Вялікабрытанія: Прыхільнікі сабак жывуць даўжэй за астатніх

Навукоўцы ў Вялікабрытаніі высветлілі, чаму людзі, якія выбіраюць у гадаванцы сабак, жывуць даўжэй за іншых. Сакрэт нескладаны: “сабакары” больш гуляюць, падтрымліваючы фізічную форму, плюс чатырохногія сябры моцна зніжаюць узровень стрэсу.

Высновы брытанскіх урачоў публікуе выданне Scientific Reports. Паводле даных часопіса, гаспадары сабак у Вялікабрытаніі аж у 4 разы больш актыўныя за сваіх суграмадзян, якія не ма­юць чатырохногіх сяброў.

Брытанскія ўрачы рэкамендуюць дарослым выдзяляць на фізічную актыўнасць не менш за 150 хвілін у ты­дзень. Аднак у Амерыцы, напрыклад, гэтую няхітрую норму выконваюць менш за палову насельніцтва, а ў Брытаніі — крыху больш, прычым мужчыны рухаюцца больш актыўна, чым слабы пол.

Кэры Уэстгарт з універсітэта Ліверпуля разам з калегамі вырашыла высветліць, як уплывае сабака на ўсіх членаў сям’і і ці сапраўды звязаны ўтрыманне жывёл і фізічная актыўнасць. У даследаванні прынялі ­ўдзел 191 гаспадар сабак, 455 чалавек без сабак і 46 дзяцей.

Высветлілася, што людзі з сабакамі стала здзяйсняюць больш доўгія прагулкі, чым група без жывёл. Наяўнасць гадаванца амаль гарантавала выкананне нормы ў 150 хвілін на тыдзень. Дзеці з сабакамі таксама паказвалі лепшыя вынікі, чым аднагодкі без сабак.

Акрамя таго, аўтары даследавання нагадалі, што сабакі моцна зніжа­юць узровень стрэсу ў гаспадароў, што таксама дабратворна адбіваецца на працягласці іх жыцця.