Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ: “Важна заставацца чалавекам”

- 11:04Моя школа

Напярэдадні Дня беларускай навукі праект “Мая школа” не мог абысці ўвагай навукоўцаў. Нашым сённяшнім госцем стаў Вячаслаў Даніловіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая, дарэчы, сёння святкуе 31­ю гадавіну з дня заснавання.

Старажытны Полацк

— Вячаслаў Віктаравіч, вы нарадзіліся ў старажытным Полацку і звязалі сваё жыццё з гісторыяй. Гэта выпадковасць?

— Безумоўна, гэта невыпадкова. Сама атмасфера Полацка насычана гістарычным мінулым.

Я нарадзіўся ў Полацку, а калі мне было крыху больш за паўтара года, бацькі завезлі мяне да бабулі з дзядулем у вёску Ушчалёпкі Расонскага раёна, і да 4 гадоў я жыў там. Магчыма, дзіцячыя ўспаміны цягнуць туды — як і ў дзяцінстве, я і зараз вельмі
люблю туды прыязджаць.

Мае бацькі — простыя лю­дзі, якія ўсё жыццё сумленна працавалі: бацька Віктар Іосіфавіч на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе, а маці Яніна Вікенцьеўна ў сацыяльнай сферы. Зараз яны на заслужаным адпачынку. Мы з братам Віталем вельмі любім наведваць бацькоўскі дом, прыязджаючы туды з роднымі і блізкімі.

Мой дзядуля па бацькавай лініі Іосіф Пятровіч Канюшэўскі ў 17 гадоў пайшоў у партызаны. Пасля вайны працаваў у дарожным упраўленні, а потым — дома: вязаў “авоські”, вырабляў кантакты для разетак. Прыязджаючы да яго на летнія канікулы, я заўсёды яму дапамагаў. У дзядулі не было асаблівай адукацыі, але была даволі вялікая бібліятэка і поўная падшыўка часопіса “Полымя” за шмат гадоў.

Менавіта ў дзедавай бібліятэцы я ўбачыў кнігу Г.В.Штыхава “Старажытны Полацк”. Мне, тагачаснаму вучню пачатковай школы, было вельмі цікава гартаць старонкі гэтай навуковай працы, разглядаючы чорна-белыя фотаздымкі. Найбагацейшая гісторыя маёй роднай зямлі вельмі ўразіла і пакінула след у дзіцячай свядомасці, абудзіўшы цікавасць да гісторыі. Гэтая кніга і зараз захоўваецца ў бібліятэцы маіх баць­коў.

— Ці былі ў вас любімыя настаўнікі і школьныя прадметы?

— У дзіцячы сад і школу я пайшоў у Наваполацку. Вучыўся ў сярэдняй школе № 9. Першая настаўніца Ада Мікалаеўна Ложачнік пакінула ў маёй душы самыя станоўчыя эмоцыі — гэта быў чалавек вялікай душы. Калі гава­рыць пра старшыя класы, не магу не ўспомніць настаўніка рускай мовы і літаратуры Якава Барысавіча Гуткіна, які ўмеў так арганізаваць работу на ўроку, што ніхто не заставаўся не ахопленым: і выдатнікі, і двоечнікі — на яго ўроку працавалі ўсе. У яго была свая сістэма навучання, і набытай за школьныя гады пісьменнасцю я абавязаны менавіта яму.

Любімымі прадметамі былі гісторыя і геаграфія. Цікава было працаваць з атласамі і картамі. Вельмі хутка вывучыў сталіцы ўсіх дзяржаў свету. Потым, у студэнцкія гады, з суседам па інтэрнаце, які вучыўся на геафаку пед­універсітэта, ладзілі спаборніцтвы, і ён прайграваў, бо не мог на­зваць столькі сусветных сталіц, як я.

Заўсёды было вельмі цікава атрымліваць новую інфармацыю пра розныя краіны, і цікавасць да гісторыі яшчэ больш замацавалася.

— Калі ў вас з’явілася ціка­васць да кнігі?

— Цікавасць да чытання ўзнікла вельмі рана. У татавага брата таксама была вельмі добрая бібліятэка, і ў школьныя гады я часта браў у яго кнігі, у першую чаргу звязаныя з гісторыяй: прыгодніцкія аповесці і гістарычныя раманы — у той час такія кнігі былі вялікім дэфіцытам (а мае школьныя гады прыпалі на перыяд перабудовы). Нават зараз перад тым, як паглядзець які-небудзь фільм, стараюся спачатку прачытаць кнігу, па матывах якой ён зняты.

