Вучыць творча і з захапленнем

Упершыню Міхаіл Іосіфавіч Сарнацкі прывёў сваю дачку Дану ў Нагорнаўскую васьмігадовую школу-інтэрнат, дзе працаваў лабарантам і вёў тэхнічную працу ў хлопчыкаў, калі яна была яшчэ зусім маленькай. Менавіта бацька, яго адносіны да працы, да вучняў сфарміравалі ў дзяўчынкі стаўленне да школы як да храма навукі. А яшчэ разам з татам, братам, навучэнцамі і настаўнікамі гэтай школы яна аб’ехала, мабыць, палову Савецкага Саюза. У час паездак яе асабліва вабілі музеі і помнікі архітэктуры. У 8 класе дзяўчынка ўжо цвёрда ведала, што будзе займацца гісторыяй і шмат падарожнічаць.

Cкончыўшы ў 1993 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Гісторыя”, Данута Міхайлаўна Валасевіч ужо на працягу 34 гадоў адкрывае таямніцы гісторыі вучням Клеччыны. Так сталася, што, жывучы ў Клецку, Данута Міхайлаўна ўвесь час працуе ў сельскіх школах. Зараз яна настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Кухчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна.

Аптымальнае спалучэнне традыцыйных форм з нетрадыцыйнымі дае магчымасць вучням Дануты Міхайлаўны займацца даследчай дзейнасцю і заваёўваць прызавыя месцы на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Пачынаючы з 2014 года вучні настаўніцы заваявалі 4 дыпломы высокай вартасці. Гатоўнасць да перамен, мабільнасць, здольнасць дзейні­чаць нестандартна, адказнасць і самастойнасць у прыняцці рашэнняў — усё гэта характарызуе паспяховага прафесійнага настаўніка. Набыццё гэтых каштоўных якасцей немагчыма без пашырэння прасторы педагагічнай творчасці. Данута Міхайлаўна лічыць, што, каб зацікавіць дзяцей вучэбным прадметам, неабходна самой быць даследчыкам, займацца пошукавай дзейнасцю.

У далёкім 2006 годзе Дануце Міхайлаўне пашчасціла ўдзельнічаць у здымках дакументальна-публіцыстычнага фільма рэжысёра Уладзіміра Арлова “Каля Чырвонага касцёла” пра заснавальніка Чырвонага касцёла ў Мінску Эдварда Вайніловіча. З гэтага і пачалася даследчая работа па вывучэнні жыцця і дзейнасці асобы апошняга. У выніку даследаванне вучняў 11 класа пад кіраўніцтвам “Эдвард Вайніловіч: Клецкае пазыкова-ашчаднае тавары­ства (другая палова XIX — першая трэць XX ст.)” адзначана дыпломам I ступені на навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, Клецкі край і Эдвард Вайніловіч” (21 верасня 2018 года, Клецк), арганізатарамі якой былі Інстытут гісторыі Нацыя­нальнай акадэміі навук Беларусі, Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі, і ўвайшло ў аднайменны зборнік навуковых публікацый. Работа атрымала дыплом IІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару ў секцыі “Гісторыя — культурная спадчына і сучас­насць”.

Данута Міхайлаўна — за творчыя пошукі ў сучасным навучанні школьнікаў, бо гэта станоўча ўплывае на вучэбна-выхаваўчы працэс і асобу самога настаўніка. Яна рэгулярна дзеліцца вопытам работы з калегамі праз правядзенне май­стар-класаў ў рамках раённых, абласных і рэспубліканскіх семінараў. На VІІІ Калядным фестывалі педагагічнага майстэрства “Пазнанне, інтэлект, творчасць”, які праходзіў 27—28 снежня 2018 года ў АПА, Данута Міхайлаўна прадставіла свае метадычныя прадукты па складанні схем і табліц на ўроках гісторыі і грамадазнаўства, па арганізацыі і напісанні вучнёўскіх даследчых работ. 11 матэрыялаў з вопыту работы педагога былі апублікаваны на старонках абласных і рэспубліканскіх выданняў. Сваім вопытам яна дзеліцца з калегамі і на сайце “Інфаўрок”.

Аснова поспеху Д.М.Валасевіч — педагогіка супрацоўніцтва, патрабавальнасць да вучняў пры сумесным пошуку і вырашэнні пастаўленых задач. Прыгожа сказаць на ўроку — значыць зацікавіць, умела паказаць — значыць дапамагчы запомніць, выявіць супярэчнасць — значыць абудзіць думку, вырашыць супярэчнасць — значыць даць веды. Крэда Дануты Міхайлаўны: “Каб быць добрым выкладчыкам, неабходна любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”. Давер і супрацоўніцтва, камунікабель­насць, абавязковасць, гнуткасць і пошук арыгінальных падыходаў, спалучэнне рацыянальнага са здабыткамі этнапедагогікі, памножанае на асабістыя метадычныя дасягненні — гэта самы правільны шлях да поспеху ў навучанні і выхаванні сучасных школьнікаў.

Быць настаўнікам — ганарова, а вучыць дзяцей — адказна. Педагагічны вопыт Дануты Міхайлаўны Валасевіч — вынік шматгадовай працы, сістэматычнага ўдасканалення і паглыблення ведаў па тэорыі і методыцы выкладання гісторыі і грамадазнаўства. Адукацыя — творчы працэс вырашэння задачы навучыць, развіць, выхаваць, сфарміраваць кампетэнцыі асобы сучаснага інфармацыйнага грамадства.

Працоўная дзейнасць Дануты Міхайлаўны адзначана 6 граматамі і падзякамі раённага ўзроўню і 13 — абласнога. За гады работы яна 9 разоў узнагародж­валася граматай упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, 5 — граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Клецкага раённага выканаўчага камітэта, двойчы яе праца была адзначана падзякай начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і падзякай старшыні Клецкага раённага выканаўчага камітэта. У 2018 годзе настаўніца ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і падзякай Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

З задавальненнем і захапленнем яна ўдзельнічае ў конкурсах педагагічнага майстэрства і ў 2016 годзе стала пераможцай раённага этапу Рэспублікан­скага конкурсу “Настаўнік года”. Штогод у рамках святочнага мерапрыемства да 8 Сакавіка на Клеччыне праводзіцца цырымонія ўзнагароджання па выніках раённага конкурсу “Жанчына года”. У 2018 годзе Данута Міхайлаўна прызнана лепшай у намінацыі “Жанчына ў прафесіі”.

Акрамя таго, яна шмат падарожнічае. З гэтай нагоды часта цытуе словы Алеся Ставера: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Данута Міхайлаўна ўжо вывучыла шмат куточкаў роднай Беларусі, у складзе турыстычных груп наведала Італію, Аўстрыю, Польшчу, Літву, Германію, Чэхію, Балгарыю, Славакію, Турцыю і лічыць, што самыя цікавыя маршруты — наперадзе.

А яшчэ Данута Міхайлаўна — выдатная маці дваіх дзяцей (дарэчы, абое маюць вышэйшую педагагічную адукацыю), добрая жонка і клапатлівая бабуля. Нягледзячы на сваю занятасць у школе, яна цудоўная гаспадыня, якая ўмее стварыць камфорт і ўтульнасць для сваіх родных.

На пытанне “Пра што вы марыце?” Д.М.Валасевіч задуменна адказвае: “Каб дзверы школы ў верасні адчыніць…”

Алена ЖДАНОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кухчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна Мінскай вобласці.