Вучыцца ў “Лідараў настаўніцтва”

- 13:00Дашкольная адукацыя

Упершыню ў 2020 годзе Гродзенская абласная грамадская арганізацыя РГА “Белая Русь” і абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў адукацыі і навукі абвясцілі конкурс сярод педагагічных работнікаў на саісканне прэміі “Лідар настаўніцтва”. Мэта конкурсу — выяўленне, падтрымка і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту педагогаў-настаўнікаў устаноў адукацыі Гродзеншчыны. Да ўдзелу ў ім дапускаліся педагагічныя работнікі, якія маюць вопыт настаўніцтва, не меншы за 5 гадоў. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна Наталля Генрыкаўна Казлоўская стала пераможцай конкурсу, лаўрэатам прэміі “Лідар настаўніцтва — 2020”.

“З дзяцінства я марыла стаць педагогам. Скончыла Гродзенскае педвучылішча ў 1990 годзе па спецыяльнасці “Дашкольнае выхаванне”, у 2002 го­дзе атрымала вышэйшую дашкольную адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “Педагогіка і псіхалогія дашкольная”, — расказала Наталля Генрыкаўна. — У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 58 Гродна працую з 2004 года на пасадзе намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці. Мая калега — загадчыца ўстановы Вольга Аляксееўна Клім, па сутнасці, стала маім першым настаўнікам-практыкам у прафесіі. Шмат гадоў разам з ёй мы працуем поруч. Самае галоўнае, чаму я навучылася ў яе, ды і ў іншых сваіх калег, — згуртавана працаваць у педагагічным калектыве. На практыцы пераканалася: калі педагог не будзе вучыцца на вопыце іншых, ён ніколі не стане сапраўдным прафесіяналам. У далейшым, працуючы з маладымі спецыялістамі, зразумела, што павінна быць для іх прыкладам у прафесійнай дзейнасці, дзяліцца з імі сваім вопытам і дасягненнямі. Настаўніцтва — адзін з эфектыўных і дзейсных метадаў работы з маладымі педагогамі”.

Педагог-настаўнік наватар Наталля Генрыкаўна Казлоўская ў скарбонцы дасягненняў мае аўтарскія метадычныя распрацоўкі ў сферы дашкольнай адукацыі, публікацыі ў прафесійных выданнях, удзел у навуковых эксперыментальных і інавацыйных праектах, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і канферэнцыях, перамогі ў прафесійных конкурсах і аглядах. За плячыма педагога шматгадовая работа з маладымі спецыялістамі па іх адаптацыі ва ўстанове, далучэнні да карпаратыўнай культуры і традыцый калектыву, павышэнні прафесійных кампетэнцый, стварэнні ўмоў для прафесійнага росту.

“Спецыяліст, які курыруе дзейнасць маладых калег, не павінен быць ментарам, павучаць або толькі дэманстра­ваць ім свой уласны вопыт, — упэўнена Наталля Генрыкаўна. — Настаўніцтва — гэта пастаянны дыялог, міжасобасная камунікацыя. Настаўнік павінен быць цярплівым і мэтанакіраваным. Яго задача — падбіраць тыя формы і метады работы, якія садзейнічаюць згуртаванню маладых і вопытных у прафесійную каманду. Каб раскрыць магчымасці маладых, варта далучаць іх да разнастайнай дзейнасці, акцый, конкурсаў. Адны педагогі добра валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, іншыя — умеюць майстраваць прыгожыя вырабы, у кагосьці атрымліваецца правядзенне мерапрыемстваў з удзелам бацькоў. Трэба знайсці іскрынкі здольнасцей і талентаў кожнага”.

Галоўная задача кіраўніцтва ўстановы адукацыі — зрабіць так, каб маладыя спецыялісты замацаваліся на першым рабочым месцы. Для гэтага педагог павінен усвядоміць правільнасць свайго прафесійнага выбару. У ДЦРД № 58 Гродна з 2010 па 2020 год былі размеркаваны 18 маладых спецыялістаў. Сярод тых, чыё майстэрства адточвалася ў партнёрстве з Наталляй Генрыкаўнай і хто сёння ўжо мае ўласныя прафесійныя дасягненні, можна назваць выхавальніц Алену Станіславаўну Кур’ян, Таццяну Іосіфаўну Караткову, Ілону Аляксандраўну Сяргей, Вераніку Юр’еўну Кунда. Напрыклад, Ілона Аляксандраўна Сяргей з’яўляецца ўдзельніцай адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”, які рэалізуецца ва ўстанове, метадычных мерапрыемстваў экалагічнай накіраванасці, пераможцай у намінацыі “Адкрыццё года — 2020” сярод маладых педагогаў дашкольнага цэнтра. Яна распрацавала відэазаняткі, фрагменты якіх размешчаны на адукацыйным інтэрнэт-партале “Адукацыя ў Гродне”
(obr.grodno.by) і тэматычным YouTube-канале “Адукацыя ў Гродне”, мае дыплом I ступені ў намінацыі “Малюнак” раённага этапу XII Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2019”.

Поспех прыходзіць да тых, хто ўмее працаваць і любіць сваю справу. Так можна сказаць пра маладога спецыяліста Алену Станіславаўну Кур’ян — пераможцу рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак для дашкольнай адукацыі “Прыступка ў будучыню!” (дыпломы I і II ступеней). Метадычныя распрацоўкі педагог стварыла разам з Наталляй Генрыкаўнай. Яны былі выпу­шчаны выдавецтвам “Аверсэв” у выглядзе вучэбных метадычных дапаможнікаў для ўсіх педагогаў краіны. Распрацаваны і апублікаваны канспекты заняткаў для першай малодшай групы пад сумесным аўтарствам Н.Г.Казлоўскай і А.С.Кур’ян. У 2019 годзе выдавецтвам “Аверсэв” выда­дзены комплекс вучэбных наглядных дапаможнікаў для дзяцей 2—3 гадоў пад рэдакцыяй А.С.Кур’ян: “Матэматыка”, “Свет вакол”, “Развіццё маўлення”. Пад кіраўніцтвам Наталлі Генрыкаўны сваё майстэрства павышалі настаўнікі-дэфектолагі Вікторыя Віктараўна Курута, Кацярына Аляксандраўна Жук, музычны кіраўнік Таццяна Пятроўна Кабава. На VI Міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні — 2020”, які праходзіў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Т.П.Кабава ўзнагароджана дыпломам лаўрэата II ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал”. З вакальным гуртом “Румеўскія вяночкі” яна перамагла на міжнародным конкурсе мастацтваў і творчасці “Хрустальная ліра — 2020”.

З 2018 па 2020 год у сярэдняй школе № 3 імя В.Усава Наталля Генрыкаўна вяла прафарыентацыйную работу з навучэнцамі 10—11 класаў, вынікам якой стала паспяховае праходжанне працоўнага навучання навучэнцамі па прафесіі памочніка выхавальніка: двое навучэнцаў выбралі прафесію выхавальніка дашкольнай адукацыі.

На пачатак бягучага навучальнага года на першым працоўным месцы ў ДЦРД № 58 Гродна замацаваліся 12 чалавек, 6 з іх за апошніх пяць гадоў павысілі кваліфікацыйную катэгорыю, 8 — палепшылі адукацыйны ўзровень, 4 — сталі пераможцамі раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў. Зараз Наталля Генрыкаўна суправаджае маладых выхавальніц Вераніку Леанідаўну Павайба і Ірыну Сяргееўну Русак, якія прыйшлі працаваць ва ўстанову два гады назад, калі яшчэ былі студэнткамі.

“Важна прыняць, зразумець і падтрымаць моладзь, сфарміраваць патрэбу ў пастаянным папаўненні педагагічных ведаў, гнуткасць мыслення, уменне мадэляваць і прагназаваць адукацыйны працэс, авалодваць інавацыйнымі тэхналогіямі навучання, — гаворыць Наталля Генрыкаўна. — Маладому педагогу варта вывучаць сучасную літаратуру, ведаць навінкі сістэмы дашкольнай адукацыі, штодня рыхтавацца да заняткаў. І ўсё дзеля таго, каб умець знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці, каб бачыць і чуць малышоў, быць з імі нароўні, знаходзіць менавіта тое, што ім падабаецца, у чым яны паспяховыя, умець супакоіць тых, хто плача, зацікавіць карыснай дзейнасцю, гульнёй.

Пачынаючыя педагогі з першага дня работы маюць тыя ж самыя абавязкі і нясуць тую ж адказнасць, што і педагогі са шматгадовым стажам, а бацькі, адміністрацыя і калегі чакаюць ад іх такога ж бездакорнага прафесіяналізму. Імкнуся стаць памочнікам для маладых педагогаў на ўсіх этапах іх прафесійнага станаўлення. Адразу высвятляю, што ім цікава, якая ў іх сямейная сітуацыя, дзе яны жы­вуць, як право­дзяць вольны час. Дапамагаю падрыхтавацца да заняткаў, падабраць патрэбную літаратуру, знаёмлю з вопытам работы калег. На групы мы ставім у пару маладога педагога разам з вопытным. Каб заняткі з дзецьмі прайшлі паспяхова, кожны малыш павінен быць уключаны ў карысную справу: маля­ваць, гу­ляць з цацкай, разглядаць карцінкі і г.д. Часта маладому спецыялісту здаецца, што ён вельмі добра падрыхтаваўся, але заняткі не ўдаліся, таму што дзейнічаў педагог, а не дзеці. Цяжэй за ўсё, па нашых назіраннях, моладзі даецца работа з бацькамі. Таму я ці наш кіраўнік прыходзім на дапамогу, удзель­нічаем у бацькоўскіх сходах.

Як матываваць педагогаў да эфектыўнай работы? Закранаць тое, што ім цікава і важна, ствараць умовы для самарэалізацыі. Сінонімам матываванасці ў педагагічнай сферы часта называюць імкненне рабіць работу радаснай. Вядучым матывам, па меркаванні псіхолагаў, з’яўляецца цікавасць да творчай дзейнасці. Задача настаўніка, які курыруе маладога педагога, — зразумець, ці задаволены ён умовамі сваёй працы, яе стылем і метадамі, узаемаадносінамі ў калектыве і інш. Вядомы спецыяліст па матывацыі дзейнасці Ф.Херцберг прыйшоў да высновы, што рашучых змен не варта чакаць да таго часу, пакуль работа не будзе прыносіць радасць. Акрамя таго, чалавек гатовы браць адказнасць за тую работу, якая звязваецца з яго імем, не з’яўляецца безасабовай для яго”.

У параўнанні з традыцыйнымі формамі работы з мола­д­дзю (гутаркі, кансультацыі, наведванне і абмеркаванне заняткаў) ва ўстанове практыкуюцца і новыя. Для ДЦРД № 58 Гродна гэта ўдзел у экалагічных ініцыятывах “УРА Гродна!” (устойліваму развіццю — актыўнасць Гродна) праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Экаманіторынг”, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Мінпрыроды Рэспублікі Беларусь і пры фінансаванні Еўрасаюза, у конкурсах “Энергамарафон”, дзе ў 2019 годзе малады спецыяліст Вераніка Юр’еўна Кунда атрымала дыплом II ступені ў намінацыі “Малюнак”. Вялікі штуршок прафесійнаму развіццю маладых даў удзел у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend з экалагічным праектам “Крок за крокам”. Праходзяць адкрытыя мерапрыемствы з удзелам маладых спецыялістаў і педагогаў-настаўнікаў, творчыя майстэрні па вырабе дыдактычнага і гульнявога матэрыялу, трэнінгі, мазгавыя штурмы, акцыі, турыстычныя злёты, гарадскія спаборніцтвы па міні-футболе сярод работнікаў устаноў адукацыі Гродна.

Працэс павышэння прафесіяналізму спецыялістаў урэшце залежыць ад шэрага фактараў: узроўню базавай адукацыі і прафесійных патрэб педагога (якіх вынікаў у сваёй дзейнасці ён хоча дасягнуць), індывідуальных асаблівасцей, творчых магчымасцей, узроўню валодання ІКТ, практычнага вопыту ўзаемадзеяння з дзецьмі, умення будаваць сацыяльныя адносіны з калегамі і бацькамі дзяцей.

“За апошніх пяць гадоў у інфармацыйна-метадычным кабінеце дашкольнага цэнтра абагульнены аўтарскі вопыт па рабоце з маладымі спецыялістамі і ў дапамогу ім у выглядзе метадычных распрацовак, канспектаў заняткаў па адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, артыкулаў у зборніках канферэнцый рэспубліканскага ўзроўню з міжнародным удзелам, адукацыйных праектаў, метадычных мерапрыемстваў з педагагічнымі работнікамі, — падкрэсліла Наталля Генрыкаўна. — Таму мы з радасцю чакаем моладзь! Дзверы дашкольнага цэнтра № 58 Гродна і нашы сэрцы для іх заўсёды адкрыты! Галоўнае — верыць у сябе, сваю прафесію і не даць нікому ўсумніцца, што педагог — гэта сапраўдны герой нашага часу!”

Надзея ЦЕРАХАВА.