Вучыць, паказваючы прыклад

- 16:27Выхаванне, Выхаваўчая работа

Каб выхаваць вучняў патрыётамі, ім трэба даць не толькі веды. Неабходна выклікаць эмоцыі, сфарміраваць каштоўна-сна­сэнсавыя перакананні. Такой думкі прытрымліваецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 34 Магілёва Галіна Бяляева.

— Патрыятызму нельга навучыць, але можна паказаць прыклад. Прыклад герояў, на якіх трэба раўняцца, якімі хочацца ганарыцца. Беларускія героі не былінныя. Яны рэальныя — гэта нашы дзяды і прадзеды. Іх перамога ў вайне— гэта якасць нашай крыві, аўтарытэт нашага народа на міжнароднай арэне, іх мужнасць, вытрымка, самаахвярнасць — рысы нашага нацыянальнага характару. Усё гэта стараюся данесці да сваіх вучняў,— гаворыць педагог.

У школе Галіна Мікалаеўна курыруе вучэбную работу, але ўпэўнена: навучанне неаддзельнае ад выхавання. Кожныя яе заняткі ўключаюць у сябе не толькі набор тэарэтычных ведаў, але і выхаваўчы складнік. Ваенна-патрыятычнаму і грамадзянскаму выхаванню настаўніца надае ­прыярытэт і ў пазаўрочнай дзей­насці. Сумесна з навучэнцамі яна ўжо рэалізавала шэраг праектаў, якія не маюць аналагаў у краіне.

Унікальная праграма

— У нашай навучальнай установе назапашаны дастаткова вялікі вопыт работы ў патрыятычным выхаванні моладзі. Дапамогу тут аказ­вае школьны музей ­баявой славы, прысвечаны 290-й Магілёўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі. Менавіта яе падраз­дзяленні абаранялі горад у пачатку Вялікай Айчыннай вайны. З улікам ужо наяўных напрацовак узнікла жаданне павысіць ціка­васць навучэнцаў да ваеннай гіс­торыі. Так была створана інтэрактыўная карта “Абарона Магілёва: 23 гераічныя дні”, — расказвае Галіна Бяляева.

Паводле яе слоў, візуальныя магчымасці вучэбнай праграмы дазваляюць на карце і па днях уба­чыць прасоўванне нямецка-фашысцкіх войскаў па тэрыторыі Беларусі ў чэрвені — ліпені 1941 года. Акцэнт зроблены на падзеях, якія разгортваліся на Дняпроўскім рубяжы. Вучні даведваюцца пра тое, як сустрэлі магіляўчане навіну аб пачатку вайны, якія вайсковыя часці абаранялі Магілёў, наглядна бачаць першыя сутыкненні з гітлераўскімі ­войскамі, гераізм абаронцаў. У дапаможніку зручны для сучасных навучэнцаў інтэрфейс, а карта рэгулярна папаўняецца новымі актуальнымі матэрыяламі, атрыманымі ў выніку даследаванняў абласнога ваенна-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру”.

Унікальная праграма атрымала высокую ацэнку Прэзідэнта і ўжо актыўна выкарыстоўваецца на ўроках па гісторыі Беларусі, факультатывах і пазакласных мерапрыемствах. Галоўная каштоўнасць распрацоўкі ў тым, што яна дазваляе разгледзець гісторыю ваеннага Магілёва цэласна, без адрыву ад гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, зразумець значнасць абароны Дняпроўскага рубяжа.

Рэальныя справы

— Выхоўваць моладзь трэба не толькі на сухой тэорыі, акцыях або флэш-мобах. Каб захаваць памяць і сфарміраваць грамадзянска-патрыятычныя якасці, дзяцей трэба захапляць рэальнымі сацыяльна значнымі справамі, — лі­чыць Галіна Бяляева.

Разам з навучэнцамі Галіна Мікалаеўна пастаянна ўдзельнічае ў грамадскіх мерапрыемствах. А часам яны і самі выступаюць арганізатарамі важных і патрэбных спраў. Адметную ініцыятыву педагогу і яе вучням удалося рэаліза­ваць летась.

