Вухуцік, Падабайка і знакамітая казачніца

- 12:03Культура

Беларуская пісьменніца-прыгажуня Кацярына Хадасевіч-Лісавая — аўтар 12 кніг для дзяцей і пра дзяцей, па адукацыі настаўніца пачатковых класаў. Кожны яе твор вучыць юнага чытача сябраваць, быць добрым, шчырым, адказным і цікаўным, абуджае жаданне пазнаваць свет і, бадай, самае галоўнае —чытаць па-беларуску. Днямі ў прэс-цэнтры Дома прэсы знакамітая казачніца прэзентавала кнігу-квест “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” і анансавала кнігу-гаджэт “Знаёмцеся — #Падабай.к@!”. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў аўтара, пра што новыя кнігі, як ствараюцца казкі і як зацікавіць сучасных дзяцей чытаннем.

— Кацярына Станіславаўна, у якім узросце вы стварылі свае першыя казачныя гісторыі і ці складаным быў ваш шлях у літаратуру?

— Ужо ў дзяцінстве я расказвала розныя гісторыі сваім сябрам, асабліва ім падабаліся жахліўчыкі, а мне было вельмі прыемна, што яны ўважліва слухаюць мяне. У старшых класах пачаліся літаратурныя конкурсы, у якіх я актыўна ўдзельнічала.

Мая першая публікацыя адбылася ў часопісе “Першацвет” у 1996 годзе — гэта было паданне “Цірэй і Эйра”. Вось такія незвычайныя імёны мелі мае героі. Увогуле, я часта прыдумваю адметныя імёны для персанажаў сваіх кніг. Пасля таго як паданне надрукавалі, я спынілася. І зноў вярнулася да стварэння твораў толькі тады, калі цяга штосьці пісаць стала настолькі моцнай, што немагчыма было трываць. Я памятаю, як аднойчы вечарам сядзела, заварыла сабе гарбату, і тут настолькі моцна захацелася запісаць свае думкі, што мая гарбата ўжо зусім астыла, а я ўсё пісала. Так быў пакла­дзены пачатак рамана для дарослых “На ўзлёце шчасця”, які стаў свое­асаблівай пробай пяра. Пасля я пісала і вершы, і п’есы і публіцыстычныя артыкулы. Стварала казкі для сястры і пляменнікаў, а пасля і для сына, таму самы любімы кірунак — дзіцячая проза.

— А які жанр вам найбольш блізкі: апавяданні, казкі, вершы, п’есы?

— Казкі, бо ў іх можа адбывацца, што заўгодна. Я жыву ў гісторыях, пра якія расказваю. Менавіта расказваю, а не выдумляю, бо мне здаецца, што ў маім свеце фантазіі героі даўно існуюць самі па сабе. А мне застаецца толькі зазірнуць туды і пасля расказаць чытачам пра тое, што я там ўбачыла і з кім пазнаёмілася.

— Тады чаму вы засталіся ў педагогіцы і не пайшлі атрымліваць іншую адукацыю, напрыклад, журналісцкую альбо філалагічную?

— Мая матуля — настаўніца, і гэты факт моцна паўплываў на мой прафесійны выбар. Журналістыка і сёння мяне вельмі вабіць, таму некалькі гадоў назад у Ждановіцкай сярэдняй школе, дзе я вучылася і зараз працую, адкрыла прэс-цэнтр “ЛІМОН”, назва якога расшыфроўваецца як “літаратура, інфармацыя, меркаванні, водгукі (отзывы), навіны”. У прэс-цэнтры, дзе я з’яўляюся галоўным рэдактарам, разам з юнымі журналістамі мы ствараем сваю школьную газету. Дарэчы, многія з іх ужо сталі прафесійнымі журналістамі.

— Вы аўтар 12 кніг. Як прыдумваеце свае гісторыі і дзе чэрпаеце натхненне?