— Як ставіцеся да літаратуры і кінастужак, якія створаны па матывах гістарычных падзей?

— Трэба разумець, што гэта не дакументальныя творы. Нічога дрэннага не бачу ў тым, што аўтары падаюць сваю інтэрпрэтацыю нейкіх падзей, ствараючы мастацкі твор. Яны маюць права на вымысел і сваё бачанне гістарычных падзей. У такіх выпадках чытач і глядач павінны разумець, што яны чытаюць і глядзяць. Для таго каб выклікаць цікавасць да гісторыі, такія творы павінны існа­ваць. Магчыма, праз іх нехта прыйдзе і ў гістарычную навуку. Павінны быць і мастацкія творы, якія могуць перадаць атмасферу пэўнай эпохі і ўзаемаадносіны людзей у той час, як вядомы серыял-фэнтэзі “Гульня прастолаў”.

Разам з тым вельмі важна, каб былі фільмы і літаратурныя творы, якія паказваюць высокія духоўныя якасці чалавека. Калі б у нашых продкаў іх не было, наша грамадства проста вырадзілася б, тут былі б іншыя народы і іншыя дзяржавы.

Маладое пакаленне павінна ганарыцца сваёй гісторыяй. Нашы продкі тысячы гадоў жылі на гэтым геапалітычным скрыжаванні, праз якое прайшлі  тысячы войнаў і ваенных канфліктаў, і нашы продкі ў геапалітычным полымі адстаялі права жыць на гэтай зямлі і развівацца так, як мы лічым неабходным, і ў выніку прыйсці да сённяшняй незалежнай Беларусі.

З майго пункту погляду, заканамерна, што пасля Года народнага адзінства 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Менавіта гістарычная памяць ля­жыць у аснове народнага адзінства. Народ, які не памятае сваю гісторыю, асуджаны на выраджэнне і растварэнне ў масе іншых народаў. Калі мы хочам заставацца беларусамі, мы павінны бачыць яе сваімі вачамі. Дарэчы, з 2022 годам звязана шмат знакавых гістарычных дат: 1160 гадоў з моманту першага летапіснага ўпамінання Полацка, 1030 гадоў з дня заснавання Беларускай Праваслаўнай Царквы, 955 гадоў Мінску, 505 гадоў з даты публікацыі Францыскам Скарынам першай друкаванай усходнеславянскай кнігі, 210 гадоў Айчыннай вайне 1812 года, 140-гадовыя юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 135 гадоў з дня нараджэння З.Ф.Жылуновіча, які ўзначальваў першы беларускі ўрад, 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка, які ў маладыя гады шмат сіл аддаў для ўз’яднання беларусаў у адзіную дзяржаву, 100 гадоў Інбелкульту — папярэдніку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і, нарэшце, 100 гадоў з дня заснавання СССР. У Год гістарычнай памяці нам трэба гэта ўсё ўспомніць і асэнсаваць аб’ектыўную карціну мінулага.

Вачыма свайго народа

— Аб’ектыўна гісторыя — гэта навука пра факты ці пра людзей?

— Без людзей гісторыі быць не можа. У сваю чаргу людзі рэалізуюць нейкія дзеянні і генерыруюць факты. Важна не фальсіфікаваць гістарычныя факты і падзеі. На жаль, фальсіфікатарскі падыход сёння квітнее, у прыватнасці, у Заходняй Еўропе, дзе робяцца спробы перапісаць гісторыю, у першую чаргу Другой сусветнай вайны. Канечне, інтэрпрэтацыя фактаў можа адрознівацца ў розных народаў і розных дзяржаў. Сутнасць у тым, што любы гістарычны факт і па­дзея могуць па-рознаму адбіцца на гісторыі розных народаў. І такі падыход не з’яўляецца сучаснай з’явай і практыкаваўся з летапісных часоў, калі адны і тыя ж падзеі розныя летапісцы трактавалі па-рознаму (дарэчы, нават у летапісах без фальсіфікацый не абыходзілася).