— Мы выпадкова даведаліся, што ў Магілёве захаваўся фрагмент аўтэнтычнага супрацьтанкавага рова, які быў выкапаны ў ліпені 1941-га для стрымлівання танкаў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым месцы загінула вялікая колькасць байцоў 110-й стралковай дывізіі. Яны біліся тут да апошняга. Дзякуючы Канстанціну Сіманаву, усе даведаліся пра Буйніцкае поле, пра палкоўніка Куцепава. А пра тое, што і ў самім горадзе ішлі не менш кровапралітныя баі, ведаюць адзінкі. Пад камандаваннем палкоўніка Жывалупа салдаты мужна абаранялі заходнія подступы, стрымліваючы прасоўванне 10-й танкавай дывізіі вермахта. Нямецкія танкі так і не змаглі зламаць іх супраціўленне, абышлі небяспечны ўчастак. Але нават мясцовыя жыхары з цягам часу сталі забывацца пра той по­дзвіг. Разам з дзецьмі мы вырашылі ўвекавечыць гэтую па­мяць, — расказвае Галіна Бяляева.

На заклік адгукнуліся многія ўстановы адукацыі горада, грамадскія аб’яднанні, гарадскі ­Савет дэпутатаў. Сумеснымі намаганнямі правялі суботнік, акультурылі тэрыторыю. А пасля пры падтрымцы ўлад быў усталяваны мемарыяльны знак у памяць аб загінуўшых воінах. Цяпер сюды прыводзяць на экскурсіі навучэнцаў, тут спыняюцца турыстычныя аўтобусы.

— Для маіх вучняў гэта лепшая ўзнагарода за працу. Яны ба­чаць, што іх ініцыятыва дала плён, што яны змаглі ўнесці свой уклад у захаванне ваеннай гісторыі горада,— заўважае Галіна Мікалаеўна.

Знакавы праект

Своеасаблівай данінай памяці стала яшчэ адна ініцыятыва Галіны Бяляевай. Ініцыіраваны ёй праект “Вялікая Айчынная вайна: сямейныя гісторыі” аб’яднаў сотні навучэнцаў, педагогаў і проста неабыякавых грамадзян не толькі з Магілёва, але і з усёй вобласці.

— Як удзельніца VІ Усебеларускага народнага сходу вельмі ўважліва слухала выступленне Прэзідэнта аб важнасці захавання гістарычнай памяці. Менавіта тады ўзнікла ідэя праекта. Раней збіраліся біяграфічныя звесткі толькі аб удзельніках баявых дзеянняў. Але ж героі — гэта не толькі салдаты, якія вая­валі. Гераічныя ўчынкі ­здзяйснялі і звычайныя людзі, якія жылі пад акупацыяй, трапілі ў канц­лагеры або былі вывезены ў Германію. Такія гісторыі таксама трэба захоўваць. Але далёка не да ўсіх сведак дайшлі, не ўсіх апыталі. Навізна праекта яшчэ і ў тым, што гэтай работай заняліся дзеці, сённяшнія школьнікі, што ў сучасных рэаліях асабліва важна,— ­тлумачыць Галіна Мікалаеўна.

Навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій атрымалі магчымасць апуб­лікаваць біяграфіі сваіх продкаў, якія жылі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Вынікам агульнай карпатлівай працы стала публікацыя кнігі, куды ўвайшлі 620 старонак успамінаў, 596 біяграфій, больш за 1000 фатаграфій і дакументаў з сямейных архіваў, успаміны з рукапісных дзённікаў ветэранаў, інтэрв’ю вязняў канцлагераў.

Падчас збору інфармацыі ўдалося сабраць мноства сапраўды неверагодных жыццёвых гісторый ваеннага ліхалецця. Кожны аповед— пра мужнасць і гераізм, самаахвярнасць і ўстойлівасць, любоў і веру ў перамогу. Многія біяграфіі, што ўвайшлі ў кнігу, належаць людзям, якія аддалі жыццё за Радзіму, якія памерлі ў выніку генацыду, не паспеўшы пакінуць нашчадкаў.

— Кніга захавае гэтыя імёны. Велізарнае значэнне мае і тое, што наша моладзь ускалыхнула сямейную памяць і пачула тыя словы і запаветы, якія пакінулі прадзеды, — падкрэслівае Галіна Бяляева.

