Вучыцца адзін у аднаго — цікава, перспектыўна, неабходна

- 11:55Прафесійна-тэхнічная адукацыя

З дырэктарам Даўгаўпілскага медыцынскага каледжа дэпутатам Даўгаўпілскай гарадской думы Лівіяй Янкоўскай мы неаднойчы сустракаліся на сумесных беларуска-латвійскіх мерапрыемствах на базе Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання, а бліжэй пазнаёміліся падчас візіту прадстаўнікоў Асацыяцыі каледжаў Латвіі на Віцебшчыну ў снежні мінулага года. Яркая і неардынарная асоба, абаяльная і мудрая жанчына, вопытны палітык і паспяховы кіраўнік установы адукацыі, яна ўражвае ўменнем хутка знаходзіць кропкі судакранання інтарэсаў і кансалідаваць іх на дасягненне ўзаемавыгадных мэт, ацэньваць сітуацыю на перспектыву, выбудоўваць стратэгію супрацоўніцтва. У інтэрв’ю для “Настаўніцкай газеты” Лівія Янкоўская расказала пра свой каледж, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне падрыхтоўкі кадраў, магчымасці развіцця міжнароднага партнёрства ў прафесійнай адукацыі.

— Ці прэстыжныя прафесіі медсястры і фельчара ў Латвіі? Наколькі яны запатрабаваныя на рынку працы?

— Безумоўна, і запатрабаваныя, і прэстыжныя: конкурс сярод жадаючых іх набыць у нас штогод складае 3—4 чалавекі на месца. Разам з тым, калі абітурыенты робяць выбар на карысць нашага каледжа, значную ролю ў гэтым іграе яшчэ адзін фактар: давер да навучальнай установы, яе моцны станоўчы імідж. Даўгаўпілскі медыцынскі каледж мае амаль 75-гадовую гісторыю і на працягу ўсяго гэтага часу спраўна рыхтуе кадры для медыцынскіх устаноў і ўстаноў сацыяльнай сферы. Па праграмах І узроўню вышэйшай адукацыі (у многім яны аналагічныя праграмам сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Беларусі) і прафесійнай адукацыі ў кале­джы навучаюцца будучыя медыцынскія сёстры, памочнікі ўрачоў, спецыялісты па сацыяльным доглядзе, сацыяльнай рэабілітацыі і лячэбным масажы, нянечкі і памочнікі медсясцёр. Сёлета плануем пачаць падрыхтоўку па лячэбнай касметалогіі. Звычайна нашы выпускнікі атрымліваюць адну з пералічаных спецыяльнасцей, але тая ж медсястра можа набрац­ь дадатковыя крэдытныя пункты і на працягу 1—1,5 года асвоіць спецыяльнасць памочніка ўрача. Такім чынам, у студэнта ёсць варыянты, каб стац­ь уладальнікам другога і нават трэцяга дыплома. Крэдытныя пункты — гэта ўмоўныя адзінкі вымярэння вучэбнай нагрузкі і засваення адукацыйнай праграмы, модуля або курса ў European Credit Transferand Accumulation System (Еўрапейскай сістэме пераводу і назапашвання балаў). З пэўнай доляй умоўнасці іх можна суаднесці з прынятымі ў Беларусі акадэмічнымі гадзінамі, напрыклад, па кваліфікацыях “медсястра” і “памочнік урача” тэрмін навучання складае 3 гады, 120 крэдытных пунктаў. Немала­важны складнік высокага рэйтынга каледжа — добрае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, сучаснае абсталяванне, новыя тэхналогіі. Акрамя таго, мы актыўна ўдзельнічаем у еўрапейскіх адукацыйных праектах. Моладзь зараз хоча вучыцца, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі, пазнаваць свет і вопыт іншых краін — усё гэта мы забяспечваем. Па праграме Erasmus+ кожнаму студэнту раз у 3 гады даецца магчымасць атрымаць еўрапейскую стыпендыю (як мінімум на працягу 3 месяцаў) для навучання або практыкі за мяжой, у нас дзейнічаюць дагаворы з 15 краінамі. Гэта значыць, што студэнты могуць павысіць сваю канкурэнтаздольнасць, авалодаць тэхналогіямі, якія зараз выкарыстоўваюцца ў перадавых еўрапейскіх краінах, удасканаліць сваю замежную мову, каб паспяхова інтэгравацца ў еўрапейскае асяроддзе.

— Не здараецца ў выніку, што шмат выпускнікоў з’язджае пасля заканчэння каледжа за мяжу?

