Вывучаем родны край

- 12:38Нам пішуць

Штогод, у лютым, у сярэдняй школе № 4 імя П.І.Батава Слоніма праводзіцца турысцка-краязнаўчая канферэнцыя, і кожны раз з адпаведнай тэматыкай. 2018-ы аб’яўлены Годам малой радзімы, таму назва канферэнцыі “Жыві, слонімская зямля!” актуальная.

Вучні 3—11 класаў падзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі аб паходах і экскурсіях, сустрэчах з таленавітымі людзьмі свайго краю. Кожны клас стараўся зацікавіць выступленнем: былі расповеды аб людзях розных прафесій нашага горада, аб літаратурным блогу, распрацаваным вучнем 9 класа Іванам Жукоўскім. Цікавым аказалася выступленне вучняў 8 класа, якія ў гумарыстычнай форме падзяліліся займальнымі нататкамі пешага турыста.

Вопытам па духоўна-маральным выхаванні вучняў праз далучэнне да культурна-гістарычнай спадчыны роднага краю падзяліліся педагогі, якія выконваюць абавязкі класных кіраўнікоў. Сацыялізацыя і фарміраванне рознабаковай і гарманічна развітой асобы дасягаецца дзякуючы сістэме работы класных кіраўнікоў у дадзенай дзейнасці.

Краязнаўчая работа вядзецца і ў музеі школы, які носіць імя А.С.Жукоўскага. Музей — неад’емная частка адукацыйнай прасторы нашых школы і раёна, кожны месяц тут праводзяцца музейныя ўрокі, прысвечаныя таленавітым людзям горада, раёна, вобласці, Беларусі, знакамітым землякам і выпускнікам.

АленА ЛАПАТА,
настаўнік хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма.