На факультэце дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дашкольнае дзяцінства ў сучаснай полікультурнай прасторы”. У ёй прыняло ўдзел больш за 150 чалавек: прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі Беларусі і Украіны, навукоўцы і работнікі сістэмы дашкольнай адукацыі нашай краіны, а таксама Арменіі, Бельгіі, Латвіі, Літвы, Ізраіля, Кітая, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі і Швецыі.
З творчым прывітаннем на 11 мовах і музычным нумарам “Мы такія розныя” выступілі выхаванцы ясляў-сада № 35 Мінска і студэнты факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Пленарнае пасяджэнне адкрыла прарэктар па навуковай рабоце ўніверсітэта Ганна Васільеўна Торхава.
Тэме станаўлення і развіцця інавацыйнай дашкольнай адукацыі ў Беларусі прысвяціла сваё выступленне доктар педагагічных навук прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ Наталля Сцяпанаўна Старжынская. Яна вылучыла некалькі этапаў у гэтым працэсе. І этап — 2-я палова 80-х гадоў ХХ стагоддзя — 1994 год, калі ішло пачатковае станаўленне інавацыйнай дашкольнай адукацыі. ІІ этап — 1995—2002 гады — звязаны з інтэнсіфікацыяй развіцця інавацыйнай дашкольнай адукацыі на аснове распрацовак айчынных аўтараў. У 1995 годзе з’явілася першая нацыянальная базісная праграма выхавання і навучання ў дзіцячым садзе “Пралеска”. На ІІІ этапе, у 2003—2010 гадах, ішло мэтанакіраванае развіццё інавацыйнай дашкольнай адукацыі, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі Беларусі. IV этап пачаўся ў 2011 годзе з прыняцця Кодэкса аб адукацыі, згодна з якім была распрацавана і прынята новая вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. Зараз распрацоўваецца новая рэдакцыя вучэбнай праграмы, у аснову якой у адпаведнасці з павевамі часу будзе пакладзены кампетэнтнасны падыход.
На погляд Наталлі Сцяпанаўны, ні адна базавая адукацыйная праграма не можа цалкам задаволіць патрэбы канкрэтнага віду ўстановы дашкольнай адукацыі. Неабходны розныя тыпы базісных праграм, якія ствараліся б з улікам спецыфікі розных відаў дашкольных устаноў. Праграмныя дакументы і стандарты павінны насіць рэкамендацыйны характар. У сваю чаргу, выхавальніку неабходна мець магчымасць выбіраць метадычнае забеспячэнне, якое яму больш падыходзіць.
“За амаль 30 гадоў у краіне склалася дзеючая прадукцыйная сістэма дашкольнай адукацыі, якая развіваецца ў інавацыйным рэжыме, — адзначыла Наталля Сцяпанаўна. — Далейшае развіццё дашкольнай адукацыі, мяркую, павінна быць звязана з канчатковым пераадоленнем праяў аўтарытарнай педагогікі, аднаўленнем у сваіх правах дзіцячай гульні, якая ў апошні час выцясняецца з жыцця дзяцей. Сучасныя дзеці адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў мінулых пакаленняў. Яны валодаюць новымі здольнасцямі і магчымасцямі. Тым не менш у іх назіраецца зніжэнне дапытлівасці, кагнітыўнага развіцця, уяўлення, дэфіцыт адвольнасці. Усё гэта цесна звязана з нізкім узроўнем развіцця гульні”.