— На дзіва, не. Працаўладкаванне і занятасць нашых выпускнікоў мы прасочваем на працягу першых 5 гадоў работы, і мой адказ на пытанне заснаваны на статыстыцы. Чаму так адбываецца? Справа ў тым, што ў Германію, Нарвегію і ЗША на лепшых умовах запраша­юць высокакваліфікаваных спецыялістаў з вялікім прафесійным стажам. Наш выпускнік вольны ў выбары месца працаўладкавання, але на яго істотна ўплывае папярэдні вопыт удзелу ў праграме Erasmus+. Студэнт атрымлівае еўрапейскую стыпендыю і праходзіць даволі працяглую практыку ў лячэбнай установе. За гэты час ён сам пераконваецца: шмат працаваць і строга выконваць патрабаванні працоўнай дысцыпліны трэба паўсюдна, для работы ў іншай краіне неабходна яшчэ дасканала ведаць замежную мову, а жыць прыйдзецца далёка ад прывычнага асяроддзя, сям’і, сяброў. Менталітэт, звычаі, побыт, разуменне культурных каштоўнасцей няхай нязначна, але адрозніваюцца, і да гэтага не кожнаму чалавеку лёгка прызвычаіцца. У вольны час студэнты актыўна наведваюць суседнія еўрапейскія краіны, напрыклад Польшчу, Нідэрланды, Чэхію. За 3 месяцы прага ўбачыць свет у пэўнай меры спаталяецца, замежныя краіны перастаюць бачыцца ідэалам. Далей яны суадносяць выдаткі на жыллё, харчаванне, іншыя жыццёвыя патрэбы дома і ў іншых краінах. Як вынік — выпускнікі не надта туды рвуцца, бо паспяваюць усвядоміць: і там хлеб са скарынкай. Разам з тым яны канкурэнтаздольныя на рынку працы. Нашы дыпломы прызнаны ў свеце, толькі часам наймальнікі запытваюць тлумачальныя пісьмы для будучых работнікаў з пералікам канкрэтных прадметаў і курсаў для ўзгаднення. У асобных выпадках працаўладкаванне залежыць ад спецыфікі лячэбнай установы: калі клініка спецыялізаваная, можа спатрэбіцца прайсці дадатковыя курсы.

— Якія рэсурсы задзейнічаны ва ўдасканаленні падрыхтоўкі кадраў і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы?

— Мы дзяржаўная навучальная ўстанова, якую па напрамках падрыхтоўкі курыруюць профільныя міністэрствы, а фінансаванне ідзе з боку Міністэрства адукацыі. Да таго ж мы самі ажыццяўляем вялікую пазабю­джэтную і гаспадарчую дзейнасц­ь. Каледж праводзіць курсы павышэння кваліфікацыі, некаторыя з нашых праграм, такія як лячэбны масаж, платныя, па іх займаецца прыкладна дзясятая частка навучэнцаў. Платныя паслугі аказва­юць нашы кафэ, музей, службовая гасцініца. Сур’ёзную фінансавую дапамогу мы атрымліваем у рамках рэалізацыі еўрапейскіх адукацыйных праектаў. Усе даходы накіроўваюцца на развіццё каледжа, павышэнне кампетэнцый работнікаў, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. У адукацыйным працэсе прымяняюцца самыя новыя тэхналогіі, якія дазваляюць мадэляваць навучанне і ажыццяўляць індывідуальны падыход да студэнтаў. Каледж мае вялікія вопыт і базу для арганізацыі дыстанцыйнай падрыхтоўкі, у цяперашніх абставінах гэта стала вельмі актуальным. Важны момант— цеснае супрацоўніцтва з месцамі правядзення практык, бальніцамі і сацыяльнымі ўстановамі. Зацікаўленасць наймальнікаў у кадрах відавочная. Канечне ж, для дзяржавы не вельмі добра, што не хапае медыцынскіх сясцёр і памочнікаў урачоў, а для нас як для ўстановы адукацыі ў прынцыпе гэта спрыяльны фактар, бо ўсе, хто да нас паступае і паспяхова заканчвае каледж, маюць гарантаваныя варыянты працаўладкавання. Мы сацыяльна актыўныя, у кале­джы моцнае студэнцкае самакіраванне: для маладых лю­дзей гэта карысны вопыт, яны мае самыя лепшыя памочнікі ў арганізацыі розных мерапрыемстваў. У ліку самых значных міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства, у якім прымаюць удзел не толькі ўсе латвійскія медыцынскія каледжы, але і прадстаўнікі іншых краін. Дарэчы, сярод іх Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Менавіта наш каледж выступіў ініцыятарам і прадаставіў базу для правядзення конкурсу. Мы даём студэнтам пляцоўку для спаборніцтва, дэманстрацыі прафесійнага майстэрства, асваення новых практык, павышэння канкурэнтаздольнасці. У склад журы ўваходзяць нашы партнёры, аўтарытэтныя прафесіяналы і магчымыя работадаўцы — галоўныя ўрачы бальніц, галоўныя медсёстры, а гэта прывабны бонус для ўдзельнікаў.

— Сярод студэнтаў каледжа шмат замежных грамадзян?

