Вучыцца, каб ведаць

На базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта адбыўся Рэспубліканскі форум асацыіраваных школ ЮНЕСКА “Вучыцца, каб ведаць, вучыцца, каб умець, вучыцца жыць і вучыцца жыць разам”, прысвечаны 60-годдзю членства Рэспублікі Беларусь у арганізацыі. Удзел у мерапрыемстве прыняла ганаровая госця — гендырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава, якая ў гэтыя дні наведвала з афіцыйным візітам нашу краіну.
Генеральнаму дырэктару ЮНЕСКА свае прэзентацыі дэманстравалі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Беларусі, прадстаўнікі кафедраў ЮНЕСКА і Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”.
Выступаючы перад удзельнікамі форуму, Ірына Бокава адзначыла, што “глабалізацыя збліжае, але, з другога боку, нам не патрэбна толькі адна культура, толькі адно бачанне, нам не патрэбна толькі адна мова або адно разуменне свету. Нам трэба падтрымаць культурную разнастайнасць. Для чалавецтва гэта важна, як біяразнастайнасць для прыроды. Таму мы і гаворым, што сёння ў свеце нам трэба мець культурную пісьменнасць. А для гэтага трэба пазнаваць сваю ўласную гісторыю, паважаць сваю спадчыну, сваю культуру. Я пераканана, што калі чалавек паважае ўласную культуру і ведае спадчыну, то ён больш талерантны да іншых”.
ЮНЕСКА і далей будзе супрацоўнічаць з Беларуссю па ўсім спектры напрамкаў і працягне работу па захаванні беларускай культурнай спадчыны, заявіла Ірына Бокава. Пры гэтым яна адзначыла, што ЮНЕСКА ўяўляе шырокую платформу для міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культурнай спадчыны, развіцці навукі і адукацыі. Яна акцэнтавала ўвагу на значнасці сумеснай работы.
“Важна, каб мы працягнулі работу, якую арганізацыя пачала амаль 70 гадоў назад, — сказала генеральны дырэктар. — І мы будзем разам працаваць над захаваннем беларускай спадчыны”.
Ірына Бокава адзначыла, што “Беларусь — старажытная краіна, і ёй ёсць што паказаць свету”.
Беларусь з’яўляецца членам ЮНЕСКА з 1954 года. Генеральныя дырэктары ЮНЕСКА неаднаразова наведвалі яе з візітамі: у 1991 і 1998 гадах — Федэрыка Маёр Сарагоса, у 2002 годзе — Каіціра Мацуура. Беларусь з моманту ўступлення ў арганізацыю чатыры разы выбіралася членам Выканаўчага савета ЮНЕСКА, неаднаразова — у дапаможныя органы ЮНЕСКА. У цяперашні час Беларусь з’яўляецца членам Міжнароднага каардынацыйнага савета праграмы ЮНЕСКА “Чалавек і біясфера” да 2015 года і Міжурадавага савета Міжнароднай праграмы развіцця камунікацый да 2017 года.

 

Юлія БАРАДУН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.