“Наколькі дзіцячая адоранасць можа разглядацца як прэдыкат будучай вучэбнай і жыццёвай паспяховасці? — з такім пытаннем звярнуўся да аўдыторыі Аляксандр Ільіч Савенкаў, член-карэспандэнт РАА, доктар педагагічных навук, доктар псіхалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута педагогікі і псіхалогіі адукацыі МГПУ. — Калі мы гаворым пра адораных дзяцей, то ўяўляем невялікую іх групу — прыкладна 2 працэнты ад агульнай колькасці дзяцей. Калі гаворка ідзе пра адоранасць, то мы разглядаем інтэлектуальна-творчы патэнцыял усіх дзяцей. Прааналізуем праблему адоранасці з пазіцыі жыццёвай паспяховасці. Што забяспечыць дашкольніку поспех у яго школьным жыцці? Высокі інтэлект? Крэатыўнасць? Узровень вучэбнай падрыхтоўкі? У 90-я гады мінулага стагоддзя ўзрасла цікавасць да таго, што называецца практычным інтэлектам, інтэлектам жыццёвага поспеху. Актывізаваліся даследаванні розных форм практычнага (эмацыянальнага, сацыяльнага) інтэлекту. Пачала па-іншаму гучаць праблематыка сацыяльнай кампетэнтнасці. На іншай аснове сталі вывучацца прататыпныя формы практычнага інтэлекту — мудрасць, інтуіцыя. Разам з магістрантамі мы праводзілі даследаванні ў старшай групе дзіцячага сада на прадмет пошуку прэдыката вучэбнай паспяховасці. Ацэньвалі абстрактны інтэлект, крэатыўнасць дзяцей, узровень іх навучання і тое, што называецца сацыяльнай кампетэнтнасцю (кагнітыўныя, эмацыянальныя і паводзінскія параметры). Кагосьці з малышоў рана вучылі чытаць і пісаць, хтосьці меў высокі інтэлект, хтосьці — высокую крэатыўнасць. Калі выхаванцы, якіх мы вучылі, пайшлі ў школу, аказалася, што найбольш паспяховымі станавіліся дзеці, якія валодалі высокай сацыяльнай кампетэнтнасцю. Для жыццёвай паспяховасці недастаткова мець высокі інтэлект і высокую крэатыўнасць. Ступень нашай паспяховасці залежыць ад умення наладжваць сувязі з іншымі людзьмі, быць вядучым, а пры неабходнасці і самому пайсці за лідарам. Важна не тое, што дала чалавеку прырода, які ў яго патэнцыял, а тое, як ён здолеў распарадзіцца сваім патэнцыялам”.
“Ва ўсім свеце адукацыя разглядаецца як працэс, які суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця і забяспечвае кожнаму найбольш поўную рэалізацыю ў прафесійнай, асабістай і грамадска-палітычнай сферы, — адзначыла доктар педагагічных навук, доктар псіхалагічных навук, прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута вывучэння дзяцінства, сям’і і выхавання Расійскай акадэміі адукацыі Галіна Паўлаўна Новікава. — Найважнейшымі задачамі прафесійнай адукацыі з’яўляюцца падрыхтоўка маладых людзей да паспяховага жыцця ў грамадстве і перадача ім неабходных сродкаў для далейшага самаўдасканальвання. Сёння найбольш актуальным з’яўляецца пытанне аб дыферэнцыяцыі зместу адукацыі, які выступае адным з асноўных фактараў індывідуальнага і асабістага развіцця кожнага дзіцяці. Пры традыцыйным падыходзе да зместу адукацыі, арыентаваным на атрыманне ведаў, ён вызначаецца як сістэма ведаў, уменняў і навыкаў, якімі павінен авалодаць навучэнец. Пры такім падыходзе веды становяцца абсалютнай каштоўнасцю і захінаюць сабой чалавека. У рамках асобасна арыентаванага падыходу змест адукацыі накіраваны на развіццё прыродных асаблівасцей чалавека, яго здароўя, здольнасцей думаць, адчуваць, дзейнічаць, яго сацыяльных уласцівасцей (быць грамадзянінам, сем’янінам, працаўніком) і ўласцівасцей суб’екта культуры (свабоды, гуманнасці, духоўнасці, творчасці). Сёння набыла папулярнасць мадэль зместу адукацыі, які складаецца з вопыту пазнавальнай дзейнасці, што фіксуецца ў форме яго выніку — ведаў, вопыту рэпрадуктыўнай дзейнасці, якая праяўляецца ў форме ўмення дзейнічаць па ўзоры, вопыту творчай дзейнасці (у форме ўменняў прымаць нестандартныя рашэнні ў праблемных сітуацыях) і вопыту эмацыянальна-каштоўнасных адносін пры асабістых кантактах”.