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, павінны глядзець на сваю гісторыю вачамі свайго народа праз прызму сваёй дзяржаўнасці. За нас гэта ніхто не зробіць. Магчыма, нехта звонку бачыць нашу гісторыю інакш, ён мае на гэта права, але не павінен навязваць нам такі погляд.

І асноўнае прызначэнне рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі — перашкодзіць фальсіфікацыі нашай уласнай гісторыі і захаваць гістарычную памяць і аб’ектыўнае бачанне гістарычнага мінулага.

— Што паўплывала на выбар сферы гістарычных даследаванняў?

— Цікавасць да навуковай дзейнасці прачнулася ў студэнцкія гады дзякуючы выкладчыкам, якія працавалі на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе я вучыўся. На тэму кандыдацкай дысертацыі (“Дзейнасць арганізацыі “Змаганне” ў Заходняй Беларусі (1927—1930 гг.)”) мяне сарыентаваў мой навуковы кіраўнік, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Мацко, Чалавек з вялікай літары, які неабыякава ставіўся да сваіх аспірантаў. Вялікую ролю ў выбары тэмы адыграла і тое, что дзядуля і бабуля па матчынай лініі жылі на Віленшчыне — на хутары ў тагачаснай Літоўскай ССР, літаральна ў кіламетры ад мяжы з Астравецкім раёнам Беларусі. Яны ў штодзённых зносінах карысталіся польскай мовай, добра ведала польскую мову і мая маці. Ды і я, часта там бываючы, навучыўся разумець і чытаць па-польску. Аляксандр Мікалаевіч, даведаўшыся, што я ведаю польскую мову, параіў мне засяродзіцца на вывучэнні гісторыі Заходняй Беларусі, бо значная частка дакументаў была напісана менавіта па-польску.

За распрацоўку гэтага навуковага напрамку я ўзяўся з захапленнем, бо ў мяне была магчымасць стаць фактычна першаадкрывальнікам гэтай старонкі гісторыі Беларусі і напоўніцу выкарыстаць свае веды.

Аляксандр Мікалаевіч тады быў у даволі сталым узросце і мала выкладаў ва ўніверсітэце. Упершыню ўбачыўшы яго — старэнькага дзядка з кіем, падумаў: “Божачкі, як жа я буду з ім працаваць?!” Але пазнаёміўшыся з ім бліжэй, даведаўся, што ён вельмі душэўны чалавек, які да самага канца жыцця захоўваў светлы розум.

Рабіць максімальна якасна

— Раскажыце крыху пра вашу педагагічную кар’еру.

— Пасля заканчэння ўніверсітэта, як і ўсе выпускнікі, я па размеркаванні паехаў праца­ваць настаўнікам гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін у сярэднюю школу № 2 Наваполацка, але затрымаўся там нядоўга: ужо ў лістападзе паступіў у аспірантуру БДПУ. Гэта ні для каго не было нечаканасцю, бо я быў адназначна скіраваны на навуковую дзейнасць.

Навучанне ў аспірантуры дало не толькі рэалізацыю ў навуцы, але і… сямейнае шчасце. З маёй жонкай Таццянай мы ра­зам вучыліся ў аспірантуры і абаранялі дысертацыі ў адзін год амаль адначасова: у мяне абарона была 28 красавіка 2000 года, у яе — менш чым праз месяц, 19 мая. А ў чэрвені нарадзілася дачка Аляксандра, якая хутка стане спецыялістам па міжнародных адносінах і лінгвакраязнаўстве Ірана.

Ужо будучы аспірантам, я вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці ў родным універсітэце на кафедры ўсеагульнай і айчыннай гісторыі. Так я стаў працаваць поруч яшчэ з адным мэтрам гістарычнай навукі — кафедру ў той час узначальваў доктар гістарычных навук прафесар Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, які, дарэчы, таксама быў вучнем А.М.Мацко.

— Што адчувалі, працуючы на адной кафедры са сваімі выкладчыкамі?