— Працуючы ў школе, я маю неабмежаваныя магчымасці назіраць за дзецьмі і знаходзіць сярод іх сваіх будучых герояў, падглядаць нейкія цікавыя сітуацыі. Канечне, і фантазія дапамагае ствараць казачных персанажаў. Мне падаецца, што пісьмен­нік лёгка знаходзіць сюжэты і герояў вакол сябе, бо натхніць могуць самыя звычайныя рэчы: ветрык, сонейка, шолах лісця, нейкая сустрэча. І творчаму чалавеку застаецца прапусціць гэта праз сябе, дадаць фантазію і запісаць твор.

У мяне ёсць п’еса на рускай мове “Невеста для цветочного короля”. У нашай школе планавалі адкрыць тэатральны гурток, а мяне папрасілі напісаць п’есу для яго, каб былі прыгожыя строі, недарагія дэкарацыі і задзейнічаны дзеці. Так атрымалася, што гурток не адкрыўся, але п’еса ёсць і нават выйшла кнігай. А пасля была зроблена пастаноўка калектывам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Так, нават просьба можа стаць дадатковым стымулам для стварэння твора.

Самы любімы жанр — казкі, бо я і сама ў іх веру.

— Ці ёсць канкрэтная гісторыя, падгледжаная ў школьным жыцці і затым перанесеная на кніжныя старонкі?

— Так, у апавяданні “Як Ваня гаспадарыў” паказана гісторыя, цалкам спісаная з майго былога вучня-любімчыка, вельмі цікавага хлопца, з якім чаго толькі ні здаралася. Прынамсі, з характарнымі вучнямі, з якімі не так і проста, скажу шчыра, мне больш падабаецца працаваць.

— А хто першы чытач і крытык вашых твораў?

— Мой сын Станіслаў, якому ўжо амаль 16 гадоў, і 8-гадовая пляменніца. Сын чытаў усё, што я напісала, а таму можа параўнаць адно з другім і даць слушныя парады. Зараз я папрасіла яго быць тэставым чытачом маёй новай кнігі “Знаёмцеся — #Падабай.к@!”. Увогуле, працуючы ў школе, я магу прасіць аб гэтым дзяцей. Неяк я падбірала назву да кнігі і не магла вызначыцца. У мяне было 8 варыянтаў, і вучні дапамаглі падабраць лепшы, а кніга ў выніку атрымала назву “Код геніяльнасці”.

— На пачатку года свет пабачыла кніга-квест “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці”. Пра што яна і ў чым яе адметнасць?

— “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” — гэта, канечне, казка, але з элементамі міфалогіі і з агульначалавечымі каштоўнасцямі. На старонках гэтага выдання не толькі расказваецца пра розных міфічных істот, але і адкрываюцца іх таямніцы.

Кніга-квест — гэта не зусім маё вынаходства, бо і ў савецкія часы былі выданні з такімі элементамі. Адметнасць кнігі ў тым, што чытач становіцца адным з галоўных герояў і ў пошуках Вялікай Каштоўнасці праходзіць прыгодніцкім шляхам праз самыя незвычайныя і загадкавыя мясціны: Злавесны лес, Ведзьміна балота і Таямнічае возера.

Мая кніга-квест незвычайная яшчэ і тым, што чытаецца не па парадку. Чытач сам вырашае, як рухацца, — гэта значыць, у кожнага будзе свой асабісты шлях, на якім неабходна сабраць 9 ключоў да чароўнага куфэрка. Я жыву ў кожнай сваёй кнізе, таму чакаю свайго чытача ў фінале, дзе ўсе ключы абменьваю на адзін ад сапраўднай каштоўнасці.

— А што ў цэнтры сюжэта наступнай вашай  кнігі —“Знаёмцеся — #Падабай.к@!”?