“Перамены, якія адбываюцца ў свеце, глабалізацыя сведчаць аб тым, што вельмі важнай становіцца мультыкультурная адукацыя, падрыхтоўка чалавека да жыцця ва ўмовах мультыкультурнага асяроддзя, — гаворыць доктар педагагічных навук прафесар Латвійскага ўніверсітэта Андэрсонэ Рудзітэ. — Дзеці 5—6 гадоў павінны ўмець супрацоўнічаць, суперажываць, быць уважлівымі, чулымі, памяркоўнымі і добразычлівымі да іншых людзей, а таксама ўмець выказваць сваё меркаванне, ацэньваць сваю дзейнасць. Неабходна вучыць малышоў творча мысліць, развіваць уласныя эмоцыі, пачуцці, памяць. Надзвычай важнай якасцю сучаснага чалавека з’яўляецца цярплівасць да тых, хто побач, павага не толькі да сваёй працы, але і да працы іншых людзей, да іх культуры і мовы. З 1 верасня 2018 года ў Латвіі пачынаюцца перамены ў адукацыі, якія акрэслены ў праекце “Школа-2030”. Што тычыцца дашкольнай адукацыі, то вылучаюцца дзве групы навыкаў, якія будуць засвойваць выхаванцы, — агульныя навыкі (самапазнанне і самакіраванне, мысленне і творчасць, супрацоўніцтва і інш.), і навыкі па вучэбных галінах — па матэматыцы і мовах, навыкі ў сацыяльнай, грамадскай і культурнай сферах. Дзеці будуць вучыцца праяўляць сябе ў мастацтве, разнастайных тэхналогіях, прыродазнаўстве, падтрымліваць сваё здароўе і фізічную актыўнасць. Дашкольнікі будуць шукаць адказ на пытанні: “Кім з’яўляюся я?”, “Кім з’яўляемся мы?”, “Як мы сябе паводзім у навакольным свеце?”, “Наколькі разнастайнае асяроддзе, у якім я жыву?”, “Наколькі свет, створаны чалавекам, разнастайны?”, “Што я магу зрабіць у гэтым свеце?”.
Аб тэндэнцыях развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Беларусі расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Леанідаўна Давідовіч. Па-першае, гэта аптымізацыя і дыферэнцыяцыя сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і рэгіянальных асаблівасцей. Колькасць устаноў дашкольнай адукацыі за апошнія 10 гадоў зменшылася на 256 адзінак. Пры гэтым колькасць выхаванцаў павялічылася на 52,5 тысячы чалавек. У краіне высокі ахоп дзяцей установамі дашкольнай адукацыі. Усе дзеці 5-гадовага ўзросту праходзяць падрыхтоўку да навучання ў школе. У найбліжэйшы час будзе аптымізавана сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі, замест 6 відаў будуць дзейнічаць 3 — дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Па-другое, назіраецца павелічэнне попыту на паслугі для дзяцей ранняга ўзросту ва ўмовах павелічэння няпоўных сем’яў, а таксама ў сувязі з усё большай занятасцю жанчын у розных сферах эканомікі. Асабліва запатрабаваны сёння групы кароткачасовага наведвання (адаптацыйныя групы, мацярынскія школы), колькасць якіх за апошні час вырасла амаль удвая. Па-трэцяе, адбываецца індывідуалізацыя і дыферэнцыяцыя адукацыйных паслуг з мэтай задавальнення запытаў насельніцтва. Па-чацвёртае, развіваецца прыватна-дзяржаўнае партнёрства ў сферы дашкольнай адукацыі. Гэта дазваляе задаволіць запыты бацькоў на прыватную дашкольную адукацыю, знізіць цэны паслуг за кошт фінансавання дзяржавай часткі расходаў прыватных садоў, стварыць здаровую канкурэнцыю на рынку адукацыйных паслуг і знізіць выдаткі дзяржавы на дашкольную адукацыю. Актыўна рэалізоўваецца праект дзяржаўна-прыватнага партнёрства па будаўніцтве дзіцячых садоў. У мінулым годзе ў эксплуатацыю ўведзена 12 устаноў дашкольнай адукацыі, з іх 4 — за кошт прыватных інвестараў. І, нарэшце, пятая тэндэнцыя — развіццё эканамічнай самастойнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, пераход да нарматыўнага планавання бюджэтных сродкаў на дашкольную адукацыю. Плануецца, што да 2021 года мы пяройдзем на нарматыўнае фінансаванне дашкольнай адукацыі.