— З аднаго боку, гэта было вельмі адказна. Мяне, яшчэ зусім зялёнага, спачатку ўзялі асістэнтам. У той час мне давялося працаваць са многімі выкладчыкамі. Нарадзілася цікавасць да выкладчыцкай дзейнасці, у многім праз адчуванне зацікаўленасці студэнтаў і водгуку, які пакідалі ў іх мае заняткі. Прыкладаў для наследавання было шмат, бо на кафедры працавалі вельмі моцныя педагогі. А.А.Каваленя змог стварыць на кафедры атмасферу ўзаемапавагі і ўзаемадапамогі, дзякуючы якой маладыя кад­ры вельмі арганічна ўліваліся ў гэты калектыў. Старэйшыя калегі бралі моладзь пад сваё крыло, дзяліліся педагагічнымі сакрэтамі. У той жа час мы, маладыя выкладчыкі, мелі магчымасць хадзіць на іх заняткі, пераймаючы педагагічны вопыт.

Потым некаторы час я ўзна­чальваў упраўленне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі свайго ўніверсітэта. А ў пачатку 2006 года А.А.Каваленя, які ўжо працаваў дырэктарам Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прапанаваў мне пасаду намесніка дырэктара па навуковай рабоце. Тут мне ўдалося з галавой акунуцца ў навуку і прайсці яшчэ адну школу жыцця — на гэты раз рэалізацыі дзяржаўных навуковых праграм па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах.

На самай справе для чалавека важны не толькі матэрыяльны складнік яго жыцця, хаця ў
1990-я гады нас спрабавалі ўпэўніць у адваротным. У тым, што, маўляў, сістэма адукацыі не павінна займацца выхаваннем, а толькі даваць веды. Бясспрэчна, такі падыход быў накіраваны на тое, каб падарваць наша грамадства, бо чалавек без духоўнага складніку, арыентуючыся толькі на матэ­рыяльныя патрэбы, страчвае сувязі са сваім народам і Радзімай, лёгка адрываючыся ад гістарычных каранёў. Сёння сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны, якія, у прыватнасці, выкладаюцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі, фарміруюць кругагляд чалавека, свядома ўключаючы яго ў жыццё грамадства.

— З вашых сённяшніх сфер дзейнасці якая найбліжэй за ўсё?

— Кожны від дзейнасці для мяне значны па-свойму. Я прытрымліваюся думкі, што ўсё, што ты робіш у жыцці, трэба рабіць максімальна якасна ў меру сваіх сіл і магчымасцей. І гэта аднолькава тычыцца і навуковай, і педагагічнай, і адміністрацыйнай дзейнасці. Калі ты працуеш з такім падыходам, любая дзейнасць прыносіць задавальненне. І ўсе гэтыя тры сферы для мяне аднолькава важныя.

Безумоўна, вялікую каштоўнасць маюць зносіны з моладдзю ў вучэбнай аўдыторыі. Дзякуючы ім, можна падтрымліваць сябе і свае веды ў актуальным стане, трымаць руку на пульсе часу. У прыватнасці, у перыяд работы ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі вельмі карыснай была апрабацыя новага курса па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якую мы з калегамі ажыццяўлялі ў вучэбных аўдыторыях Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Да таго ж ў любой дзейнасці, якой бы ты ні займаўся, важна заставацца чалавекам — так мне ўвесь час гаварылі бацькі, і гэтую каштоўную параду я памятаю заўсёды.

— Чаго вы яшчэ не паспелі зрабіць? Чым займаецеся ў вольны час?

— Яшчэ не паспеў абара­ніць доктарскую дысертацыю. У пачатку мінулага года выйшла манаграфія, і ў вольны час я працую над тым, каб ператварыць яе ў дысертацыйную работу — у навуковым плане для мяне гэты этап вельмі важны.

Вельмі хочацца нарэшце скончыць свой дом, які будую ўжо каля 10 гадоў: робім усё ў вольны час і сваімі рукамі разам з жончыным бацькам. Увогуле, кожныя выхадныя імкнуся выехаць за горад, люблю пакорпацца ў зямлі. Для мяне зносіны з прыродай з’яўляюцца магчымасцю падзарадзіцца энергіяй.

Таксама хацелася б вывучыць англійскую мову, якая сёння вельмі запатрабавана.

І, безумоўна, хацелася б наладзіць работу Акадэміі кіравання так, каб яна па ўсіх напрамках дзейнасці адпавядала высокаму статусу ўнікальнай навучальнай установы, якая вядзе пад­рыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў для сферы дзяржаўнага кіравання. Спадзяюся, агульнымі намаганнямі нашага калектыву мы ажыццявім гэтыя планы.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Вячаслава Даніловіча.