— Я пастаралася прапанаваць дзецям унікальны гаджэт, які ніколі не патрабуе зарадкі, не расходуе трафік, не псуе зрок і не глючыць. Акрамя таго, ён дае карысную інфармацыю, вя­дзе ў свет фантазіі, пашырае слоўнікавы запас, дае магчымасць знаёміцца з новымі сябрамі ў сусветным сеціве, гуляць па прасторах інтэрнэту, а таксама мае настольную гульню — вясёлую вандроўку з прызам для самых уважлівых і крэатыўных карыстальнікаў адной з сацыяльных сетак. Гэты кніжны гаджэт выйдзе ў маі. Дзетак я заклікаю адкласці свае смартфоны і пазнаёміцца з сімпатычным віртуальным героем з сінімі валасамі, які вядомы ўсяму свету, але ўвасобіўся менавіта тут, у нас у Беларусі, у маёй новай кнізе — Падабайкам. Ён жыве на старонцы кніжнай феі і з яе наведвае сваіх сяброў, знаёміцца з дзецьмі і пакідае лайкі. Спадзяюся, што кніга-гаджэт таксама зацікавіць дзяцей, якіх я пастараюся накіраваць на развагі пра тое, што можна, а чаго нельга пакідаць на сваіх старонках, дзе можна бываць, а дзе не трэба, што існуе рэальная небяспека ў інтэрнэце і як дзеці, не падазраючы пра гэта, трапляюць у нядобрыя сітуацыі.

Між іншым да кожнай кнігі ствараецца буктрэйлер у Ждановіцкай сярэдняй школе з удзелам нашых вучняў, якія і агучваюць ролікі. Разам са сваімі сяброўкамі, настаўніцай працоўнага навучання Вольгай Лапінай і настаўніцай фізічнага выхавання Вольгай Лагун, мы прыдумваем ідэю буктрэйлера, персанажаў, падбіраем музыку, розныя атрыбуты і манціруем — усё самі. А пасля такія ролікі размяшчаюцца ў выглядзе QR-кода на вокладцы кнігі.

Важна чытаць дзецям кожны дзень, няхай і патрошкі, каб з часам чытанне стала добрай сямейнай традыцыяй.

— На сустрэчы з юнымі чытачамі вы прыходзіце ў вобразе розных казачных персанажаў і разам з Вухуцікам.

— Так, бо вобраз феі з чароўнай палачкай дапамагае звярнуць увагу дзяцей на маю творчасць. І мяне заўсёды суправаджае Вухуцік — цацка ў выглядзе персанажа аднайменнай казкі. На прэзентацыі кнігі-перакруткі “Вухуцік. Васільвася” акцэнтую ўвагу, што яна незвычайная, бо мае два ўваходы — асобны для хлопчыкаў і для дзяўчынак. Хтосьці пытаецца, ці можна ўвайсці з іншага боку, каб даведацца і іх таямніцы. На што я адказваю, калі кожны прачытае сваю палову, то ўсе разам вы сустрэнецеся на сярэдзіне. І каб вы не пасварыліся, там вас чакае не проста гульня, а вандроўка. Таму атрымліваецца падтэкст: каб было цікавей гуляць, трэба з двух бакоў пачы­таць; як ні круці, але чытай, а стомішся — пагуляй.

Увогуле, я вельмі люблю праводзіць прэзентацыі, аўтограф-сесіі. Такія сустрэчы, нібы сонечныя праменьчыкі, цёплыя і пяшчотныя. Дзеці любяць казкі, ім цікава сустракацца з тымі, хто іх стварае.

— Ваш чытач — гэта?..

— Людзі самага рознага ўзросту: ад першакласніка да падлетка, і нават дарослыя. Кніга-квест увогуле больш разлічана на падлеткаў, але яна цікавая і маёй пляменніцы, якой 8 гадоў. А, напрыклад, на сёлетняй Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў час аўтограф-сесіі яе набылі выкладчык адной са сталічных УВА і жанчына элегантнага ўзросту.

Я ствараю кнігі так, каб было і дзецям цікава чытаць, і іх бацькам, калі яны ім будуць чытаць уголас.

— Існуе меркаванне, што сучасныя дзеці не чытаюць, бо яны пастаянна “сядзяць” у гаджэтах, глядзяць відэаролікі, гуляюць у розныя гульні і цацкі, таму ім проста не да кніг. Ці так гэта?

— Са свайго вопыту адзначу: дзеці чыта­юць. На маіх сустрэчах у дзяцей блішчаць вочы, яны задаюць шмат пытанняў пра творчасць і герояў кніг.

