Вучыць жыццю і прыгажосці

- 10:28Людзі адукацыі

Яе падапечныя на рабоце — дзеці і кветкі. Сярод кветак самая любімая — рамонак, а дзеці, яе навучэнцы, усе блізкія, ва ўсіх укладзена часцінка душы і сэрца.

Ірына Іванаўна Журомская — выкладчык спецыяльных прадметаў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі. Працуе тут з 2008 года, калі ў каледжы пачыналася падрыхтоўка па новай спецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва”.
Для Ірыны Іванаўны гэта таксама быў новы жыццёвы этап. Да гэтага часу выкладчыцкай дзейнасцю не займалася. Скончыўшы на выдатна Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці “Аграном”, атрымала размеркаванне ў Беларускі навукова-даследчы інстытут бульбаводства. Потым працягнула адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, якую таксама скончыла з чырвоным дыпломам. Атрымала кваліфікацыю “аграном-біёлаг”. Затым была вучоба ў аспірантуры. Паспяхова займалася даследчай работай: з’яўлялася адным з распрацоўшчыкаў пазнаспелага сорту бульбы “Вяснянка”, апублікавала восем навуковых работ у айчынных і замежных выданнях, прыняла ўдзел у дзвюх міжнародных навукова-даследчых канферэнцыях.Так бы і працавала сям’я Журомскіх на ніве сельскай гаспадаркі. Муж Генадзь Канстанцінавіч таксама скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Разам яны працавалі ў НДІ бульбаводства, і навуковы кіраўнік у аспірантуры ў іх быў адзін — прафесар Уладзімір Рыгоравіч Іванюк.
І тут у жыцці сям’і Журомскіх адбылася значная падзея: яны пераехалі жыць у Гродна. Генадзь Канстанцінавіч пачаў працаваць у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Зараз кандыдат біялагічных навук дацэнт Г.К.Журомскі ўзначальвае кафедру энтамалогіі і біялагічнай аховы раслін. Ірына Іванаўна таксама выбрала новы для сябе прафесійны шлях — выкладчыцкі.
Пачынаць было вельмі складана. І першым крокам была паездка па пратэкцыі У.Р.Іванюка ў мінскі батанічны сад. Ірына Іванаўна гаворыць, што кіраўніцтва каледжа ўдзяляла вялікую ўвагу развіццю новай спецыяльнасці — закупляла неабходную літаратуру, абсталяванне. Рыхтавалася да заняткаў маладая выкладчыца да позняй ночы. А яшчэ трэба было спасцігнуць не менш складаную навуку — выкладаць для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, бо ў каледжы камунальнай гаспадаркі працуюць інтэграваныя групы.
— Хутка зразумела, што такім дзецям трэба, так бы мовіць, відэалізацыя ведаў. Тэксты з падручнікаў імі ўспрымаюцца больш цяжка, яны лягчэй атрымліваюць веды праз вобраз, малюнак, схему, — гаворыць Ірына Іванаўна.
Так і ўзнікла ідэя па распрацоўцы розных дыдактычных матэрыялаў. Распрацаванымі І.І.Журомскай дапаможнікамі “Дэндралогія. Рабочы сшытак” і “Кветкаводства. Рабочы сшытак” карыстаюцца зараз ва ўсёй Беларусі. У рабоце яшчэ адзін рабочы сшытак — па прадмеце “Асновы раслінаводства”. 65 постараў фармату А1 па прадметах спецыяльнага цыкла зараз праходзяць рэцэнзаванне і рыхтуюцца да друку ў Цэнтры вучэбнай кнігі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. А яшчэ Ірына Іванаўна стварае медыятэку, распрацавала электронны падручнік па асновах зялёнага будаўніцтва.
І.І.Журомская — старшыня метадычнай камісіі выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання па спецыяльнасцях “Садова-паркавае будаўніцтва” і “Тэхналогія вырабу швейных вырабаў”. З 2014 года — старшыня метадычнай камісіі выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання ўзроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Шырока выкарыстоўвае электронныя сродкі навучання.
Сёння выпускнікі каледжа займаюцца зялёным упрыгожваннем гарадоў Гродзеншчыны. Памяць аб сабе пакідаюць яны і ў каледжы. Дыпломныя работы — фларарыумы — упрыгожваюць кабінеты навучальнай установы. Добраўпарадкаваныя тэрыторыі і прыгожыя клумбы ўнутранага дворыка каледжа таксама дыпломная работа. А яшчэ выкладчыца Журомская лічыць, што сваіх падапечных яна павінна не толькі навучыць прафесійным навыкам, але і дапамагчы ім у сацыялізацыі, таму ў яе выкладчыцкім арсенале прысутнічае дэкупаж і салодкая фларыстыка, фітадызайн і ландшафтны дызайн. Яна і яе вучні праводзяць майстар-класы, аднойчы дзеці нават метадыстаў іншых навучальных устаноў вучылі.
І.І.Журомская ў мінулым годзе была адзначана дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у арганізацыі майстар-класаў на выставе “Горад майстроў” у рамках правядзення фіналу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills-2014. У гэтым годзе ўзнагароджана дыпломам І ступені за ўдзел у Рэспубліканскай выставе дэкаратыўнай і прыкладной творчасці за распрацоўку вырабаў у тэхніцы світ-дызайн, за добрасумленную работу — граматай Міністэрства адукацыі.
Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі Аляксандр Мікалаевіч Макавецкі, адзначаючы высокія прафесійныя якасці І.І.Журомскай, яе жаданне ўдасканальваць свае веды, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і матэрыялы, творчы падыход да любой справы, падкрэслівае, што Ірына Іванаўна — адкрыты і прыязны чалавек, што відаць па яе адносінах з калегамі і навучэнцамі.
Сваё знаёмства з навучэнцамі-першакурснікамі Ірына Іванаўна пачынае з прытчы, галоўны сэнс якой у тым, што толькі праз руплівую штодзённую працу можна чагосьці дасягнуць у жыцці. Так яна жыве сама, так вучыць жыць сваіх выхаванцаў.
Дзяцей і кветкі Ірына Журомская гадуе з любоўю…

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.