Вучыцца ў зручны час у зручным месцы

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ўпэўнена ўвайшлі ў сферу адукацыі і зараз актыўна фарміруюць яе ландшафт. Нікога ўжо не здзівіш анлайн-кансультаваннем навучэнцаў, электроннымі вучэбна-метадычнымі комплексамі, правядзеннем дыстанцыйных лекцый і вэбінараў. Здзіўленне зараз магла б выклікаць хіба толькі адсутнасць усяго гэтага.
Спрэчныя пытанні і праблемы выкарыстання дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій і функцыянавання дыстанцыйнай формы навучання якраз і абмяркоўваліся падчас нядаўняга пасяджэння Прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі. Прайшло яно на базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам старшыні савета рэктараў БДЭУ Уладзіміра Шымава.

Уласныя напрацоўкі

Беларускія ўніверсітэты даволі актыўна выкарыстоўваюць дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі пры выкладанні асобных дысцыплін. Аднак атрыманне адукацыі на дыстанцыйнай форме навучання ў краіне прапаноўвае толькі БДУІР. Першы набор на факультэце бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання студэнтаў, а гэта 65 чалавек, адбыўся ў 2002/2003 навучальным годзе. Зараз тут вучыцца 540 студэнтаў.
Дыстанцыйнае навучанне на факультэце вядзецца па 10 спецыяльнасцях (усяго БДУІР прапаноўвае атрымаць адукацыю па 37 спецыяльнасцях). Звязаны яны з ІТ-сферай і эканомікай.
“Значна прасцей ствараць анлайн-курсы для дысцыплін такога кірунку. Спецыяльнасцям, звязаным з радыёэлектроннай апаратурай, аховай інфармацыі, тэлекамунікацыямі, цяжэй навучаць дыстанцыйна. Для гэтага неабходны значна большыя ўкладанні грошай”, — адзначыў Міхаіл Батура, рэктар БДУІР.
Дыстанцыйна вывучаць асобныя дысцыпліны ў БДУІР, атэставацца і прад’яўляць сертыфікат у дэканат для заліку, згодна з універсітэцкім палажэннем, могуць студэнты любой формы навучання, у тым ліку і дзённай. Такую ж магчымасць маюць студэнты, якія пераводзяцца ў БДУІР з іншых універсітэтаў або аднаўляюцца ва ўніверсітэце.
“Трэба ўзгадніць з дэканатам акадэмічную розніцу і здаць яе. Зрабіць гэта можна загадзя — за палову года, за год да аднаўлення ці пераводу. У мінулым годзе такім чынам было здадзена каля 3 тысяч чалавека-дысцыплін”, — удакладніў Міхаіл Батура.
Такія новыя магчымасці адкрыліся перад студэнтамі дзякуючы сістэме дыстанцыйнага навучання. Тут можна знайсці электронныя адукацыйныя рэсурсы па 411 дысцыплінах, што ўваходзяць у адукацыйныя праграмы 10 спецыяльнасцей, па якіх вядзецца дыстанцыйнае навучанне.
Зараз у гэтай сістэме зарэгістраваны 1353 студэнты. З іх 540 вучацца на дыстанцыйнай форме навучання, 605 дыстанцыйна вывучаюць асобныя дысцыпліны, каб аднавіцца ці перавесціся. Таксама гэтай сістэмай карыстаюцца і завочнікі — 181 студэнт. Дыстанцыйна вывучаць пэўныя дысцыпліны выказалі жаданне і 27 студэнтаў вочнай формы атрымання адукацыі.
“Нельга думаць, што дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць спрошчанага доступу да ведаў, атэстацыі і набыцця сертыфікатаў. Самая вялікая колькасць адлічэнняў ва ўніверсітэце менавіта на факультэце бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання, бо там патрэбна вялікая самадысцыпліна”, — адзначыў Міхаіл Батура.

Замежны вопыт

Стварэнне анлайн-курсаў стала ўжо сусветнай практыкай. Многія з іх аб’ядноўваюцца на адной анлайн-платформе. Першым і самым вядомым сярод іх стаў партал Coursera, які быў распрацаваны выкладчыкамі Стэнфардскага ўніверсітэта. Нягледзячы на тое, што партал быў створаны ў 2012 годзе, яго аўдыторыя вырасла да 11 млн карыстальнікаў. Безумоўна, паспрыяла гэтаму і тое, што колькасць адкрытых анлайн-курсаў з 10 тысяч павялічылася да 100 тысяч. На развіцці партала не магло не адбіцца і тое, што зараз з ім супрацоўнічае каля 120 устаноў вышэйшай адукацыі, сярод якіх і расійскія.
Ёсць і іншыя прыклады стварэння агульных анлайн-платформ. Так, урад Францыі спансіраваў стварэнне партала з бясплатнымі курсамі французскіх універсітэтаў. Аналагічная платформа створана і ў Вялікабрытаніі. Сур’ёзную падтрымку дзяржавы мае нацыянальная платформа Кітая.
“Краіны, якія ствараюць курсы на нацыянальным узроўні, хочуць прадэманстраваць якасць адукацыі, прыцягнуць замежных абітурыентаў, прафесараў і, безумоўна, інвестыцыі”, — адзначыў Міхаіл Батура.

 Прадстаўнікі Прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі ўпэўнены: беларускім універсітэтам таксама трэба распрацоўваць сваю нацыянальную адукацыйную платформу адкрытага навучання. Гэтая платформа стане чарговым крокам у развіцці дыстанцыйнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Паспяховыя крокі ў гэтым кірунку зрабіла і Расійская Федэрацыя. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і навукі ў верасні 2015 года была афіцыйна запушчана “Расійская нацыянальная платформа адкрытай адукацыі”. Створана яна на базе 8 вядучых універсітэтаў, якія ўжо мелі вопыт распрацоўкі анлайн-курсаў. Сярод іх, напрыклад, МДУ імя М.В.Ламаносава, Нацыянальны даследчы тэхналагічны ўніверсітэт “МІСіС”, Санкт-Пецярбургскі нацыянальны даследчы ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, Уральскі федэральны ўніверсітэт. Кожны ўніверсітэт уклаў у праект 50 млн расійскіх рублёў (прыкладна па 100 тысяч долараў). На дадзены момант распрацавана каля 50 курсаў.
“Плануецца, што ўжо праз некалькі гадоў на анлайн-курсах будзе займацца мільён студэнтаў з Расіі і іншых краін”, — расказаў Міхаіл Батура.
Універсітэты-заснавальнікі распрацавалі спецыяльны дакумент, які ўстанаўлівае жорсткія крытэрыі да фармату і зместу курсаў. Галоўны прынцып, які быў закладзены ў заканадаўчым акце, — слухач, які прайшоў такі курс, павінен ведаць і ўмець тое самае, што і студэнт, які вучыўся ў звычайнай аўдыторыі.
Час навучання на гэтых курсах не рэгламентуецца. Пры гэтым будзе праводзіцца сур’ёзная атэстацыя ў вочнай форме. Аднак здача магчыма і ў анлайн-рэжыме пры наяўнасці падключанай сістэмы, якая здольная праводзіць ідэнтыфікацыю асобы, а таксама аналіз акаляючай абстаноўкі, каб выявіць, ці ёсць хто-небудзь побач з тым, хто экзаменуецца.
“У гэтай нацыянальнай платформе — дзясяткі анлайн-курсаў, сярод якіх ёсць і такія, што адпавядаюць дысцыплінам адукацыйных праграм. Калі чалавек адвучыцца менавіта на гэтых анлайн-курсах і па кожным з іх пройдзе атэстацыю, ён атрымае дыплом”, — адзначыў Міхаіл Батура.
Можна выбраць і іншы шлях. Вывучаць толькі тыя курсы, якія сам навучэнец лічыць для сябе неабходнымі, і з набытымі ведамі ісці працаваць. Аднак аб атрыманні дыплома ў такім выпадку гаварыць не даводзіцца.
Прадстаўнікі Прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі ўпэўнены: беларускім універсітэтам таксама трэба распрацоўваць сваю нацыянальную адукацыйную платформу адкрытага навучання. Гэтая платформа стане чарговым крокам у развіцці дыстанцыйнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
“Платформа адкрытых адукацыйных рэсурсаў вельмі неабходна — і з пункта гледжання забеспячэння нашых адукацыйных патрэб, і з пункта гледжання пазіцыянавання краіны на міжнароднай арэне. На гэтай платформе, натуральна, трэба размяшчаць перш за ўсё тую інфармацыю, якая адносіцца непасрэдна да нашай краіны: гісторыя краіны, культура краіны, біялагічная разнастайнасць Беларусі і іншае — тое, у чым зацікаўлены толькі мы, і тое, што зрабіць зможам толькі мы”, — выказаў сваё бачанне па гэтым пытанні Віктар Гайсёнак, рэктар РІВШ.
Як адзначыў Вадзім Богуш, першы намеснік міністра адукацыі, які таксама падтрымаў ідэю стварэння нацыянальнай платформы, змест для яе павінен стварацца на конкурснай аснове пры дзяржаўнай экспертызе.

Кірункі далейшага руху

Для функцыянавання айчыннай анлайн-платформы неабходна будзе распрацоўваць нарматыўную базу. Гэта адносіцца і да арганізацыі навучання з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій у цэлым. Пакуль у Рэспубліцы Беларусь у гэтай сферы практычна адсутнічае нарматыўная база. Існуючыя заканадаўчыя акты маюць лакальны характар і дзейнічаюць толькі ў пэўным універсітэце.
Таму неабходным бачыцца выдзяленне ў Кодэксе аб адукацыі дыстанцыйнай формы як самастойнай формы атрымання вышэйшай адукацыі, а таксама распрацоўка -іншых падзаконных актаў, якія б рэгламентавалі дзейнасць усіх устаноў адукацыі краіны па гэтым пытанні. Дарэчы, у праекце змяненняў у Кодэкс аб адукацыі дыстанцыйная форма ўжо разглядаецца як асобная форма навучання.

Адкрытым застаецца пытанне аб атэстацыі навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю дыстанцыйна. Асабліва актуальна гэта для асоб, якія па медыцынскіх паказаннях не могуць наведваць універсітэт, а таксама для замежных грамадзян. Згодна з сучаснымі заканадаўчымі актамі, атэстацыя павінна праводзіцца толькі вочна.

Адкрытымі пакуль застаюцца іншыя пытанні. Напрыклад, аб атэстацыі навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю дыстанцыйна. Асабліва актуальна гэта для асоб, якія па медыцынскіх паказаннях не могуць наведваць універсітэт, а таксама для замежных грамадзян. Дарэчы, праз год адбудзецца першы выпуск студэнтаў, якія вучацца ў філіяле БДУІР, што ў Чыкага. Згодна з сучаснымі заканадаўчымі актамі, атэстацыя павінна праводзіцца толькі вочна.
Свайго вырашэння патрабуе і праблема, завязаная з фарміраваннем кантэнту як з пункта гледжання зместу (неабходна распрацоўка схемы яго экспертызы), так і тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца пры яго падачы.
“Выкладчык можа быць выдатным спецыялістам у сваёй галіне і адначасова мець слабыя кампетэнцыі ў ІКТ”, — адзначыў Вадзім Богуш. У гэтым рэчышчы цікавы вопыт БДПУ імя Максіма Танка. Як расказаў рэктар універсітэта Аляксандр Жук, у гэтай установе вышэйшай адукацыі пры выбары па конкурсе ўсе выкладчыкі абавязкова павінны праходзіць павышэнне кваліфікацыі менавіта па методыцы стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў.
Пры гэтым, як адзначыў Вадзім Богуш, дыстанцыйнае навучанне ставіць задачу не толькі забеспячэння тэхналагічнай платформы, дзе б максімальна выкарыстоўваліся магчымасці сучасных інфармацыйных тэхналогій. Мы сутыкаемся з праблемамі новай дыдактыкі і вывучэння эфектыўнасці выкарыстання новых сістэм навучання.
“Пакуль у краіне не вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў у сферы распрацоўкі вучэбных электронных рэсурсаў на навукова-абгрунтаванай псіхолага-педагагічнай аснове, электроннага адукацыйнага менеджменту, электроннай педагогікі”, — звярнуў увагу Аляксандр Жук. Аднак, на думку рэктара, у гэтым кірунку абавязкова трэба рухацца.
Адным словам, пытанняў, якія патрабуюць вырашэння, шмат. Іх аналізам будзе займацца каардынацыйны орган — савет альбо рабочая група — па ўкараненні дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі. Працаваць ён будзе пад кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі. Увойдуць у яго прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Падрыхтавала
Святлана ШЫЯН.