Вялікабрытанія: “не” цэнтрам па напісанні студэнцкіх работ

Урад Вялікабрытаніі распрацаваў законапраект, які, у прыватнасці, увя­дзе крымінальную адказнасць за прадастаўленне або рэкламаванне паслуг па напісанні студэнцкіх работ за грошы. Пра гэта паведаміла ўрадавая прэс-служба.

Забарона будзе тычыцца ўсіх так званых цэнтраў па напісанні студэнцкіх работ, якія прадаюць свае паслугі тым, хто вучыцца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. 

“Такія цэнтры з’яўляюцца абсалютна амаральнымі і зарабляюць на тым, што абясцэньваюць цяжкую працу большасці студэнтаў. Мы звяртаемся да мер, якія забароняць дзейнасць гэтых ашуканскіх цэнтраў”, — заявіў прадстаўнік Міністэрства адукацыі Вялікабрытаніі Алекс Баргарт.

Па даных брытанскага Агенцтва па забеспячэнні якасці вышэйшай адукацыі, якое на працягу апошніх чатырох гадоў паслядоўна прапануе забараніць такую дзейнасць, у краіне зараз дзейнічае больш за тысячу “цэнтраў па напісанні студэнцкіх работ”. 

Ініцыятыву ўрада Вялікабрытаніі падтрымалі і найбуйнейшыя прафсаюзныя аб’яднанні студэнтаў і ўніверсітэтаў краіны, перадае BBC. У Вялікабрытаніі, у адрозненне ад, напрыклад, ЗША і Новай Зеландыі, дзейнасць цэнтраў па напісанні работ пакуль што легальная. Даследаванне 2018 года паказала, што амаль 16% студэнтаў карысталіся іх паслугамі.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.