Вучыцца мабільна і інтэрактыўна

- 15:45Адукацыйная прастора

Навучанне замежнай мове без сучасных тэхналогій уявіць практычна немагчыма. Не так даўно адкрыла для сябе дадатак Actionbound, пры дапамозе якога можна ствараць займальныя квесты. Апрабавала гэты рэсурс для правядзення квест-гульні “Адгадай месца ў горадзе”. Гэтае мерапрыемства настолькі захапіла дзяцей, што яны прасілі працягу гульні і не хацелі разыходзіцца.

Што трэба для стварэння і правядзення такога квеста?

Настаўніку неабходна зарэгістравацца на сайце en.actionbound.com і стварыць свой квест. У заданні можна ўключыць віктарыны з множным выбарам і місіі, у якіх дзеці павінны выканаць нейкае заданне і ў якасці справаздачы зрабіць фота, зняць відэа (да 30 секунд), запісаць на дыктафон або ўвесці правільны адказ. Прыклады на фота.

Калі вы скончылі працаваць над заданнямі і місіямі і адкрылі доступ удзельнікам, то вашаму квесту прысвойваецца QR-код, з дапамогай якога вучні і зойдуць у вашу гульню. Удзельнікаў дзелім на групы (аптымальная колькасць — 4—6 чалавек). У кожнай групе павінен быць 1 тэлефон з доступам у інтэрнэт і ўстаноўленым дадаткам Actionbound. Зайшоўшы ў дадатак, дзеці сканіруюць QR-код вашага квеста, прыдумваюць назву сваёй камандзе, уводзяць імёны ўдзельнікаў і пачынаюць займальную гульню.

Прайшоўшы ўсе выпрабаванні, каманды загружаюць усе медыяфайлы, якія яны стварылі ў ходзе гульні. А настаўнік можа спампаваць усе матэрыялы і праверыць выкананне заданняў камандамі ў сваім акаўнце на сайце en.actionbound.com. Гэты рэсурс можна выкарыстоўваць і ў рабоце на ўроку, толькі падабраць заданні па патрэбнай тэме і выбраць такую форму справаздачы, каб настаўніку было зручна праверыць выкананне заданняў.

Яшчэ адным не менш карысным рэсурсам з’яўляецца ed.ted.com (TEDED Lessons) — сайт, на якім можна знайсці і стварыць самому ўрокі на аснове відэаролікаў. Вы можаце выбраць відэа па тэме, якая вам падабаецца, і стварыць практыкаванні (Multiple Choice, Open Answer Questions), таксама дадаць да відэа дадатковы матэрыял па тэме і пытанні для абмеркавання. Спасылкай вашага ўрока вы можаце падзяліцца з вучнямі. Такія заданні можна выкарыстоўваць як дамашнія або выконваць у класе, калі ёсць такая магчымасць. Усе вынікі вы ўбачыце ў сваім акаўнце на сайце ed.ted.com, іх лёгка прааналізаваць і пакінуць каментарыі да работ навучэнцаў.

Выкарыстанне сучасных тэхналогій захапляе як вучняў, так і педагогаў. Урокі і мерапрыемствы становяцца больш мабільнымі і інтэрактыўнымі. Доказам гэтага з’яўляецца тое, што наша школа прымае актыўны ўдзел і займае прызавыя месцы ў конкурсах на замежнай мове: дыплом III ступені на абласным этапе конкурсу віртуальных экскурсій Welcome to the Grodno Region, дыпломы II і III ступені на раённым этапе конкурсу тэатральных пастановак на англійскай мове.

Кацярына УЛАСЕВІЧ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Навагрудка.