Вучыце не толькі прадметы — унікайце ў жыццё

- 11:10Вышэйшая школа

2 верасня  на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сустрэча студэнтаў-першакурснікаў з кіраўнікамі вядучых СМІ краіны. Традыцыйнае мерапрыемства было прымеркавана да пачатку новага навучальнага года, адметнасцю якога стаў юбілейны — 75-ы набор. 

Павітаць студэнтаў і даць першыя парады на шляху ў прафесію прыйшлі першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, дырэктар Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Дзмітрый Жук, старшыня праўлення ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” Марат Маркаў, галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Павел Сухарукаў, генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч, намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне” Вадзім Шчаглоў, дырэктар Нацыянальнага прэс-цэнтра Рэспублікі Беларусь Сяргей Протас і старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль Лемяшонак.

Іван Эйсмант адзначыў, што маладым людзям не трэба чакаць заканчэння ўніверсітэта, каб знайсці сябе ў прафесіі, а спрабаваць, пачынаючы з 1 курса.

— Чым раней вы пакажаце сябе, тым лепш. Калі ў вас будуць гарэць вочы, знайсці работу мары будзе не праблемай. А мы, усе, хто сядзіць тут, вам у гэтым дапаможам, — звярнуўся да моладзі Іван Міхайлавіч.

Дзмітрый Жук заўважыў, што на ўсіх “навабранцаў” работадаўцы, нягледзячы на высокі бал пры паступленні, гля­дзяць скептычна, бо патрабуюць ад іх якасці працы.

— На факультэце журналістыкі вы шмат чаму навучыцеся. Помніце пра тое, што журналіст павінен расказваць пра жыццё сваёй краіны. Вучыце не толькі прадметы, але ўнікайце ў тое, чым жыве Беларусь, — параіў дырэктар Выдавецкага дома “Беларусь сегодня”.

Марат Маркаў назваў журналістыку прафесіяй, якая  заў­сёды дасць хлеб таму, хто імкнецца стаць у ёй найлепшым. А дасягнуць гэтага, па словах прамоўцы, можна, выказаўшы настойлівае жаданне і смеласць. Сяргей Протас звярнуў увагу на тое, што медыя мяняюцца, але запыт на якасць застаецца на тым жа ўзроўні, а высокапрафесійныя кадры запатрабаваны заўсёды незалежна ад іх інструментарыю і нішы, якую яны займаюць у журналістыцы.

Юнакі і дзяўчаты змаглі спытаць у старэйшых калег пра тое, што хвалюе іх сёння: кантэнт вядучых тэлеканалаў, папулярызацыя беларускай мовы ў СМІ, стан сучаснай спартыўнай журналістыкі, расставіць прыярытэты ў звязках “аператыўнасць і дакладнасць”, “этыка і праўда”.

— Галоўнае ў нашай справе — менш думаць пра поспех, а самааддана і захоплена займацца тым, што любіш. Тады і вынікі не прымусяць сябе чакаць, — рэзюмаваў Анатоль Лемя­шонак.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.