“Асноўны прынцып полікультурнага выхавання ў тым, што чалавек павінен ведаць свае карані і адначасова з павагай адносіцца да іншых культур, — падкрэсліла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі дэпартамента агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі Украіны Тамара Віктараўна Панасюк. — Дашкольная адукацыя ў сучаснай полікультурнай прасторы нашай краіны прадугледжвае індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці ў калектыве. Выхаванцаў вучаць асэнсоўваць, што ў іх групе ёсць дзеці іншых нацыянальнасцей, інфармуюць аб асаблівасцях іх культур, фарміруюць у іх уменне ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі іншых этнасаў з мэтай узаемнага культурнага абагачэння. Уменне жыць у свеце розных людзей і ідэй, здольнасць адстойваць свае правы і свабоды і пры гэтым не парушаць правы і свабоды іншых людзей не перадаецца ў спадчыну, у кожным пакаленні іх трэба выхоўваць зноў і зноў. Чым раней пачнецца фарміраванне адпаведных якасцей асобы, тым больш устойлівымі яны будуць. Асноўныя задачы полікультурнага выхавання вызначаны дзяржаўным стандартам дашкольнага выхавання Украіны, базавым кампанентам дашкольнай адукацыі. Адна з адукацыйных ліній — дзіця ў соцыуме — вызначае ў тым ліку і мэту полікультурнага выхавання. Гэта фарміраванне чалавека, здольнага да эфектыўнай жыццядзейнасці ў шматнацыянальным і полікультурным асяроддзі, чалавека, які валодае пачуццём разумення і павагі да іншых культур, умее жыць у міры і згодзе з людзьмі розных нацыянальнасцей. З 2016 года ў дашкольных установах Украіны пры падтрымцы ЮНЕСКА ўкараняецца праграма “Вучымся жыць разам”. Асаблівая ўвага пры гэтым удзяляецца фарміраванню полікультурнай кампетэнтнасці педагогаў”.
У гэтым навучальным годзе факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ пачаў супрацоўнічаць з дашкольнай установай № 14 Беластока (Польшча), кіраўнік якой Люцыя Неміеровіч расказала аб дзейнасці ў садзе беларускіх груп. Аб вопыце полікультурнага выхавання таксама расказала в.а. дырэктара Неменчынскага ясляў-сада (Літва) Рэгіна Габрыэльеўна Гурска.
* * *
Актыўнае абмеркаванне пазначаных на пленарным пасяджэнні праблемных пытанняў працягнулася падчас работы трох секцый канферэнцыі: “Змест, праграмнае і навукова-метадычнае забеспячэнне дашкольнай адукацыі ў сучасным полікультурным свеце”, “Адукацыя для ўстойлівага развіцця ў дзеянні: дашкольны ўзрост”, “Асоба і дзейнасць педагагічнага работніка дашкольнай адукацыі ў полікультурным асяроддзі”.
У рамках супрацоўніцтва па далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай нацыянальнай культуры для дэлегацыі з Польшчы на факультэце дашкольнай адукацыі былі арганізаваны майстар-класы па саломапляценні, ручным ткацтве, народных гульнях і танцах. Жывую цікавасць у замежных гасцей выклікаў паказ фрагментаў са спектакляў беларускага народнага тэатра “Батлейка”, наведванне дзіцячага адукацыйнага цэнтра “Ласка”.
Значным мерапрыемствам у рамках канферэнцыі стала правядзенне адкрытай лекцыі і майстар-класа дырэктара Інстытута педагогікі і псіхалогіі МГПУ Аляксандра Ільіча Савенкава на тэму “Развіццё дзіцячай адоранасці ў сучаснай адукацыйнай прасторы”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 100 студэнтаў факультэтаў дашкольнай і пачатковай адукацыі, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў БДПУ і прадстаўнікоў іншых устаноў адукацыі.
Замежныя ўдзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з дзейнасцю ясляў-сада № 137 Мінска (філіял кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі БДПУ): наведалі заняткі ў групах рознага ўзросту, высока ацанілі арганізацыю і змест адукацыйнага працэсу, якасць прадметна-развіццёвага асяроддзя ўстановы дашкольнай адукацыі.
Надзея ЦЕРАХАВА.