хадзьбой. Секцыі па гэтым відзе спорту ў школе не было. Яна дзейнічала толькі ў ДЮСШ Маларыцкага раёна. Тры разы на тыдзень пасля ўрокаў Іван дабіраўся ў райцэнтр на заняткі па лёгкай атлетыцы да трэнера Сяргея Астапука. З-за адсутнасці транспарту часта даводзілася вяртацца ў родную вёску пешшу, пераадольваючы каля 13 кіламетраў.

— Мяне гэта зусім не засмучала, — усміхаецца Іван Аляксандравіч. — Гэта была своеасаблівая дадатковая трэніроўка, пачатак шляху да спартыўнага майстэрства, хаця прафесійна займацца спартыўнай ха­дзьбой ніколі не думаў. Лічыў яе дастаткова аднастайным, нецікавым і індывідуальным відам спорту.  Займаўся хадзьбой, як ка­жуць, толькі для сябе.

За няпоўны год трэніровак Іван двойчы стаў прызёрам вобласці, удзельнічаў у спаборніцтвах на Кубак краіны, перамог у рэспубліканскіх спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе і ў спаборніцтвах на Кубак Беларусі і краін Балтыі.

Стаць настаўнікам фізкультуры Іван канчаткова вырашыў у 10 класе. Паставіў мэту — паступіць на факультэт спартыўнага выхавання БрДУ імя А.С.Пушкіна. Да задуманага ішоў паступова, але ўпэўнена. У старшых класах асаблівую ўвагу ўдзяляў біялогіі і беларускай мове. Нават абараняў гонар школы па беларускай мове і літаратуры на раённай алімпіядзе. Пераможцам, праўда, не стаў, але вынік паказаў добры.

Пасля заканчэння БрДУ імя А.С.Пушкіна І.А.Лук’янчука накіравалі ў Маларыцкую раённую гімназію, адкуль яго праз 3 месяцы прызвалі ў армію. Адслужыўшы, вярнуўся на ранейшае месца работы.

— Падчас вайсковай службы не раз прапаноўвалі застацца служыць далей, — гаворыць педагог. — Але я вырашыў вярнуцца ў школу, пра што зусім не шкадую. Сябе можна знайсці ўсюды. Галоўнае — мець жаданне і матывацыю. Урокі фізкультуры дапамагаюць не толькі стаць вынослівым і моцным, але і выхаваць у сабе мэтанакіраванасць і самадысцыпліну. Мая задача — навучыць дзяцей любіць спорт у цэлым.

Асаблівых цяжкасцей у рабоце з дзецьмі малады настаўнік не адчувае. Перад першымі ўрокамі, вядома, крыху хваляваўся, але, дзякуючы падтрымцы калектыву, хваляванне хутка прайшло. Узаемаадносіны з вучнямі наладзіліся адразу неяк самі сабой.

— Іду на работу з радасцю і задавальненнем, бо вельмі люблю яе! — прызнаецца І.А.Лук’янчук.

Іван Аляксандравіч лічыць, што сучасны настаўнік павінен быць мабільным, цікавым, эрудзіраваным, стрыманым, шчырым і адкрытым, але найперш — чалавечным. Педагог імкнецца разгледзець спартыўныя задаткі і здольнасці ў кожным вучню, падтрымаць іх, паказаць перспектывы ўласнага росту, дапамагчы ўзняцца ў дасягненнях на прыступку вышэй, сфарміраваць пазітыўныя адносіны да здаровага ладу жыцця.

— Мой арыенцір — падрыхтаваць да самастойнага жыцця здаровую і фізічна моцную моладзь, вучыць на ўласным прыкла­дзе, — гаворыць І.А.Лук’янчук.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.