Навукоўцы з Кенцкага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) паспрабавалі адказаць на пытанне, чаму ў школе хлопчыкі вучацца горш, чым дзяўчынкі. Матэрыялы даследавання апублікаваў часопіс Child Development.
У справаздачы адзначаецца, што была праведзена серыя эксперыментаў з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Яны дазволілі высветліць, што “негатыўныя гендарныя стэрэатыпы”, якія датычацца вучобы і паспяховасці, з’яўляюцца ў дзяцей абодвух палоў у самым раннім узросце.
Навукоўцы сцвярджаюць, што ўжо чатырохгадовыя дзеці ведаюць: “дзіця, якое жадае добра вучыцца і атрымліваць добрыя адзнакі”, — гэта дзяўчынка, а той, хто “вучыцца не вельмі добра”, — гэта, вядома, хлопчык.
Гэтыя гендарныя стэрэатыпы ў дзяцей былі выяўлены з дапамогай нескладанага эксперымента: даследчыкі давалі апісанне добрага ці дрэннага вучня, а пасля прасілі дзіця паказаць гэтага вучня на малюнку з сілуэтам хлопчыка ці дзяўчынкі. Аналагічны вопыт паказаў, што, па меркаванні дзяцей, у безумоўнай акадэмічнай перавазе дзяўчынак перакананы і дарослыя.