Лічу, што задача пісьменнікаў, бібліятэкараў, кнігагандлю — даваць дзецям такія кнігі, якія іх зацікавяць. Сёння, сапраўды, у звычайнай папяровай кнігі шмат канкурэнтаў, таму трэба прапаноўваць яркія, цікавыя, захапляльныя выданні, якія выклікаюць жаданне ўзяць іх у рукі, зазірнуць пад вокладку і прачытаць.

— Кацярына Станіславаўна, вы і як педагог, і як матуля парайце, як зацікавіць малых чытаннем і прывіць любоў да кнігі?

— Гартаць кнігі з дзеткамі трэба пачы­наць ад нараджэння. А калі дзіцяці споўніцца го­дзік, пачынаць чытаць яму на розныя галасы. І хоць яно не зразумее, пра што гаворыцца ў казцы, але будзьце ўпэўнены, успрыме выразнасць і эмацыянальнасць бацькоўскага голасу. А пасля прыйдзе і разуменне. Бацькі абавязаны зацікавіць дзіця кнігай, бо ад гэтага шмат чаго залежыць у будучыні. Важна чытаць дзецям кожны дзень, няхай і патрошкі, каб з часам чытанне стала добрай сямейнай традыцыяй. Тады дзеці абавязкова пасябруюць з кнігай і з вялікай асалодай будуць чытаць розных аўтараў.

— Сёння выдаецца мноства самай рознай літаратуры для дзяцей. На вашу думку, як жа не разгубіцца ў гэтым кніжным акіяне?

— Лічу, што зараз у беларускай літаратуры для дзяцей сапраўдны росквіт. І цікавых аўтараў, і выдатных кніжак — мноства, і чытачу застаецца толькі скіравацца. А каб вызначыцца, што падабаецца, трэба прос­та чы­таць. Калі ж дзіця прыйдзе ў бібліятэку, то там яму абавязкова падкажуць і парэкамендуюць не­шта цікавае.

Настаўніку таксама варта пастарацца сфарміраваць у кожнага свайго вучня чытацкую самастойнасць і матывацыю. Я думаю, калі ёсць жаданне, то ўсяго гэтага можна дасягнуць.

Дзеці заўсёды бяруць прыклад з баць­коў, таму яны павінны бачыць іх з кнігай у руках.

— Самае яркае і незвычайнае, што з вамі адбылося дзякуючы пісьменніцтву?

— Літаральна тыдзень назад у сацыяльнай сетцы мне напісала матуля, якая паведаміла, што яна разам з дзецьмі чытае з задавальненнем мае творы, і запыталася, дзе можна набыць новыя. На што я ёй адказала, што кнігі ёсць ва ўсіх магазінах. Але жанчына шчыра прызналася, што зараз ёй не хочацца наведваць людныя месцы і прапанавала прыехаць да мяне ў госці, каб атрымаць навінку з аўтографам. Я з вялікім задавальненнем пагадзілася, і ў той жа вечар яна павезла сваім дзецям чатыры мае кнігі. Потым жанчына пажартавала, што ўзнікла маленькая праблема: з якой пачынаць чытаць.

А яшчэ нядаўна я заехала ў кнігарню “Светач” па новыя кнігі, і ля касы мяне пазнала пакупніца па Вухуціку, якога я трымала ў руках. Вы не ўяўляеце, як гэта прыемна! Я дамоў ехала шчаслівая і з поўным асэнсаваннем, што такое пісьменніцкае шчасце.

— І што ж такое пісьменніцкае шчасце?

— Зваротная сувязь з чытачамі. Асабліва ўражваюць такія нечаканасці ў магазінах і сустрэчы са школьнікамі, якія пасля пытаюцца, ці можна мяне абняць. Мы з імі ўтвараем вялікую суполку тых, хто абдымаецца ледзь не да слёз. Пасля яны ў сацыяльных сетках знахо­дзяць мяне і пішуць, вітаючыся, як Вухуцік: “Вуху!”. Карацей, разуменне, што ты пішаш не дарэмна.

— Кацярына Станіславаўна, дзякуй за цікавую размову. Натхнення вам і далейшых поспехаў! А мы з нецярпеннем чакаем вашых новых казачных гісторый!

Я жыву ў гісторыях, пра якія расказваю.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.