Пра настаўніцу хіміі Галіну Рыгораўну Купрыянчык з гімназіі № 2 Пінска калегі гавораць: “Сціплая, мэтанакіраваная, прынцыповая, а галоўнае — прафесіянал сваёй справы!” І гэта сапраўды так.
Нарадзілася будучы педагог на Піншчыне ў мнагадзетнай сям’і. Бацькі па адукацыі аграномы, таму з дзяцінства яна захаплялася біялогіяй. Пасля заканчэння школы паступіла на біялагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, тым самым ажыццявіўшы мару мамы стаць настаўніцай.
У пачатку прафесійнага шляху выкладала біялогію і хімію, але пазней засяродзілася на хіміі. У гімназіі № 2 Пінска працуе сёмы год.
Настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Г.Р.Купрыянчык валодае глыбокай прадметнай эрудыцыяй. Выкарыстоўваючы розныя метады і прыёмы, імкнецца даць гімназістам трывалыя веды па хіміі, дабіваецца ад вучняў максімальнага асэнсавання засвоенага матэрыялу. Урокі Галіны Рыгораўны вылучаюцца камунікацыйнай накіраванасцю, творчым характарам, лагічнасцю, вялікай разнастайнасцю форм, прыёмаў і метадаў работы.
У педагагічнай дзейнасці Г.Р.Купрыянчык прытрымліваецца запавету Д.І.Мендзялеева: “Вучыцеся самаму галоўнаму — уменню сябе перамагаць”. Гэтаму Галіна Рыгораўна вучыць сябе і сваіх выхаванцаў. А ёй ёсць кім ганарыцца! Мікалай Чарнаўчыц, Соф’я Ненева, Ягор Палюховіч, Вікторыя Бурван, Яраслаў Кікценка, Настасся Шастаковіч — спіс прозвішчаў можна доўжыць бясконца. І гэта нядзіўна. Толькі ў бягучым навучальным годзе вучні Галіны Рыгораўны заваявалі на раённым этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 5 дыпломаў, а на абласным этапе — адзін дыплом І ступені.
Варта адзначыць станоўчы вопыт педагога па развіцці даследчых кампетэнцый вучняў. Выхаванцы Г.Р.Купрыянчык — пераможцы гарадскога конкурсу даследчых работ “Першыя крокі ў навуку” і абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.
Галіна Рыгораўна ахвотна дзеліцца назапашаным эфектыўным вопытам з калегамі, прычым не толькі з Пінска. Распрацоўкі вучэбных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў настаўніцы апублікаваны ў часопісах “Біялогія і хімія: праблемы выкладання” і “Народная асвета”, на старонках “Настаўніцкай газеты”.
Г.Р.Купрыянчык актыўна ўдзельнічае ў семінарах, канферэнцыях і фестывалях рознага ўзроўню, з’яўляецца членам абласной творчай групы настаўнікаў хіміі. На працягу многіх гадоў педагог вынікова працуе ў гарадскім рэсурсным цэнтры па падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі. Мае ўласны сайт.
Галіна Рыгораўна лічыць, што кожны дзень павінен быць пражыты з карысцю. Настаўніца нястомна займаецца самаадукацыяй. Захапляецца творчасцю паэта Роберта Раждзественскага, любіць чытаць жыццёвыя раманы. У студэнцтве марыла навучыцца іграць на гітары, а цяпер увасабляе мару ў рэальнасць.
Г.Р.Купрыянчык рэалізавалася не толькі як настаўніца, але і як жонка, мама. Любіць праводзіць вольны час з сям’ёй, аддаючы перавагу актыўнаму адпачынку на прыродзе і падарожжам.
У людзях Галіна Рыгораўна цэніць шчырасць, добразычлівасць і неабыякавасць. Асабістыя якасці педагога таксама выклікаюць павагу: адказнасць, аптымізм, інтэлігентнасць, мэтанакіраванасць, паважлівыя адносіны да іншых.
За стабільна высокія вынікі ў рабоце Г.Р.Купрыянчык адзначана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і падзячным лістом Пінскага гарвыканкама.
Таццяна ЛІПАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2 Пінска.