Вы ўвайшлі ў чат

Чат — прывычны для сучасных людзей спосаб атрымання інфармацыі. Мы абмяркоўваем там бацькоўскія сходы, чытаем навіны, заказваем тавары. Канстанцін Страусаў, ІТ-спецыяліст шырокага профілю, ментар і выкладчык, пайшоў далей і надрукаваў цэлую кнігу-чат. Мы даведаліся, адкуль прыйшло жаданне, колькі часу на гэта спатрэбілася і як рэагуе аўдыторыя.

Новая форма

“Цяперашняе пакаленне ўжо не так ахвотна звяртаецца да кніг, бо яны патрабуюць даволі вялікіх выдаткаў энергіі і часу. Усё больш школьнікі аддаюць перавагу чытанню лёгкіх тэкстаў з экрана электроннай прылады. Як захапіць дзіця сур’ёзнай класічнай літаратурай? У адказ на гэтае пытанне два гады назад нарадзілася ідэя праекта. Я заўважыў, што, калі ў дзіцяці з’яўляецца ўласны смартфон, яно актыўна карыстаецца месенджарамі, чатамі і іншымі праграмамі для перадачы тэкставай інфармацыі. І падумаў: магчыма, патрэбна новая форма падачы матэрыялу”, — расказвае Канстанцін Страусаў.

Пад фармат чата ідэальна падыходзяць п’есы: і там, і там аснова — гэта дыялог. “Рэвізор” стаў пачаткам серыі кніг-чатаў крыху выпадкова. Канстанцін гугліў класічныя п’есы са школьнай праграмы, і Гогаль выпаў першым.

Знаёмства

Вы бераце кнігу-чат у рукі і што бачыце? Самае першае — вокладку. На ёй намаляваны смартфон, які намякае на форму падачы тэксту. Адкрываеце кнігу. Прадмова ад Канстанціна, яшчэ адна прадмова ад драматурга Віталя Каралёва. Далей знаёміцеся з дзеючымі асобамі. Каля кожнага героя ёсць малюнак, гэта дапамагае лепш запомніць, хто ёсць хто, і лягчэй арыентавацца па тэксце. Пасля — падрабязнае апісанне гараднічага, Ганны Андрэеўны, Хлестакова, Восіпа, Бобчынскага і Добчынскага, Ляпкіна-Цяпкіна, Землянікі і Паштмайстра. І вось яно, самае галоўнае, — пачынаецца чат. Дзеянне першае…

У канцы кнігі чытача чакае некалькі “плюшак”. Па-першае, лісты Мікалая Гогаля пра “Рэвізора”. Выдатны матэрыял для лепшага разумення твора і падрыхтоўкі да адказу на ўроку, сачынення. Па-другое, эўрыстычныя заданні, каб замацаваць прачытанае. Адгадайце героя па апісанні, адкажыце ў чаце Хлестакову і гараднічаму, злучыце лініямі аватары і асноўныя рысы характару (у наступным заданні — выказванні) дзеючых асоб, разгадайце крыжаванку і інш. Усё выканалі, цяпер можна і выйсці з чата.

“Рэвізор” выдадзены ў дзвюх вокладках: звычайнай і на спружыне. Другая робіць кнігу яшчэ больш незвычайнай і зручнай. Яе можна цалкам разгарнуць, перавярнуць на адзін бок, а закругленыя вуглы нагадаюць форму смартфона.

“У мяне былі два моманты, калі я зразумеў, што кнігу трэба выдаваць. Першы — калі паказаў дачцэ і яна сказала: “У такім выглядзе я буду чытаць”. І другі — калі мяне падтрымала калега, Вольга Генрыхаўна Пракапчук, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры класічнай філалогіі БДУ. Пазней яна стала рэцэнзентам кнігі”.

Сайт-генератар

Калі б выданне “Рэвізора” было адзіным заняткам Канстанціна Страусава, то на ўвесь працэс ад задумы да вывазу з друкарні пайшло б некалькі месяцаў. Аднак усё крыху зацягнулася.

Два гады назад Канстанцін пагаварыў з мастаком, той абяцаў зрабіць ілюстрацыі, але слова не стрымаў. Вырашылі ўзяць за аснову гатовыя, якія намаляваў савецкі ілюстратар Дзмітрый Кардоўскі. Мастачка Кацярына Іавец з каляровых карцінак зрабіла графічныя чорна-белыя. “Некаторыя наяўнасць малюнкаў паставілі мне ў дакор, маўляў, дзіця не прыдумляе, як выглядае персанаж, — гаворыць Канстанцін. — Малюнак тут — адзін з пунктаў сістэмы якараў. Ты чытаеш кнігу, бачыш пэўны твар і разумееш, хто гаворыць. Не трэба перачытваць прозвішчы персанажаў: дзіця па малюнку арыентуецца ў тэксце”.

“Гэтую кнігу зручна чытаць па ролях. Рэплікі разбіты, і дзіцяці лягчэй арыентавацца ў тэксце. Мы паспрабавалі ў сямейным асяроддзі і зразумелі, што гэта нават цікавей, чым настольныя гульні”.

Агульны дызайн вокладкі (тэлефон па цэнтры, замест прарэзу для дынамікаў — літары) прыдумаў Канстанцін. Дапрацоўваць дапамагала дызайнер Ксенія Картэль. Яна прыдумала лагатып серыі, зрабіла ў выглядзе подпісу словы “М.Гогаль” у “М.Гогаль-трыб’ют”.

