Вядзе ўсіх за сабой

Вельмі хочацца расказаць пра аднаго з лепшых і вельмі крэатыўных педагогаў нашага Мілявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Алену Іосіфаўну Русак. Яшчэ ў гады свайго юнацтва яна ўпэўнена вырашыла: пойдзе вучыцца ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча і будзе настаўніцай.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1992 годзе Алена Іосіфаўна пачала праца­ваць у нашай школе ў Мастоўскім раёне, дзе выкладала працоўнае навучанне. А ў хуткім часе яе прызначылі яшчэ і педагогам-арганізатарам. З той пары і крочыць горда па школе педагог з чырвоным гальштукам і вядзе ўсіх за сабой — і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Гэтая праца раскрыла ў настаўніцы і арганізатарскі патэнцыял, і неверагодныя творчыя здольнасці. З кожным годам яе талент усё больш раскрываўся, майстэрства ўдасканальвалася. Сёння з яе бяруць прыклад, на яе раўнуюцца. Гледзячы на гэтага педагога, многія вучні школы выбіраюць для далейшай вучобы педагагічныя ўстановы і настаўніцкі шлях. Так, па прыкла­дзе сваёй настаўніцы нядаўна пайшла вучыцца ў Ваўкавыскае вучылішча Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Дзіяна Доста.

Чым жа Алена Іосіфаўна заслужыла такую павагу сярод вучняў і настаўнікаў? Справамі, высокай працаздольнасцю, творчымі знаходкамі. Цікавых і запамінальных спраў на рахунку Алены Іосіфаўны вельмі шмат. Яна рэгулярна водзіць сваіх піянераў на акцыі па прыбіранні берагоў возера, лесу. Гэтай вясной задумала ажыццявіць праект па навядзенні парадку на роднай зямлі — абсталяваць невялічкую зону адпачынку ля возера. У планах — зрабіць лаўку, кладачку на возеры.

Разам са сваімі падапечнымі настаўніца арганізавала рух буккросінгу: на мехдвор былі занесены кнігі і прапанаваны механізатарам для чытання. Сумесна з дзецьмі Алена Іосіфаўна штогод праводзіць акцыю “Адмоўся ад цыгарэт” сярод дарослага насельніцтва вёскі: распаўсюджвае лістоўкі па здаровым ладзе жыцця, а таксама прапаноўвае абмяняць цыгарэты на цукеркі.

Калі настаўніца працуе ў летнім аздараўленчым лагеры, яна арганізоўвае цікавыя мерапрыемствы: рыбалку на возеры, збор лекавых раслін, конкурсы малюнкаў на асфальце, сустрэчы з цікавымі людзьмі, конкурсы двайнікоў, спартыўныя эстафеты, літаратурна-музычныя гасцёўні. У мінулым годзе Алена Іосіфаўна была старшай піянерважатай у школьным аздараўленчым лагеры “Крутыя перцы“ і здзейсніла са сваёй камандай у складзе 30 вучняў “палёт на касмічным караблі ў космас, на розныя планеты”.

Дапамога адзінокім і пажылым людзям, настаўнікам-пенсіянерам таксама абавязак піянераў. Такая работа пад кіраўніцтвам Алены Іосіфаўны вядзецца вельмі адказна. Дзеці рыхтуюць для названай катэгорыі людзей віншаванні са святамі, прыбіраюць зімой снег, вясной капаюць грады, запрашаюць на сустрэчы.

За апошнія гады нашы вучні, дзякуючы намаганням настаўніцы, пабывалі ў многіх слаўных мясцінах Беларусі: Гродне, Каробчыцах, Белавежскай пу­шчы, Лідзе, Жыровічах, гістарычна-культурным комплексе “Лінія Сталіна”. Ладзяцца пастаянныя экскурсіі ў раённы цэнтр — горад Масты. Там дзеці наведваюць выратавальную станцыю, музей “Лес і чалавек”, выставы ў Доме творчасці дзяцей і моладзі.

