Вучыце мовы! Будзьце ў трэндзе!

Ці ведаеце вы, што фінскую мову можна лічыць самай лёгкай, бо гучанне ўсіх літар заўсёды аднолькавае, гэта значыць, як чуецца, так і пішацца; што ў Вялікабрытаніі веданне другой мовы можа павысіць сярэдні заробак чалавека на 180 000 долараў на працягу кар’еры; што на тасканскім дыялекце “пінокіа” азначае “кедравы арэшак”? Гэтыя і іншыя цікавыя факты даведаліся навучэнцы гімназіі № 1 Ашмян у Еўрапейскі дзень моў.

Свята было заснавана Саветам Еўропы ў 2001 годзе. Сёння яго адзначаюць усе, хто вывучае замежныя мовы: гэта падтрымка моўнай разнастайнасці і двухмоўя кожнага еўрапейца. Таксама свята спрыяе развіццю выкладання і вывучэння розных моў у свеце.

Ідэю “настаўнікаў-замежнікаў” адзначыць Еўрапейскі дзень моў з энтузіязмам падхапілі навучэнцы ўсіх класаў: вывучэнне англійскай мовы на павышаным узроўні (5 гадзін у тыдзень) актывізуе цікавасць да вывучэння мовы, выхоўвае талерантнае стаўленне да іншых звычаяў і традыцый.

Кожны вучань у гэты дзень трапляў у атмасферу свята і іншамоўных зносін. Выстаўка-фотамарафон “Мовы адкрываюць свет” прадэманстравала творчасць і пазітыў нашых вучняў і іх бацькоў, педагогаў. У холе першага паверха была прадстаўлена вычарпальная інфармацыя з гісторыі Еўрапейскага дня моў, цікавыя факты. Відэаролікі прадэманстравалі, наколькі шматмоўны наш свет і як актуальна сёння быць чалавекам свету, які ўмее размаўляць на некалькіх мовах.

Міні-лекцыі і акцыі, праекты, віктарыны і конкурсы — усё гэта істотны ўнёсак у фарміраванне ў кожнага з нас станоўчай матывацыі да зносін на замежнай мове.

Ірына ГОТКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Ашмян.