Дарэчы, зараз рэалізацыя знакавага праекта працягваецца. У планах педагога — выдаць другі і трэці том кнігі.

Захавальнікі памяці

Асаблівае месца ў дзейнасці Галіны Бяляевай па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі займае кіраванне вучнёўскім пошукавым атрадам “Т-34”. Маладыя людзі, якія ўваходзяць у яго склад, рэгулярна ўдзельнічаюць у экспедыцыях па пошуку астанкаў салдат Вялікай Айчыннай вайны.

— Наш атрад не шматлікі. Але ў ім няма выпадковых дзяцей. Зараз у яго ўваходзяць вучні з сярэдніх школ №№ 1, 2, 34, 8 і першай гарадской гімназіі. Усе навучэнцы з розных навучальных устаноў, але іх аб’ядноўвае захопленасць ваен­най гісторыяй, а таксама жаданне вяртаць з небыцця імёны герояў— абаронцаў Радзімы, — гаворыць Галіна Бяляева.

Атрад актыўна супрацоўнічае з Магілёўскім абласным гісторыка-патрыятычным пошукавым клубам “Віккру” і прымае ўдзел у многіх экспедыцыях, прычым часта даволі вынікова. 

— Падчас работы над першым томам кнігі мой вучань Максім Рыжкоў прынёс дзённік свайго прадзеда. Прачытаўшы яго, я ад­разу патэлефанавала “віккруўцам”. У сшытку апынуліся ўспаміны байца 110-й “мёртвай” стралковай дывізіі. Той самай, якая бараніла подступы да Магілёва. А мёртвая яна таму, што ўспамі­наць было практычна няма каму. Ужо назаўтра атрад удзельнічаў у раскопках каля вёскі Аўгустова Шклоўскага раёна. Сярод зной­дзеных тады астанкаў аднаго з салдат удалося ідэнтыфіка­ваць. Чырвонаармеец Міхаіл Конаў лічыўся прапаўшым без вестак з лета 1941 года. Яму было 23 гады. Праз некалькі дзён у расійскі горад Тула быў дасланы ліст. Сям’я нарэшце даведалася, дзе загінуў іх Міша, — адзначае Галіна Мікалаеўна.

Асаблівай для юных пошукавікаў стала і леташняя экспедыцыя ў Слаўгарадскі раён. Падчас работ 14-гадовы Дзіма Хмяльніцкі знайшоў салдацкі медальён. Імя байца таксама ўдалося расшыфраваць. Ім аказаўся чырвонаар­меец Фёдар Папоў з Курскай вобласці. Удалося знайсці і сям’ю, у якой да гэтага часу пра Фёдара нічога не ведалі і лічылі прапаўшым без вес­так. Родныя прысутнічалі на перапахаванні і вельмі дзякавалі дзецям. 

— Мае атрадаўцы тады на справе ўбачылі, наколькі вялікае значэнне мае тая справа, якую яны робяць, для сваякоў загінуўшых салдат. Менавіта такія мерапрыемствы, якія выкліка­юць важныя эмоцыі і фарміру­юць перакананні, — лепшыя выні­кі грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення,— упэўнена Галіна Мікалаеўна.

Сёння да атрада “Т-34” далучаюцца новыя ўдзельнікі. Калі кіраўнік піша навучэнцам аб чарговай экспедыцыі і пытаецца, хто жадае ехаць, усе нязменна адказваюць: “Я!”

— Ні ў каго з навучэнцаў ніколі не ўзнікае сумненняў. А ведаеце чаму? Другая сусветная вайна паказала, хто чаго варты. Галандыя здалася за 5 дзён, Францыя — за 44, Польшча — за 35… А наш Магілёў у поўным акружэнні працягваў сцягваць на сябе дывізіі рэйха, выйграваў час ты­сячамі жыццяў — абараняўся 23 гераічныя дні. Аб гэтым я заўсёды нагадваю дзецям: забываць могуць тыя, каму няма чым ганарыцца, а беларусы заўсёды бу­дуць свята шанаваць загінуўшых і памятаць, што яны — нашчадкі пераможцаў, — пераканана Галіна Бяляева.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ.