Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца… у абноўленай школе

- 14:54Навіны рэгіёнаў

Пасля капітальнага рамонту ў аграгарадку Баркалабава Быхаўскага раёна быў урачыста адкрыты мясцовы вучэбна-педагагічны комплекс.

Установа адукацыі была пабудавана ў 1967 годзе і, вядома, патрабавала маштабнага рамонту. Ён пачаўся тут у 2014 годзе. Як паведаміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Быхаўскага райвыканкама Васіль Батвянкоў, доўжыўся капітальны рамонт на працягу амаль года, але затое і атрыманы вынік пераўзышоў усе чаканні:
— Сіламі падрадчыкаў ТАА “Білдэкс” і ТАА “Эталонсэрвіс” у школе праведзена поўная замена даху, кроквеннай сістэмы, столей. У будынку замянілі вокны, электраправодку і асвятленне. На ўсе гэтыя работы з бюджэту было выдзелена больш за два мільярды рублёў. І зараз у мясцовай дзятвы зноў з’явілася свая школа.
Паводле слоў Васіля Міхайлавіча, пакуль вёўся рамонт, навучэнцам з Баркалабава даводзілася ездзіць у сярэднюю школу № 3 райцэнтра. Зараз жа ў іх зноў ёсць магчымасць вучыцца недалёка ад дома, у сценах роднай школы.
Дарэчы, ад старой школы ў літаральным сэнсе засталіся толькі сцены ды падмурак. Усё астатняе тут зіхаціць навізной. Акрамя вышэйпералічаных маштабных работ, ва ўстанове сіламі педагогаў, работнікаў школы і бацькоў вучняў быў зроблены бягучы касметычны рамонт.
Цырымонія адкрыцця стала сапраўдным святам. Навучэнцы падрыхтавалі невялікі канцэрт, са словамі віншаванняў выступілі запрошаныя госці. Не абышлося і без падарункаў. Ад мясцовай выканаўчай улады педагагічнаму калектыву і вучням быў уручаны сучасны ноўтбук.
Усе неабходныя ўмовы для забеспячэння якаснага адукацыйнага працэсу ў Баркалабаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школы створаны. Зараз яго вучням самы час праявіць сябе, паказваючы годныя вынікі ў вучобе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Быхаўскага райвыканкама.