— Студэнты з Еўропы прыязджаюць да нас вучыцца ў рамках адукацыйных праектаў на 3 месяцы або паўгода. Безумоўна, у перспектыве мы гатовы прымац­ь у сябе студэнтаў з іншых блізкіх краін. Па заканадаўстве, мы можам ажыццяўляць выкладанне толькі на латышскай мове або акрэдытоўваць праграмы на англійскай мове. Аднак асаблівасць маладога пакалення краін постсавецкай прасторы ў тым, што англійскую большасць яго прадстаўнікоў яшчэ не вывучылі на неабходным узроўні. Я кажу пра моладзь, зацікаўленую ў атрыманні І узроўню вышэйшай адукацыі, а не ўніверсітэцкай. Літоўскія калегі практыкуюць аказанне платных адукацыйных паслуг на рускай мове, у гэтым плане ў іх больш шырокія магчымасці.

— Як арганізаваны адукацыйны працэс?

— Галоўная мэта, каб выпускнік у дзень, калі ён атрымаў дыплом, быў поўнасцю гатовы ўзяцца за працу, гэтаму ўсё падпарадкавана. Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства дабрабыту аналізуюць сітуацыю на рынку працы і прагнозныя даныя, на аснове чаго робяць заяўкі на падрыхтоўку кадраў у Міністэрства адукацыі. Яно вызначае план набору і пад яго выдзяляе фінансаванне. Прыкладна палову вучэбнага плана складаюць практыкі: спачатку — у каледжы, потым — у профільных установах. У набыцці абсталявання і актуалізацыі адукацыйных праграм мы вельмі цесна супрацоўнічаем з заказчыкамі кадраў. Штогод маем права актуалізаваць свае праграмы на 20 працэнтаў. Як мінімум двойчы на год збіраемся з галоўнымі ўрачамі і медсёстрамі бальніц, а ў сацыяльнай сферы — з кіраўнікамі сацыяльных устаноў, каб абмеркаваць неабходныя змяненні і карэкціроўкі. Па заканадаўстве старшыня экзаменацыйнай камісіі — работадавец. Па колькасці студэнтаў таксама існуе карэкцыя, але ў нашым каледжы адсеў вельмі малы і звязаны звычайна са змяненнем месца жыхарства ці сямейнага становішча, таму што моладзь да нас прыходзіць матываваная, некаторыя спрабуюць паступіць па 3—5 разоў. Як я ўжо адзначала, мы імкнёмся, каб усё вучэбнае абсталяванне адпавядала сённяшняму дню або нават дазваляла заглянуць у заўтра, каб студэнт мог давесці працоўныя навыкі да аўтаматызму, вобразна кажучы, з заплюшчанымі вачыма выконваць сваю работу. Зразумела, маецца на ўвазе не ўрачэбная апаратура, а тое абсталяванне, на якім працуюць медсёстры і фельчары, у нас найноўшае. Параўнальна нядаўна вялікія фінансавыя сродкі накіравалі на стварэнне ў каледжы спецыяльных лабараторый — палаты, як у бальніцы, і аўтамабіля хуткай дапамогі — усё з поўнай камплектацыяй і падключэннем абсталявання.

— Вы даўно і плённа ўзаемадзейнічаеце з беларускімі калегамі. Як развіваецца супрацоўніцтва?

— Справа ў тым, што мая работа звязана і з адукацыяй, і з самакіраваннем. Больш як 15 гадоў назад на гэтай глебе мы зблізіліся з дырэктарам Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання Генадзем Сіняўскім. Ён таксама не толькі таленавіты кіраўнік установы адукацыі, але і моцны адміністратар з вялікім вопытам кіраўніцкай работы, мы адчулі падобны падыход, энтузіязм, жаданне ўкараняць у адукацыйны працэс штосьці новае. Паміж нашымі каледжамі дзейнічае двухбаковы дагавор. Мы ажыццяўляем абмены студэнтамі і педагогамі, арганізоўваем сумесныя канферэнцыі, конкурсы, культурна-масавыя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, у беларускіх калег ёсць публікацыі ў нашых журналах — супрацоўніцтва ідзе па ўсіх напрамках, не гаворачы пра сяброўскія кантакты. Некалькі гадоў вельмі плённа сябруем з Аршанскім дзяржаўным медыцынскім каледжам. Павінна сказаць, што на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства аршанскія навучэнцы-медыкі паспяхова канкурыруюць з удзельнікамі з Латвіі і еўрапейскіх краін. У прафесійнай падрыхтоўцы ў нечым мы маем перавагі, а ў нечым — беларускія калегі. У вас, як я лічу, лепш наладжаны тэарэтычная падрыхтоўка і метадычная работа, мы мацнейшыя ў арганізацыі практык. Мы вучымся і вучым, пераймаем і ўкараняем лепшае. Гэта прыносіць відавочны плён, таму ўзаемная зацікаўленасць у працягу кантактаў з кожным разам мацнее.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены Лівіяй ЯНКОЎСКАЙ.