Вуліцы ачысцяць ад бяздомных?!

У Венгрыі пачаў дзейнічаць закон, згодна з якім бяздомным забаронена спаць на вуліцах. Аб гэтым паведамляе брытанскае выданне The Independent.

Адзначаецца, што закон у краіне быў прыняты, нягледзячы на крытыку з боку грамадскасці.

Забарона дае права паліцыі выдаваць бяздомным, якія начуюць на вуліцах, папярэджанні. Тым, хто атрымае чатыры папярэджанні на працягу 90 дзён, пагражае турэмнае зняволенне або да шасці месяцаў грамадскіх работ.

Бяздомныя, згодна з законам, павінны спаць у начлежках.

Урад прэм’ер-міністра Віктара Орбана паведаміў, што новы закон нацэлены на забеспячэнне адпаведных умоў жыцця для бяздомных і што ён выдзеліў грошы на прадастаўленне ім дапамогі.

Як паведамляе Reuters, 14 кастрычніка каля парламента Венгрыі прайшла акцыя пратэсту. Яе ўдзельнікі лічаць новыя меры бесчалавечнымі і дыскрымінацыйнымі. Яны таксама перакананы, што ўведзеная забарона накіравана на запалохванне бездапаможнай катэгорыі насельніцтва.

Між тым, паводле неафіцыйных даных, у адным толькі Будапешце не менш як 30 тысяч бяздомных. Месцаў у начлежках усім не хапае — дзяржаўныя прытулкі разлічаны толькі на 11 тысяч чалавек.

Раней урад Віктара Орбана прадставіў праект закона аб крымінальным праследаванні адвакатаў і актывістаў, якія дапамагаюць бежанцам у атрыманні прыстанішча. Такая дапамога, згодна з законам, будзе расцэнена як “патуранне нелегальнай іміграцыі”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *