Вялічка — з чырвоным яечкам

- 17:03Нам пішуць

Трабская сярэдняя школа Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці не адзін год працуе ў кірунку адраджэння нацыянальнай самасвядомасці вучняў, вывучэння традыцый свайго народа, мінулага роднага краю. Шосты школьны дзень, 7 красавіка 2018 года, быў прысвечаны  Вялікадню. Настаўнікі, вучні і іх бацькі ўзялі ўдзел у правядзенні фальклорна-абрадавага свята “Вялічка — з чырвоным яечкам”.

Падчас мерапрыемства вучні даведаліся, чаму свята называецца Вялікаднем. З цікавасцю слухалі прысутныя аповед настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Л.М.Рыбалоўскай аб тым, што на Вялікдзень родныя і знаёмыя віталіся не так, як звычайна, а словамі “Хрыстос уваскрос!”. У адказ чулі: “Сапраўды ўваскрос!”. Затым тройчы цалаваліся, частавалі адзін аднаго яйкамі, цукеркамі, жадалі дабра. Гэтым днём казалі, што сонейка іграе.

Падчас фальклорна-абрадавага свята дзеці з бацькамі спявалі народныя песні, гулялі ў гульні “Чыё яйка далей пакоціцца” і “Раскруці яйка”. Усе атрымалі задавальненне і асалоду.

Ганна ПАДГАЙСКАЯ, 
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Трабскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.