Усю тэхнічную частку  Канстанцін як ІТ-спецыяліст узяў на сябе. Ён стварыў сайт, які генерыруе тэксты ў выглядзе чата. Але сайт — гэта суцэльны скрутак, калі яго проста закінуць на старонкі кнігі, то дзесьці будуць дзіркі. Фраза не змясцілася — значыць, яна аўтаматычна перанясецца на наступную старонку. Канстанцін паспрабаваў такі варыянт, кніга заняла 400 старонак. Выдавец падумаў, што калі дзіця ўбачыць твор такой велічыні, то адмовіцца яго нават адкрыць. Так паўстала пытанне вёрсткі. “Я напісаў алгарытм, які разразае вялікія кавалкі. Гэта аказалася няпростай праграмісцкай задачай. Кніга “села” і заняла 300 старонак. Далей я мяняў алгарытм. Паменшыў карцінкі, таму што разлічваў на 160—200 старонак. Калі зрабіць на 160, то і тэкст, і малюнкі будуць занадта дробнымі. Зараз п’еса займае 200 старонак, астатняе — дадатковыя матэрыялы. Тэкст чытаецца добра і персанажаў можна разгледзець.

Дызайн чата я сам не прыдумваў, тут можна ісці больш простым шляхам. Самыя буйныя кампаніі, накшталт Facebook, Viber, Telegram, ужо выдаткавалі мільёны долараў на дызайн сваіх месенджараў, на даследаванне аўдыторыі. Вядома, трэба рабіць так, як у іх”.

Цяпер Канстанцін піша дадатак па кнізе на Android. У ім будзе зручна чытаць: націскаеш на персанажа — з’яўляецца буйны малюнак, націскаеш на зноску — тут жа паказваецца тлумачэнне. Ідэй шмат. Напрыклад, каб была магчымасць выбраць сабе персанажа, тады яго рэплікі будуць заўсёды справа і фон можа адрознівацца па колеры. Дзіця прыцягнула б магчымасць выбраць карцінку для героя. Калі яму не падабаецца, як выглядае Восіп, можна паставіць замест яго Дарта Вэйдэра або Чалавека-павука. Канстанцін заўважае, што, хутчэй за ўсё, дзіця пасля адмовіцца ад гэтых вобразаў, бо нязручна чытаць: да гэтай сістэмы адносін Дарт Вэйдэр не падыходзіць. Але проста мець такую магчымасць было б добра.

“Кніга-чат — гэта спроба, эксперымент, больш сацыяльны праект. Мне цікава, як адрэагуе аўдыторыя. Я магу ў такім выглядзе зрабіць усе п’есы для школьнай праграмы. Зараз мы скончылі маляваць ілюстрацыі для “Рамэа і Джульеты” Уільяма Шэкспіра”.

“Паляцець” у кнігу

“Пасля афармлення з дызайнерамі першага дзеяння п’есы стала відавочна, што такая падача інфармацыі вельмі эфектыўная. Але любая ідэя патрабуе праверкі, — гаворыць Канстанцін. — Я сабраў фокус-групу з 30 чалавек і прапанаваў ім ацаніць чытанне кнігі ў такім фармаце. Людзі адзначылі зручнасць успрымання, лёгкасць пераходаў паміж рэплікамі і асаблівую візуальную гармонію тэксту.

Калі я цалкам згенерыраваў праект, то і сам перачытаў “Рэвізора”. Вядома, мне складана быць аб’ектыўным, але я “паляцеў” у кнігу. Мы так прывыклі да чатаў, да азначэнняў там, што кніга ўспрымаецца вельмі звыкла і лёгка”.

Галоўная задача для Канстанціна — прывіць дзецям любоў да чытання, паказаць, што класічныя п’есы могуць быць у звыклай для іх форме. І дзеці добра рэагуюць. Выдавец нават паказваў кнігу дыслексікам, даросламу і дзіцяці. Канстанцін прыгадвае праект, дзе выкарыстоўваўся спецыяльны шрыфт з патаўшчэннямі да нізу літар. Так яны набывалі ўстойлівасць, і дыслексікі лягчэй іх разбіралі. Магчыма, і “Рэвізор” калі-небудзь з’явіцца ў такім варыянце.

Старэйшая аўдыторыя ўспрымае кнігу па-рознаму. Хтосьці падтрымлівае інавацыйную ідэю, хтосьці — не. Апошнія бачаць у такой форме спрашчэнне, ставяць у дакор Канстанціну выданне, бо ён нават не заканчваў філфак. Былі выпадкі, калі ён чуў: “А навошта ўвогуле чытаць “Рэвізора”? Гэта ж сучаснаму дзіцяці нецікава. Паміж ім і мной — бездань, а паміж ім і “Рэвізорам” — яшчэ адна бездань”. Тут трэба зразумець мэту, якой хочацца дасягнуць: каб дзіця чытала ўвогуле або каб дзіця чытала менавіта класічны варыянт.

“Ініцыятыву праяўляюць настаўнікі гісторыі. У падручніках некаторыя параграфы займаюць 8 старонак тэксту. Чаму б, скажам, не даць у выглядзе чата дыялогі Аляксандра Македонскага з кімсьці, ворагаў паміж сабой, цара і падначаленага?”.


Ідэальны варыянт развіцця праекта — каб кнігу ўзялі на знаёмства ў розныя калектывы, паказалі дзецям. Стала б зразумела, ці прыцягвае яна ўвагу і ці варта выдаваць іншыя творы. Пакуль у планах Канстанціна зрабіць п’есы “Навальніца” і “Беспасажніца” А.Астроўскага, “Недаростак” Д.Фанвізіна, “Рамэа і Джульета” (па-руску і па-англійску), “Кароль Лір” (па-руску і па-беларуску) Уільяма Шэкспіра і, магчыма, “Тутэйшыя” Янкі Купалы.

Больш інфармацыі пра кнігу-чат “Рэвізор” і месцы продажу можна даведацца на старонках праекта ва “УКантакце” і Facebook.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.