Вучыць патрыятызму праз прыклад

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Каб навучыць патрыятызму, трэба паказаць прыклад… Прыклад гераізму і самаахвярнасці папярэдніх пакаленняў, прыклад уласнай грамадзянскай пазіцыі, прыклад канкрэтнай працы на карысць сваёй краіны. Па такім прынцыпе будуе сістэму ваенна-патрыятычнага выхавання з моладдзю намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 34 Магілёва Г.М.Бяляева.

Дзённік прадзеда навучэнца сярэдняй школы № 34 Максіма Рыжкова дазволіў знайсці дагэтуль невядомыя магілы двух чырвонаармейцаў, якія загінулі ў чэрвені 1941 года ў вёсцы Аўгустова Шклоўскага раёна. Астанкі аднаго з салдат удалося ідэнтыфікаваць. 

—Выхаваць патрыёта без ведання гісторыі сваёй краіны, без каштоўнасна-сэнсавага, эмацыянальнага складніка — немагчыма. Вучні павінны дакладна разумець: вайна — гэта не сухія старонкі з падручніка. Вайна — гэта раздроб­леныя косці салдат… Гэта — партрэт сына, які пайшоў абараняць Радзіму і не вярнуўся, — пераканана Галіна Мікалаеўна.

Па асабістай ініцыятыве Г.М.Бяляевай у школе многае зроблена для павышэння цікавасці вучняў да ваеннай гісторыі. Так, педагогам была распрацавана інтэрактыўная карта “Абарона Магілёва: 23 гераічных дні”. Візуальныя магчымасці гэтай праграмы дазваляюць вучням наглядна па днях убачыць перамяшчэнне нямецка-фашысцкіх войскаў па тэрыторыі Беларусі летам 1941 года. Асаблівы акцэнт мэтанакіравана зроблены на падзеі, якія разгортваліся на Дняпроўскім рубяжы.

— Вучні ў дэталях атрымліваюць інфармацыю аб вайсковых часцях, якія абаранялі горад, аб першых сутыкненнях з гітлераўцамі, аб гераізме абаронцаў, якія апынуліся ў акружэнні. Дзеці знаёмяцца з біяграфіямі ўдзельнікаў тых падзей, фатаграфіямі ваеннага Магілёва, відэаздымкамі Абвера, слухаюць інтэрв’ю маршала А.І.Яроменкі, Канстанціна Сіманава. Важна, што інтэрактыўная карта пастаянна папаўняецца новымі актуальнымі матэрыяламі, атрыманымі ў выніку даследаванняў ваенна-патрыятычнага клуба “ВІККРУ”, — паведаміла Г.М.Бяляева.

Паводле яе слоў, зараз рэалізуецца новы маштабны праект “Вялікая Айчынная вайна: сапраўдныя гісторыі”. Ініцыятыва стартавала вясной бягучага года і аб’яднала не толькі вучняў 34-й школы.

— Ідэя гэтага праекта ўзнікла спантанна. Як прадстаўнік дэпутацкага корпуса рэгулярна праводжу гутаркі з вучнямі. І неяк заўважыла, што тэма вайны ў сем’ях стала забывацца. Праект накіраваны на тое, каб гэтую памяць захаваць. Ініцыятыву ўсебакова падтрымалі гарадскі Савет дэпутатаў, упраўленне па адукацыі гарвыканкама. Такі праект атрымаў шырокі водгук. Жаданне расказаць пра біяграфіі сваіх продкаў, якія жылі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, выказалі вучні школ, ліцэяў і гімназій з усяго Магілёва, — расказала Г.М.Бяляева. — Пазней да нас сталі звяртацца таксама жыхары горада — хацелі б увекавечыць па­мяць аб дарагіх ім людзях. Сёння ідзе работа ў друкарні. Шэсць соцень біяграфій, больш за 1000 фотаздымкаў і дакументаў з сямейных архіваў, успаміны з рукапісных дзённікаў ветэранаў, інтэрв’ю вязняў канцлагераў, блакаднікаў, мірных жыхароў, якія апынуліся ў акупацыі… Уся гэтая неверагодна важная інфармацыя ўжо чакае публікацыі. Значна, што многія біяграфіі, якія ўвайшлі ў кнігу, належаць людзям, якія аддалі жыццё за Радзіму, памерлі ў выніку генацыду. Многія з іх не паспелі пакінуць нашчадкаў, і гэтая кніга — магчымасць захаваць імя і пазбегнуць забыцця. Але яшчэ большае значэнне мае тое, што навучэнцы падключылі сваіх бацькоў і змаглі ўскалыхнуць сямейную памяць, пачуць тыя важныя словы, якія пакінулі ім іх прадзеды, — дадала Галіна Мікалаеўна.

Адметна, што праект “Вялікая Айчынная вайна: сапраўдныя гісторыі” паспрыяў і яшчэ адной значнай падзеі. У ходзе збору матэрыялаў вучань сярэдняй школы № 34 Максім Рыжкоў знайшоў дзённік свайго прадзеда. У сшытку аказаліся ўспаміны байца 110-й “мёртвай” стралковай дывізіі.

— Гэтая дывізія ў 1941 годзе абараняла подступы да Магілёва. А “мёртвая” яна таму, што ўспамінаць не было каму. Дзякуючы звесткам з дзённіка, сумесна з клубам “ВІККРУ” мы выехалі на раскопкі. Пошукавая група з ліку навучэнцаў сярэдніх школ №№ 34 і 1, а таксама 1-й гарадской гімназіі прыняла актыўны ўдзел у знаходжанні двух байцоў, якія загінулі ў чэрвені 1941 года ў вёсцы Аўгустова Шклоўскага раёна. Астанкі аднаго з салдат удалося ідэнтыфікаваць. Сям’я чырвонаармейца Конанава з Тулы нарэшце даведалася аб тым, дзе ён загінуў. Гэтая гісторыя пакінула глыбокі след у душы кожнага вучня, — адзначыла Галіна Мікалаеўна.

На яе думку, такія падзеі спрыяюць выхаванню ў навучэнцаў патрыятычных пачуццяў. Педагог упэўнена: зараз дзецям трэба не толькі даваць веды, але і выклікаць іх эмоцыі, фарміраваць іх перакананні.

— Сёння да нашага пошукавага атрада працягваюць далучацца навучэнцы іншых магілёўскіх школ. Дзеці праз уласныя эмоцыі ўсведамляюць маштабы таго гераізму і подзвігу, які здзейснілі салдаты Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы разумеюць, што забываць вайну могуць тыя, каму няма чым ганарыцца, а ім забываць нельга, бо яны — нашчадкі пераможцаў. Менавіта ў гэтым заключаюцца самыя галоўныя парасткі ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, — падкрэсліла Г.М.Бяляева.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Г.М.Бяляевай.