Вялікабрытанія: студэнты прадказалі, як высокія тэхналогіі заб’юць рамантыку спатканняў

- 10:56Паралелі

Студэнты бізнес-школы Імперскага каледжа Лондана ўявілі, як у 2040 годзе будуць праходзіць спатканні і наколькі зменіцца працэс пошуку спадарожніцы/спадарожніка жыцця.

Развіццё навукі і тэхналогій мяняе кожны аспект нашага жыцця. Рамантычныя адносіны выключэннем не з’яўляюцца. А калі прагнозы студэнтаў Імперскага каледжа спраўдзяцца, то рамантычнага ў іх практычна нічога не застанецца. Па іх разліках, важную ролю ў гэтым адыграе віртуальная рэальнасць, партатыўныя дэвайсы, біятэхналогіі і машыннае навучанне.
У дакладзе гаворыцца, што праз 25 гадоў хуткасць перадачы даных узрасце настолькі, што ў віртуальнай рэальнасці можна будзе ўзнаўляць пахі, смакі або перадаваць тактыльныя адчуванні. Іншымі словамі, на спатканні можна будзе хадзіць, не пакідаючы ўласнага дома. Пры гэтым падчас віртуальнай сустрэчы можна будзе адчуць пах духоў або адчуць дотык. Тэхналогія дазволіць праводзіць такія сустрэчы, калі яе ўдзельнікі знаходзяцца на розных канцах Зямлі.
Удасканаленне тэхналогій расшыфроўкі ДНК не адаб’ецца на тым, як будуць праходзіць спатканні ў 2040 годдзе, аднак гэта можа спрыяць спрашчэнню працэсу пошуку падыходячага партнёра. Таму ж паслужаць і шматлікія гаджэты, якія вывучаюць паводзіны чалавека. Каб апісаць сябе, не абавязкова будзе карыстацца словамі — хопіць даных аб мадэлі паводзін, складзеных партатыўным дэвайсам. Звычкі, рэакцыі, любімыя месцы, хобі — усё гэта будзе сабрана разам, а прылады накшталт “разумных” кантактных лінз дазволяць вызначаць у натоўпе падыходзячага чалавека. Такім чынам, выпадак перастане адыгрываць першасную ролю ў знаёмствах, а спадарожнікі будуць выбірацца на аснове старанна сабранай аб’ектыўнай інфармацыі.
Нарэшце, брытанскія студэнты лічаць, што сваю ролю адыграюць і больш дасканалыя тэхналогіі машыннага навучання. Паколькі хуткасць апрацоўкі даных істотна ўзрасце, людзі на спатканнях змогуць атрымліваць падказкі ў рэжыме рэальнага часу. Напрыклад, пра тое, ці добра была ўспрынята выбраная тэма гутаркі або лінія паводзін. Гэта дапаможа не толькі людзям у пошуку, але і парам, якія змогуць дакладна вызначаць праблемныя зоны зносін. Яны нават будуць атрымліваць рэкамендацыі наконт аптымальнага часу, калі варта ўзяць шлюб або завесці дзіця.
“Гэты даклад быў складзены светлымі галовамі будучыні і выявіў тое, што мы ўжо бачым у індустрыі знаёмстваў: людзі хочуць знаходзіць сабе ідэальную пару самым простым і эфектыўным спосабам”, — сказаў менеджар сайта eHarmony (па яго заказе быў складзены даклад), дадаўшы, што да 2040 года 70% пар будуць сыходзіцца дзякуючы інтэрнэту.