Летам Алена Іосіфаўна адпраўляецца з падапечнымі ў паходы па месцах баявой славы, а таксама знаёміць дзяцей з прыродным багаццем родных мясцін. Апошнія паходы былі да мемарыяльнага комплексу “Шымкі”, у вёску Галубы, мястэчка паміж Нёманам і Шчарай, у аграгарадок Дзярэчын, што ў суседнім Зэльвенскім раёне, у Слонім і мястэчка Сынкавічы.

Рэдкалегія піянерскай дружыны “Спадчынцы” выпускае ў школе насценную газету “Піянерскі веснік”, дзе расказвае пра свае справы, перамогі, выступленні, планы на будучыню. Акрамя гэтага, і піянеры, і сама педагог-арганізатар часта друкуюцца ў мастоўскай раённай газеце “Зара над Нёманам”, расказваючы пра нашу школу і пра багатае на падзеі школьнае жыццё. Самымі яркімі і запамінальнымі ва ўстанове адукацыі заўсёды былі мерапрыемствы, арганізаваныя менавіта Аленай Іосіфаўнай: “Самая лепшая кошка”, “Лялечны тэатр з агародніны”, “Экалагічная віктарына”, “Модны паказ”. Шыкоўным святам можна лічыць асенні кірмаш, які настаўніца праводзіць у школе штогод. На яго запрашаюцца бацькі вучняў і жыхары вёскі. Ладзіцца канцэрт, выстава, і, канечне, праводзіцца сам кірмаш.

Вельмі запомніўся ўсім экалагічны конкурс “Экалогія. Чалавек. Будучыня”. А.І.Русак рыхтавала для выступлення каманду вучняў, якая перамагла ва ўпартай барацьбе на раённым этапе, а затым з гонарам прадстаўляла наш раён у Бераставіцы.

Калі на школьных калідорах гучыць музыка і вучні ходзяць пасля ўрокаў заклапочаныя, гэта значыць, што настаўніца рыхтуе чарговае выступленне. Так, нядаўна стартаваў флэш-моб са сцягамі. Выступленне на раённым узроўні зноў прынесла перамогу. Трэба ­ехаць далей, у Гродна, і паказваць свае таленты.

А.І.Русак ужо некалькі гадоў ажыццяўляе праект па дапамозе бяздомным сабакам. Збірае корм, бінты, шпрыцы, рагожку і з дзецьмі вязе ў гродзенскі прытулак для сабак. Можна ўявіць, які вялікі выхаваўчы патэнцыял у такой акцыі, як яна ўздзейнічае на дзяцей! Менавіта з прытулку Алена Іосіфаўна прывезла сабаку для сябе і там жа прапануе узяць вернага сябра і нам.

Дзякуючы Алене Іосіфаўне, у нашай школе паспяхова развіваецца дэкаратыўна-прыкладная творчасць, бо настаўніца і ў гэтай галіне сапраўдны майстар. Вучні ствараюць вырабы з паперы, скуры, саломкі, цеста, вышываюць карціны з бісеру. Выставы і конкурсы арганізоўваюцца пад Новы год, Каляды, Вялікдзень, Дзень маці. Многія вырабы вучняў А.І.Русак займалі ў раёне першыя месцы і вылучаліся для ўдзелу ў абласных этапах конкурсаў.

Калі наша школа пачала працаваць над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”, Алена Іосіфаўна адна з першых уключылася ў работу і ўзялася за даследаванне святых мясцін нашай мясцовасці, каб выхоў­ваць у вучняў патрыятызм.

На ўсё ў яе хапае часу, сіл і жадання. Яшчэ Алена Іосіфаўна — салістка фальклорнага гурта “Вясняначка”, які арганізаваны пры Цэнтры культуры і адпачынку аграгарадка Мілявічы. Выступае ў ім ужо дзесяць гадоў. І канечне, нясе праз народныя песні любоў да жыцця, роднага краю і натхняе ўсіх толькі на светлыя думкі.

Вера ПАШКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мілявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.