Вялікабрытанія: студэнты могуць пазбавіцца дзяржаўнай стыпендыі

- 12:25Паралелі

Матэрыяльная дапамога студэнтам з малазабяспечаных сем’яў можа “пайсці пад нож” у рамках праграмы скарачэння дзяржаўных выдаткаў.

Дзяржаўныя стыпендыі студэнтам з малазабяспечаных сем’яў могуць трапіць пад скарачэнне ў рамках выканання задачы па пошуку рэзерваў бюджэту, паведамляе ВВС. Упершыню на гэты артыкул выдаткаў дзяржбюджэту ўрад Вялікабрытаніі паквапіўся ў 2013 годзе, але намеснік Дэвіда Кэмерана ліберал-дэмакрат Нік Клег тады заблакіраваў унясенне папраўкі. Зараз міністры вярнуліся да гэтай ідэі, і ўжо ніхто не зможа ім перашкодзіць прадставіць яе на разгляд Палаты абшчын.
У цяперашні час матэрыяльную дапамогу з дзяржбюджэту атрымліваюць у Англіі звыш паўмільёна студэнтаў. Гэта каштуе падатка-плацельшчыкам 1,6 мільярда фунтаў стэрлінгаў у год. Каб атрымаць стыпендыю, студэнт павінен пацвердзіць, што яго сям’я атрымлівае менш за 42 тысячы фунтаў у год; максімальная выплата ў памеры 3387 фунтаў стэрлінгаў у год прызначаецца студэнтам з сем’яў, даход якіх ніжэйшы за 25 тысяч фунтаў стэрлінгаў у год.
Ініцыятыва ўрада дапаможа сэканоміць каля 2 мільярдаў фунтаў за тры гады або менш, калі частка стыпендый будзе перакладзена ў крэдыты на навучанне або захавана для асобных катэгорый навучэнцаў.